Дэбютны раман «Свінні» журналіста Аляксандра Чарнухі быў напісаны на расійскай мове, але сёлета выйшаў па-беларуску — у перакладзе пісьменніка Алеся Плоткі. З прэзентацыяй беларускамоўнага выдання Аляксандр выправіўся ў турнэ па Еўропе. Першай кропкай стала Познань — далей будуць Літва, Латвія, Грузія, Нямеччына, Бельгія, Данія, Нідэрланды. Сустрэліся з Аляксандрам Чарнухам у Познані ды паразмаўлялі пра складнасці перакладу на беларускую, а таксама пра тое, ці мог бы быць у кнізе хэпі-энд і як змагацца з «рускім мірам» у галовах ва ўмовах беларусіх рэалій.
Журналіст Аляксандр Чарнуха
«Свінні» — сатырычны раман пра тое, што адбывалася ў Беларусі ў 2020 годзе і пра тое, што адбываецца цяпер. Напісанне кнігі стала для мяне своеасаблівай тэрапіяй — я працаваў журналістам па 20 гадзін, бачыў пратэсты на ўласныя вочы — было невыносна. Хацелася гаварыць, але існавала небяспека падставіць калег і блізкіх. У мяне не было плана, як не было і ўцямнай лінейнай фабулы. Я здзейсніў падарожжа ў адзін бок з кастрычніка 2020-га па красавік 2021-га — «набыў квіток» і паехаў, куды вочы глядзяць. Пакуль пісаў, адбываліся розныя падзеі, давалі прастору для новых сюжэтаў. Спачатку здавалася: усё, што я напісаў — выключна мае фантазіі. Але з цягам часу стала зразумела: у кнізе цесна пераплецены прыдуманыя і непрыдуманыя гісторыі, фікшн і нон-фікшн», — разважае Аляксандр Чарнуха.
Падзеі ў кнізе адбываюцца вакол райцэнтра Груздзева — у вёсцы Качанава раптоўна пачынаюць паміраць свінні. У беларускай традыцыі свіння — сакральная жывёла: калі ёсць кабанчык, то ўжо жывеш, моцна стаіш на нагах. Мясцовыя жыхары занепакоены, а ўлады кажуць, што эпідэміі не існуе — гэта выдумка, нарэшце усё будзе добра, дый без свінні можна жыць. Падзеі прыводзяць да дэстабілізацыі абстаноўкі ў раёне.
«Негледзячы на абставіны, не хацелася рабіць кнігу змрочнай, сумнай, — кажа Аляксандр. — Лічу, што смех — наша зброя, тое, што дапамагае жыць у складаных умовах, робіць нас мацнейшымі. Калі смяешся, персанажы робяцца ўжо не такімі вялікімі, не такімі сур’ёзнымі, якімі хочуць выглядаць. Яны разумеюць, што губляюць уладу, калі людзям становіцца смешна».
— Год таму вы напісалі «Свінні» на расейскай мове, каб падкрэсліць, як рускі мір праглынае Беларусь. Чаму вырашылі зрабіць пераклад на беларускую?
— Першапачаткова хацелася, каб кніга выйшла адразу на дзвюх мовах — каб быў выбар, як зручней чытаць. Перакладам заняўся беларускі пісьменнік Алесь Плотка — але ён у той час жыў у Кіеве, праца замарудзілася, толькі праз год пасля выхаду кнігі па-расійску мы здолелі яе здзейсніць. Гэта не проста пераклад — Алесь, прачытаўшы кнігу, па-свойму яе пераасэнсаваў, вызначыў, як яна мусіць выглядаць па-беларуску.
Быў такі нюанс. Чыноўнікі не размаўляюць на беларускай мове — рабіць іх лепшымі, чым яны ёсць на самай справе, было б няшчыра. У кнізе шмат канцылярызмаў, не ўласцівых для беларускай мовы — складана перакладаць канструкцыі, якія здароваму чалавеку ў галаву ніколі не прыйдуць. Было няпроста, але ў Алеся атрымалася: у беларускай версіі персанажы пачалі размаўляць на трасянцы, прычым, кожны на сваёй, бо ўніфікаванай трасянкі не існуе. За кошт гэтага атрымалася пакінуць у кнізе шмат цікавостах і пасхалак.
Аляксандр Чарнуха чытае ўрывак з рамана «Свінні»
— Калі чытаеш кнігу, падаецца, што большасць персанажаў існуюць насамрэч. Як атрымалася перадаць рэчаіснасць? Працавалі ў дзяржаўнай установе, ці гэта жыццёвыя назіранні?
— Па размеркаванні два гады працаваў у рэспубліканскай «Народнай газеце». Цікава, што да 2020 года ў яе быў слоган «Жыве Беларусь!». Потым яго прыбралі. У рэдакцыі такіх персанажаў было багата — у кнізе для іх таксама ёсць пасхалкі, магчыма, хтосьці з іх сябе пазнае.
Аднойчы галоўны рэдактар выпраўляў на «Славянскі базар» журналіста і даў яму рэдакцыйнае заданне: «Калі атрымаецца, вазьміце інтэрв’ю ў Марка Шагала». Гэта ўсё, што трэба ведаць пра ўзровень адукацыі большасці тых, хто працуе ў такіх установах. Я б не здзівіўся, каб інтэрв’ю сапраўды атрымалася. Калі б чалавек прывёз яго са спірытычнага сеанса з Маркам Шагалам, яму б сказалі: «Во, з крэатывам падышоў!».
Шмат такіх чыноўнікаў пабачыў, калі працаваў у «Анлайнеры». Мяне затрымлівалі на дзесяць гадзін падчас разгрому TUT.BY — таксама атрымаў цікавы антрапалагічны досвед.
— Кнігу прызналі экстрэмісцкай?
— Не, яна не прызнана экстрэмісцкай. Мне падаецца, што, калі чыноўнік адкрые кнігу, ён скажа: «Нармальна, усё правільна напісаў — пра нас». Для іх звычайная рэч — вар’яцець ад уласнай важнасці. Хаця кажуць, што экстрэмізм — гэта знак якасці тваёй працы.
Дыялог з чытачамі
— Ці ёсць у кнізе станоўчыя героі?
— Мне падаецца, што не. «Свінні» — вельмі непрыемны сусвет, хацелася б, каб чалавек максімальна паглыбіўся ў яго і зразумеў — ніколі зноў.
— У кнізе ўсё скончылася сумна. А ці мог у яе быць хэпі-энд?
— Я не люблю хэпі-энды, таму што яны не прымушаюць нас думаць, рэфлексаваць. Хэпі-энд — гэта калі ты, прачытаўшы кнігу, закрыў яе з думкамі: «Добра, што ўсё шчасліва скончылася, я пайшоў далей». Калі ёсць шматкроп’е ці сумная кропка, мусіш падумаць, чаму так адбылося, што можна зрабіць, каб такога больш не здарылася. Гэта важнае пытанне, якое кожнаму з нас варта задаць сабе.
— Ці ёсць у думках напісаць кнігу, у якой будзе не проста адлюстраванне цяперашняй беларускай рэчаіснасці?
— Ёсць пасляслоўе да «Свінняў» — апавяданне «Рука»: пра тое, як адкапалі мёртвага чыноўніка і паставілі яго перад людзьмі казаць прамову. Яно напісана ў жанры некрасатыры — мне падаецца, што я ўжо адыходжу ад рэальнага ў бок нерэальнага. Гэта не зусім фантасмагорыя, а хутчэй мікс з містычнага рэалізму. Скончана яшчэ адно апавяданне — яго нікому пакуль не паказваў. Не вельмі б хацеў акрэсліваць пісьменніцкія планы — калі нешта паабяцаў, абавязаны выканаць. З маім тэмпам гэта не заўсёды рэальна.
— Як думаеце, што можна рабіць, каб змагацца з «рускім мірам» у галовах? Ці магчыма гэта рабіць цяпер у Беларусі ва ўмовах рэчаіснасці «Свіней»?
Варта будаваць свой кантэкст, менш жыць у расійскіх наратывах. Разумею, што гэта гучыць ідэалагічна, але калі будзем ствараць штосьці сапраўды цікавае па-беларуску, а не сілкавацца тым, што нам даюць адтуль, апынемся самастойнымі, у нас будуць свае сваркі, свае спрэчкі, свае героі і антыгероі.
Таццяна Краўчанка, фота аўтаркі, budzma.org
Чытайце яшчэ: Аляксандр Чарнуха: Дарогі культуры і Мінкультуры ідуць у розных кірунках, было б страшна, каб яны супадалі