Амаль кожны беларус ведае, што такое смажанка, і хоць раз у жыцці яе каштаваў. Знаёмства з беларускім фаст-фудам адбываецца яшчэ ў школьнай сталовай, і гэты смак запамінаецца на ўсё жыццё. Прыгатуем разам два самых распаўсюджаных віды смажанкі.
«Беларуская піца» з 1970-х
Ужо шмат год у беларускіх сталовых смажанка з’яўляецца ледзь не прадметам культу, але як з’явілася тая самая «беларуская піца»? З’явілася смажанка на пачатку 1970-х гадоў як паўсядзённы фаст-фуд сталовых навучальных установаў і прывакзальных буфетаў. Спачатку смажанка выглядала і мела зусім іншы смак — гэта быў тоўсты дранік з начыненнем зверху. Такі ласунак не карыстаўся папулярнасцю, і хтосьці вырашыў замяніць бульбяную аснову на дражджавую булачку. Менавіта такі варыянт смажанкі існуе ўжо паўстагоддзя.
Такія смажанкі спачатку гатавалі толькі з мясным фаршам, пазней начынку пачалі рабіць з доктарскай каўбасы, дадавалі салёны або марынаваны агурок і пасыпалі сырам. З часам пачалі начыняць сыравяленай каўбасой або грыбамі.
Пасля таго, як смажанкі сталі шырока папулярнымі сярод беларусаў, страва адправілася падарожнічаць па сталовых краін-суседак, у першую чаргу ўва Украіну і Расію. Сёння за межамі Беларусі смажанку называюць часта «беларускай піцай».
Як прыгатаваць смажанкі?
Каб смажанка атрымалася смачнай, варта падрыхтаваць правільнае цеста для асновы. У посуд уліць ваду і малако ў аднолькавых прапорцыях, убіць туды яйка, дадаць алею, па лыжцы цукра і солі, увесці дрожджы (можна выкарыстоўваць і сухія). Добра вымешаць, каб дрожджы разышліся ў вадкасці. Паступова ўводзіць прасеяную муку, пастаянна мяшаючы, пакуль маса не пераўтворыцца ў цеста. Яно мусіць яшчэ ўзысці, таму пакідаем цеста прыкладна на 2 гадзіны ў цёплым месцы, посуд варта накрыць рушніком.
Для смажанкі начыненне можа быць якім заўгодна, можаце дадаваць усё, што вам смакуе. Смажанкі ёсць не толькі з мясным начыненнем, але і з яйкам, з рыбай, з грыбамі і нават з гароднінай. Калі не ўжываеце мяса, абсмажце парэзаную капусту, моркву і цыбулю — такое начыненне таксама смачнае.
Мы зробім два самых папулярных варыянты — з «доктарскай» і сыра-вяленай каўбасой. Каўбасу «доктарскую» пацерці на тарцы, салёны ці марынаваны агурок парэзаць кружочкамі, каўбасу сыра-вяленую — на кружочкі, цыбулю парэзаць паўкольцамі і замарынаваць, каб выйшла горыч. Парэзаную цыбулю ўсыпаць у міску, усыпаць крыху цукру, дадаць лыжку воцату і заліць гарачай вадой (не кіпнем!) і пратаўчы злёгку цыбулю. Праз гадзіну цыбуля прымарынуецца.
Чытайце яшчэ: «Дзярун-бургер» — альтэрнатыва «біг-маку», або Кулінарны эксперымент ад «Будзьма!»
Калі цеста дайшло — пачынаем фарміраваць асновы для смажанак. Перад пачаткам працы з цестам паверхню пасыпаем мукой, каб пазбегнуць прыліпання. Цеста сфармаваць у даўгаватую форму і падзяліць на парцыйныя аднолькавыя кавалкі. З кавалка цеста вылепліваем круглую аснову з невялічкімі борцікамі. Асновы выкладваем на процівень, засцелены кулінарнай паперай для выпечкі.
Аснову змазаць таматнай пастай, выкласці «доктарскую» каўбасу, наверх — агурок. У іншым варыянце смажанкі спачатку выкладваем цыбулю, потым — сыра-вяленую каўбасу. Пасыпаем натаркаваным сырам, борцікі змазваем жаўтком. Выпякаем смажанкі ў духоўцы пры тэмпературы 180 градусаў прыкладна 20 хвілін.
Смачна есці!
Нам спатрэбяцца для цеста:
Мука — 350 грамаў
Вада і малако — па 200 мілілітраў
Дрожджы — 20 грамаў (сухіх 1,5 чайнай лыжкі)
Раслінны алей — 2 чайныя лыжкі
Цукар — 1,5 чайнай лыжкі
Соль — 1 чайнай лыжкі
Адно яйка
Для начынення:
Каўбаса — па 200 грамаў
Агурок і цыбуля — па 100 грамаў
Сыр — 200 грамаў
Таматная паста — 6 чайных лыжак