Сучасны свет адыходзіць ад неабходнасці сябе ідэнтыфікаваць. Людзі сёння дзеля гэтага ўжо не так актыўна ўступаюць у палітычныя партыі, грамадскія рухі – часам ім дастаткова проста выказацца ў сацыяльнай сетцы. Згодна з рознымі даследаваннямі, беларусы ведаюць пра незалежныя грамадскія арганізацыі на мяжы статыстычнай хібнасці. У Беларусі каля 3000 грамадскіх арганізацый – гэта прыблізна як у адной Харкаўскай вобласці Украіны. Пераважаюць спартыўныя і дабрачынныя арганізацыі, у некаторых раёнах грамадскіх арганізацый няма наогул. У Беларусі па індэксе ўстойлівасці грамадзянскай супольнасці традыцыйна адзін з найгоршых паказчыкаў. НДА працуюць у неспрыяльных рамкавых умовах – гэта складаныя ўмовы фінансавання, адсутнасць даверу паміж бізнесам і НДА, слабае самакіраванне.
Як грамадскім арганізацыям эфектыўна працаваць у такіх умовах, знаходзіць агульную мову з аўдыторыяй і разумецца з уладамі?
Пра гэта вялася гутарка падчас прэс-клуба “Грамадзянская супольнасць у Беларусі: асаблівасці супрацоўніцтва з уладамі”, які адбыўся 2 сакавіка ў Цэнтры гарадскога жыцця Гродна і сабраў мясцовых актывістаў, прадстаўнікоў НДА і СМІ.
Такія мерапрыемствы, арганізаваныя кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і Цэнтрам даследавання грамадскага кіравання SYMPA, адбываюцца па ўсёй Беларусі. Прыводзім самае цікавае з таго, што мы пачулі ў Гродне.
Таццяна Кузіна, экспертка ў галіне партысіпатыўнага кіравання, прадставіла вынікі сацыялагічнага даследавання аб грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, якое паказвае ўзаемаадносіны грамадства, уладаў і трэцяга сектару. Даследаванне праводзілася ў 2017–2018 гадах, у ім удзельнічалі 1063 рэспандэнты ад 18 гадоў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і чыноўнікі.
Каму давяраюць беларусы і чаму? 10 тэзаў
1. Беларусы перасталі быць сацыялістамі, пачалі больш спадзявацца на сябе, а не чакаць чагосьці ад дзяржавы.
63% беларусаў лічаць, што людзі самі адказваюць за свой дабрабыт. Гэтыя людзі – індывідуалісты, яны больш актыўныя, бо бяруць адказнасць на сябе. 25% рэспандэнтаў лічаць, што за іх дабрабыт адказвае ўрад, дзяржава. Гэта патэрналісты – яны спадзяюцца на дзяржаву, менш праяўляюць грамадскую актыўнасць. Цікава, што раней, у 2008 годзе, была адваротная сітуацыя: большасць апытаных спадзявалася на дзяржаву. За 10 гадоў адбыўся разварот да індывідуалізму, а значыць, назіраецца падвышэнне ўзроўню грамадзянскай актыўнасці.
Гродзенская вобласць значна больш індывідуалістычная (76%), у параўнанні, напрыклад, з Брэсцкай ці вельмі патэрналісцкай Віцебскай. Таму Гарадзеншчына знаходзіцца ў больш спрыяльных умовах з пункту гледжання ўстановак грамадзян.
2. У беларусаў досыць крытычнае стаўленне да ўладаў. Так, 70% беларусаў альбо самі крытыкавалі, альбо чулі ад блізкіх крытыку ўлады. Асноўная прычына звязаная з падзеннем узроўню жыцця ў краіне. Мясцовай уладзе давяраюць толькі 33% беларусаў.
Каля 65% беларусаў лічаць, што органы ўладаў даюць недастаткова інфармацыі аб сваёй працы.
Тройка даверу, якая не змяняецца досыць працяглы час: прэзідэнт, царква і войска. У мясцовых уладаў найменшы ўзровень даверу і найбольшы – негатыўнага стаўлення.
Кепская навіна для НДА: у беларусаў да грамадскіх арганізацый яшчэ меншы ўзровень даверу, чым да мясцовых уладаў. Гэта выклікана недастатковай інфармаванасцю аб дзейнасці трэцяга сектару. Вельмі нізкі працэнт людзей ведае, што такое НДА, чым яны адрозніваюцца ад гонга-арганізацый, якія маюць большы ўзровень даверу грамадства, бо пра іх больш ведаюць. Шмат рэспандэнтаў проста не ведалі, як адказаць на пытанне, бо ў іх няма сфармуляванага меркавання. Гарадзенцы на гэтым фоне вылучаюцца: яны больш ведаюць пра грамадскія арганізацыі, больш крытычна настроеныя да гонга.
3.Варта рабіць большы фокус на эканамічны чыннік ва ўзаемадзеянні з мэтавай аўдыторыяй. Але гэта не значыць, што НДА павінныя змяняць сваю місію і мэту.
Грамадскія арганізацыі акрамя сваёй павесткі павінныя арыентавацца на тое, што хвалюе звычайных людзей, расказваць, як грамадская дзейнасць можа паўплываць на іх дабрабыт. А хвалюе людзей падзенне ўзроўню жыцця, праблемы ЖКГ, нізкія пенсіі і заробкі, рост цэнаў, дэкрэт аб “дармаедах”. Менавіта за гэта беларусы больш за ўсё крытыкуюць улады.
4. Персаналізацыя: людзі больш давяраюць канкрэтным асобам, якія прадстаўляюць пэўныя арганізацыі, чым самім гэтым арганізацыям. Калі вы плануеце сваю інфармацыйную кампанію, важна, каб ад імя арганізацыі гаварылі канкрэтныя людзі, якія распавядалі б свае гісторыі. Варта рабіць стаўку на людзей, казаць ад сябе – гэта эфектыўней, калі заваёўваеш давер аўдыторыі.
Калі выбудоўваць камунікацыю з чыноўнікамі, трэба, наадварот, максімальна хаваць асобу і на першы план выстаўляць інстытут. Увогуле, з чыноўнікамі трэба размаўляць на іншай, зразумелай ім мове, паказваючы вартасць супрацы з трэцім сектарам – на мове мерапрыемстваў, дзяржаўных праграм, эканамічных выгод. Мы па-рознаму разумеем, каму і навошта патрэбнае гэтае супрацоўніцтва, у чым яно можа праяўляцца.
“Узаемадзеянне заканчваецца дазволам на мерапрыемства”. Як грамадскія арганізацыі супрацоўнічаюць з мясцовымі ўладамі
5. Роля НДА ў грамадстве. Большасць людзей лічыць, што НДА не прыносіць ні карысці, ні шкоды, іх дзейнасць незаўважная. Насельніцтва не разумее неабходнасці НДА праз нізкую інфармаванасць.
6. Хто павінен удзельнічаць у вырашэнні праблем? Большасць людзей перакананая, што ў распрацоўцы варыянтаў вырашэння праблем павінныя ўдзельнічаць дзяржаўныя органы, улады. Шырокі ўдзел грамадства менш папулярны.
Насельніцтва лічыць грамадскі ўдзел у прыняцці рашэнняў, тыя ж грамадскія слуханні, эфектыўным, але ў той жа час не гатовыя самі ўдзельнічаць у гэтым працэсе, лічачы яго занадта энергазатратным і складаным. Таму НДА можа быць пасярэднікам паміж грамадствам і ўладамі ў працэсе выбудоўвання правіл гульні, нарошчваць свае кампетэнцыі і экспертнасць.
7. Чым, на думку грамадства, павінныя займацца НДА? На першым месцы – разам з уладамі вырашаць сацыяльныя праблемы, рэалізуючы сумесныя сацыяльна значныя праграмы і праекты. На другім месцы – абарона правоў грамадзян. А вось ажыццяўляць кантроль над уладай з мэтай выяўлення памылак і злоўжыванняў ва упраўленні – зусім не папулярная думка. Таму медыя павінныя расказваць людзям, што роля грамадзянскай супольнасці таксама і ў гэтым – ажыццяўляць кантроль над уладамі.
8. Супраца з уладамі: грамадскія арганізацыі лічаць, што сітуацыя ў гэтым рэчышчы палепшылася, але не сістэмна. Прадстаўнікі ўлады лічаць, што ўсё і так добра. Улады кажуць пра НДА ў модусе памочніка, але ніколі – у модусе партнёраў і раўнапраўных калег.
Назіраецца такі трэнд: мясцовыя ўлады разглядаюць грамадскія арганізацыі як сэрвіс па напісанні праектаў і знаходжанні рэсурсаў. І ўжо самім НДА варта вырашаць, ці станавіцца ім такім “сэрвісам”, а калі станавіцца, то на якіх умовах.
9. Як зааангажаваць людзей да ўдзелу ў грамадскай дзейнасці: яны павінныя разумець і падзяляць каштоўнасці НДА – а пра гэта трэба дакладна, зразумела і гучна казаць. Другая матывацыя – грамадская дзейнасць нейкім чынам вырашае праблемы людзей. Яшчэ адным матыватарам могуць быць цікавыя самі па сабе праекты.
Такім чынам, НДА павінныя дакладна і зразумела тлумачыць, хто яны такія, што і для чаго робяць.
10. Ствараць грамадскі ціск з дапамогай петыцый, зваротаў. Бо сярод чыноўнікаў таксама могуць быць людзі, зацікаўленыя ў вырашэнні вашай праблемы, яны могуць вас падтрымаць, але ім неабходна мець інструменты – доказы, паперы, што гэтая праблема сапраўды важная і турбуе грамадства.
“НДА трэба больш інфармаваць пра сябе, быць зразумелымі і цікавымі аўдыторыі. Трэба разумець, што патрэбна людзям, і даваць гэта ў рамках сваёй павесткі. Напрыклад, курсы “Мова Нанова” змаглі стварыць модны моладзевы імідж, і да іх пацягнуліся тыя, каму гэта цікава.
Пры паступленні ў амерыканскія ўніверсітэты трэба пазначаць, сябрам якіх грамадскіх арганізацый ты з’яўляешся, якую грамадскую дзейнасць вядзеш. І гэта гуляе ў плюс патэнцыйнаму студэнту. У нас жа грамадскі сектар прыраўнялі да апазіцыйнага, таму стаўленне да актывізму іншае. Але з гэтым таксама трэба працаваць, змяняць гэтае стаўленне як дзяржавы, так і самога грамадства”, – падкрэсліла Таццяна Кузіна.
Мясцовае самаразвіццё ў Беларусі: сітуацыя сумная, але не крытычная
Грамадскім арганізацыям пастаянна даводзіцца даказваць чыноўнікам, што супрацоўніцтва з НДА карыснае, патрэбнае і ўладам таксама. Чыноўнікі ж часта лічаць, што калі яны проста дадуць нейкую інфармацыю, то гэта ўжо дастатковая супраца. Насамрэч гэта толькі першая прыступка да пачатку дыялогу. Тое, што НДА могуць быць інструментам вырашэння праблемы, часта нават не прыходзіць у галаву чыноўнікам, бо ў іх іншае мысленне, перакананы Алег Сівагракаў, эксперт па ўстойлівым развіцці.
“У немцаў ёсць показка: рабі добрую справу і кажы пра гэта. У беларусаў жа больш папулярна “будзь хітрым – маўчы” і “хавайся ў бульбу”. НДА трэба забыць пра сціпласць і не баяцца дэманстраваць свае поспехі”, – кажа эксперт.
Па яго словах, у Беларусі самымі ўплывовымі структурамі для мясцовага развіцця лічацца прэзідэнт, яго адміністрацыя, урад, і толькі ў канцы спісу – звычайныя людзі і грамадскія арганізацыі. Але такі падыход няправільны.
“Вядомыя эксперты па мясцовым развіцці кажуць пра тое, што мусіць быць наадварот: на першым месцы чалавек, які можа аб’ядноўвацца з іншымі ў суполкі, пасля – мясцовы бізнес і грамадскія арганізацыі. У прэзідэнта і яго адміністрацыі павінныя быць іншыя функцыі, не рэгіянальнага развіцця”, – адзначыў Алег Сівагракаў, падкрэсліўшы набалелую праблему слабага мясцовага самакіравання і размеркавання бюджэтных рэсурсаў у краіне.
“Сусветнай тэндэнцыяй мясцовага развіцця з’яўляецца дэцэнтралізацыя. Недахоп правоў у звычайных грамадзян для ўдзелу ў прыняцці рашэнняў тармазіць устойлівае развіццё, бо людзі тады пасіўныя, ведаюць, што ні на што не ўплываюць”, – кажа эксперт.
5 парадаў па развіцці грамадскага ўдзелу з пункту гледжання стратэгіі ўстойлівага развіцця:
1. Выкарыстоўваць патэнцыял мясцовых дэпутатаў.
2. Актыўна супрацоўнічаць са СМІ.
3. Дабівацца зменаў у заканадаўстве, каб даць магчымасць людзям самім размяркоўваць рэсурсы, а мясцоваму бізнесу – зарабіць.
4. Бараніць сваю самабытнасць. Разнастайнасць – важны складнік устойлівага развіцця.
5. Галоўнае – гэта людзі, якім сапраўды цікава, НДА можа дапамагчы сабраць аднадумцаў і рэалізаваць нейкую справу.
Супраца з НДА і ўладамі: погляд медыя
Галоўны рэдактар гарадзенскага партала H**dna.li*e Аляксей Шота падчас прэс-клуба распавёў, якім чынам могуць супрацоўнічаць медыя і НДА, а таксама як СМІ могуць узаемадзейнічаць з уладамі і рэалізоўваць сумесныя праекты.
У якасці паспяховага прыкладу супрацы медыя з чыноўнікамі ён прывёў з’яўленне ў цэнтры Гродна шыльдаў з гістарычнымі назвамі вуліц, а таксама пляцоўкі для выгулу сабак на Вішняўцы.
“Пытанне таго, каб у цэнтры горада з’явіліся шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц, уздымалася і раней, але паспяхова вырашылася дзякуючы H**dna.l**e. Чаму? Па-першае, раней гэта выглядала як накіраванне ўладам індывідуальных зваротаў гісторыкаў і краязнаўцаў, пра якія ніхто акрамя іх саміх і вузкага кола не чуў. Таму чыноўнікі іх проста адфутбольвалі. Цяпер з’явіліся зручныя платформы, як Petitions.by i Zvarot.by. Мы зрабілі электронную петыцыю для збору подпісаў, якую цэлы месяц усяляк прасоўвалі. Мы сабралі калі тысячы подпісаў, плюс правялі моцную інфармацыйную кампанію, і ўлады адказалі станоўча. Праўда, наш дызайн шыльдаў не ўзялі, зрабілі па-свойму.
Яшчэ адзін паспяховы прыклад – пляцоўка для выгулу сабак, што з’явілася ў гарадзенскім райне Вішнявец. Да гэтага было дзве пляцоўкі, на 370-тысячны горад гэта нішто. Мы таксама правялі моцную інфармацыйную кампанію, паразмаўлялі з людзьмі, якія маглі быць зацікаўленыя ў такой пляцоўцы – а гэта не толькі самі сабакаўладальнікі. З гэтай ідэяй выступілі ў першым сезоне шоў “Горад”. У выніку чыноўнікі, ЖКГ пайшлі насустрач і ўсяляк з намі супрацоўнічалі ў рэалізацыі гэтага праекта.
У плане паляпшэння дыялогу з уладамі на руку гуляе ўвядзенне бязвізавага рэжыму ў Гродне і ўстаноўка чыноўнікаў на развіццё турызму”, – распавёў Аляксей Шота.
5 тэзаў пра супрацу медыя, грамадскіх арганізацый і ўладаў:
1. Што рабіць, каб медыя больш пісалі пра грамадскія арганізацыі? Трэба, каб грамадскія арганізацыі звярталіся ў медыя. Вельмі часта не хапае камунікацыі з боку саміх НДА. І медыя будуць ахвотней пісаць пра канкрэтных людзей і іх гісторыі, а не абстрактнае НДА ці ініцыятыву. Медыя патрэбныя героі. Няма героя – няма гісторыі. Няма гісторыі – няма журналістыкі. Людзі чытаюць пра людзей, а не структуры. Трэба паказваць праблему праз канкрэтных герояў.
Усе лакальныя медыя падобныя тым, што жывяцца на трагедыі і жахах, бо гэта дае трафік. Мы ж імкнёмся захоўваць баланс з пазітыўнымі гісторыямі пра грамадска-канструктыўную дзейнасць. У нас вечны недахоп грамадскіх тэмаў, таму прыходзьце са сваімі гісторыямі і расказвайце, мы гатовыя пісаць.
2. Нашае выданне прасоўвае некаторыя тэмы, каб яны былі ўвесь час у фокусе ўвагі. Напрыклад, забудова Гродна. У горадзе практычна няма сацыяльнаарыентаваных СМІ, хто мог бы ўздымаць такія пытанні і трымаць руку на пульсе. Нашы прапановы па гэтых праблемах прымаюцца да ўвагі, але ўлады ніколі не прызнаюцца, што робяць гэта, таму што пачыталі ў нас. Гэта даволі часты прыклад супрацоўніцтва з дзяржавай: ты можаш нешта вельмі доўга прапаноўваць, але цябе нібыта не чуюць, а пасля раптам чыноўнікам у галаву прыходзіць “геніяльная ідэя” – твая, але ніхто ў гэтым не прызнаецца. На гэта бессэнсоўна і не варта крыўдаваць, нешта даказваць, галоўнае, што пытанне вырашанае станоўча.
3. Праблему можна перыядычна паўтараць у СМІ, бо ў шквале інфармацыі аўдыторыя хутка забывае, пра што пішуць журналісты.
4. Медыя патрэбны сёння добры візуал і інтэрактыў, таму варта ўсе грамадска-значныя тэмы прасоўваць менавіта з дапамогай візуальных фішак.
5. Мы часта скардзімся, што не хапае дыялогу з уладай, нас ігнаруюць, але часам не хапае дыялогу і ў межах грамадскай супольнасці.
“Мы не проста пішам і чагосьці патрабуем, але і самі актыўна ўдзельнічаем у вырашэнні праблем”: як НДА працаваць з уладамі
Каб стаць моцнай і ўплывовай грамадскай арганізацыяй, да якой прыслухоўваюцца, патрэбна прыкласці шмат высілкаў і часу, і праца над гэтым складаецца з многіх чыннікаў, распавяла падчас прэс-клуба кіраўніца “ВелаГродна” Юлія Каляда.
“Арганізацыі “ВелаГродна” афіцыйна 5 гадоў, але першыя нашыя паходы па выканкамах, ДАІ і іншых структурах пачаліся яшчэ ў 2009 годзе. Гэта былі 10 гадоў цярпення ў працы з рознымі структурамі, спадзяванняў і гатоўнасці да малых крокаў, разваг над новымі стратэгіямі і пошукаў новых людзей для супрацы”, – распавяла Юлія Каляда.
Сёння “ВелаГродна” ўваходзіць у склад грамадскіх саветаў – напрыклад, экалагічнага каардынацыйнага савета пры Камітэце прыродных рэсурсаў, па турызме пры гарвыканкаме. Арганізацыя стала ініцыятарам стварэння савета па развіцці веларуху.
“Для таго, каб з’явіўся савет па развіцці веларуху, нам спатрэбілася некалькі гадоў. Магчыма, на гэта пазітыўна паўплываў агульны трэнд на развіццё веларуху, а таксама імкненне ўладаў да развіцця турызму ў нашым рэгіёне. Таксама шмат залежыць ад складу выканкама. З тым складам што ёсць цяпер, можна размаўляць і дамаўляцца”, – адзначыла экспертка.
Частка працы заключаецца ў тым, каб пісаць лісты ў розныя інстанцыі і структуры па пытаннях інфраструктуры горада – ад імя арганізацыі і сябе асабіста. Трэба пастаянна звяртацца да ўладаў з прапановамі, і не адзін раз, а столькі, колькі патрабуе сітуацыя.
“Пры гэтым трэба думаць, каму і што пісаць. Часцей за ўсё пішу лісты ў выканкам. Але часам пішу і ў міністэрствы. Ёсць праблемы розных узроўняў, і трэба ведаць і разумець, у якія органы звяртацца, каб іх вырашаць. Не звярнуцца горш, чым звярнуцца і атрымаць адмову. Чыноўнікі павінныя ведаць, што думаюць людзі, што ёсць праблемы, і мы на іх звяртаем увагу. Мы як НДА павінныя выказвацца пра гэта. Разам з тым варта не забываць пра этыку і культуру камунікацыі з чыноўнікамі. Тады і лісты, звароты ўспрымаюцца пазітыўней, і праблема вырашаецца хутчэй”, – распавяла Юлія Каляда.
Па яе словах, трэба звыкнуцца з думкай, што на ўсё патрэбны пэўны час, усведамляць, што нешта можна вырашыць хутка, штосьці праз паўгода, а то і праз год ці нават больш.
“Калі вырашыць праблему не атрымліваецца, варта памяняць стратэгію. Мы 5 гадоў атрымлівалі адказы ад чыноўнікаў, што ў іх ні на што няма грошай. Тады памянялі стратэгію, пачалі разбіваць праблемы – “дзяліць слана” і ўдзельнічаць у яго “паяданні”, то бок актыўна ўдзельнічаць у вырашэнні пытанняў, якія ў нашай кампетэнцыі. Адзін з поспехаў нашай арганізацыі ў тым, што мы не проста пішам і чагосьці патрабуем, але і самі актыўна нешта робім. Мы можам, напрыклад, правесці інфраструктурны аналіз, скласці спіс бардзюраў, якія трэба занізіць, і г.д.”, – сказала Юлія Каляда.
На пачатак 2019 года дзякуючы грамадскім арганізацыям сталі больш даступныя грамадскія абмеркаванні на ўзроўні горада і краіны. Юлія выказалася за індывідуалізацыю – абуджэнне персанальнай актыўнасці, каб людзі больш актыўна ўдзельнічалі ў такіх абмеркаваннях, разумелі, што могуць на нешта ўплываць, нават не лічачы сябе чальцамі грамадскай арганізацыі.
“НДА павінныя разумець, для чаго ім патрэбныя людзі. Ці гэта чальцы арганізацыі, якія будуць плаціць унёскі і такім чынам падтрымліваць фінансавую ўстойлівасць. Ці гэта валанцёры, якія будуць працаваць з мэтавымі аўдыторыямі арганізацыі. Ці НДА патрэбныя эксперты. Ад гэтага залежыць стратэгія па працы ў людзьмі, ангажавання ў дзейнасць грамадскага сектару”, – рэзюмавала экспертка.
Вольга Корсун