Піянеры беларускай дзіцячай перыёдыкі

Сёлета ў снежні споўнілася 90 гадоў легендарнаму часопісу для дзяцей “Бярозка”.

Першы нумар часопіса “Беларускі піянер” (менавіта так першапачаткова называлася “Бярозка”) пабачыў свет у снежні 1924 года. Гэтаму папярэднічала доўгая і цяжкая праца па стварэнні першага дзіцячага часопіса на беларускай мове.

Да 1924 года дзіцячай перыёдыкі ў Беларусі амаль не было. Можна згадаць хіба што часопіс “Зоркі” пад рэдакцыяй Змітрака Бядулі, які выходзіў непрацяглы час у 1921–1922 гадах. А між іншым, яшчэ ў лютым 1921 г. на другой сесіі ЦВК БССР пастанавілі, што для вырашэння праблемаў нацыянальнай адукацыі трэба пачаць падрыхтоўку неабходных педагагічных кадраў і запачаткаваць выданне беларускамоўнага дзіцячага часопіса. Акрамя гэтага, маладой дзяржаве, аточанай колам “ворагаў Рэвалюцыі”, неабходна было выхоўваць моладзь у правільным кірунку. Не трэба таксама забываць, што з ліпеня 1924 года, калі ўрад БССР надаў беларусізацыі статус дзяржаўнай палітыкі, прыярытэтным кірункам стала выхаванне маладых беларусаў. Найлепш дамагчыся пастаўленых мэтаў можна было праз добра аформленае і падрыхтаванае друкаванае выданне.

Першы сакратар часопіса Алесь Якімовіч так згадваў пачатак свайго працоўнага шляху: “У канцы 1924 года ЦК камсамола прызначыў мяне як маладнякоўца-камсамольца сакратаром першага нашага піянерскага часопіса “Беларускі піянер”. Рэдактарам часопіса быў Уладзімір Дубоўка, якога выклікалі для гэтай работы з Масквы. На жаль, пасля выхаду першых нумароў ён зноў вярнуўся ў Маскву… Ніхто, між іншым, і не падумаў, што я яшчэ вучуся і ніякай рэдактарскай падрыхтоўкі і практыкі не маю. Нялёгка было мне. Помню, прыслаў вучань кароценькае апавяданне “Пятачок”. Добрае апавяданне, толькі з граматычнымі памылкамі. Памылкі я выправіў і апавяданне надрукаваў за подпісам вучня. Потым выявілася, што гэта вядомае хрэстаматыйнае апавяданне Л. Талстога “Пятачок згубіў…” Давялося мне засесці за падручнікі, перачытаць хрэстаматыі Л. Талстога, сачыць за піянерскім друкам, каб другі раз не трапіць у няёмкае становішча”.

Малады сакратар, які фактычна выконваў функцыі і рэдактара, з імпэтам узяўся за справу. Найперш яму трэба было сабраць больш-менш сталы аўтарскі калектыў, без якога выхад цікавага і змястоўнага часопіса быў бы немажлівы. Каб часопіс добра разыходзіўся сярод моладзі, Алесь Якімовіч вырашыў запрасіць да супрацы не толькі вядомых літаратараў, але і тых, хто піша ў стол, а таксама саміх дзяцей, сярод якіх, безумоўна, знойдуцца ахвочыя расказаць пра сваё жыццё.

Дзякуючы Алесю Якімовічу шырокаму колу чытачоў стаў вядомы просты выкладчык гісторыі і геаграфіі ў адной са сталічных гімназій Іван Міхайлавіч Фёдараў, гістарычная аповесць якога “Чалавек ідзе” ўпершыню з’явілася ў лістападаўскім нумары за 1926 год пад псеўданімам Янка Маўр.

Акрамя Янкі Маўра на старонках часопіса “Беларускі піянер” з’яўляліся творы ўжо вядомых аўтараў: Якуба Коласа, Уладзіміра Дубоўкі, Змітрака Бядулі, Міхася Зарэцкага, Паўлюка Труса, Кандрата Крапівы, Тодара Кляшторнага, Міхася Чарота ды іншых, а таксама было адкрытае не адно вядомае цяпер літаратурнае імя.

Над афармленнем часопіса працавалі знаныя мастакі: Раман Семашкевіч, Анатоль Тычына, Міхась Філіповіч, Яфім Тарас. Быў сярод тых, хто ствараў для часопіса вокладкі, і вядомы фінскі мастак Аляксандр Ахола-Вало, мінскі перыяд жыцця якога прыпаў акурат на гады выхаду “Беларускага піянера”. Цяпер у яго музеі ў Хямеэнліне, што ў Фінляндыі, захоўваюцца каляровыя вокладкі з далёкай Беларусі.

 

Часопіс быў рэвалюцыйным ва ўсіх сэнсах. Фактычна на яго старонках ствараўся цэлы новы свет маладой Беларусі са сваімі песнямі, гімнамі, вершамі, жартамі, апавяданнямі, каштоўнасцямі. Дзяцей вучылі не проста любіць Радзіму, але быць беларусамі без шэрых штампаў і кваснага патрыятызму.

Акрамя лірыкі часопіс меў і практычны складнік: у кожным нумары быў раздзел “Што чытаць”, у якім старэйшыя таварышы раілі моладзі цікавыя кнігі, якія сапраўды варта было прачытаць. У выданні можна было сустрэць матэрыялы кшталту “Як самому зрабіць радыёпрыёмнік”. Дзяўчатам даваліся парады, як сваімі рукамі сшыць сабе прыгожую сукенку ці зрабіць рамонт адзення і абутку самастойна.

Супрацоўнікі рэдакцыі падышлі да справы крэатыўна, таму на старонках часопіса дзеці самі пісалі пра сваё жыццё, знаёміліся, ліставаліся адно з адным. Фактычна гэта была сацыяльная сетка дваццатых гадоў. Можна было даведацца пра становішча сваіх аднагодкаў за мяжой з адмысловай рубрыкі “Нашы браты ва ўсім свеце”, асабліва пра жыццё ў Заходняй Беларусі.

Але жыццё часопіса не было такім бясхмарным, як можа падацца на першы погляд. У 1929 годзе, у межах барацьбы з так званым беларускім нацыянал-дэмакратызмам, часопіс быў перайменаваны ў “Іскры Ільіча”. Зразумела, што змены адбіліся не толькі на назве, але і на афармленні, змесце, канцэпцыі і матэрыялах. Часопіс страчвае ранейшую папулярнасць. У 30-я, як вядома, многія з яго аўтараў трапілі пад малаткі сталінскіх рэпрэсій, таму і крэатывіць не было каму.

У вайну выданне “Іскраў Ільіча” па зразумелых прычынах спынілася. У 1945 годзе часопіс перайменавалі ў “Бярозку”, выхад якой як самастойнага выдання спыніўся ў 2012 годзе. Апошнія гады часопіс выходзіў дадаткам да старэйшай “Маладосці”. Вельмі сімвалічна, што выданне самастойнай “Бярозкі” было адноўленае на 90-гадовы юбілей часопіса, пілотны нумар якога з’явіўся ўжо ў жніўні.

Дагэтуль цяжка пераацаніць той велізарны ўнёсак у скарбонку беларускай літаратуры, які быў зроблены часопісам “Беларусі піянер”. Нават цяпер, для літаратараў ХХІ стагоддзя, гэта сапраўдная інструкцыя па карыстанні – як трэба рабіць сапраўды цікавы часопіс. Хочацца верыць, што традыцыі гэтага выдання будуць яшчэ доўга жыць у часопісах-нашчадках.

Канстанцін Касяк