Аляксей Гайдукевіч піша на budzma. by пра пластыкавыя адкіды, бескантрольнае выкарыстанне якіх можа прывесці ў будучыні да сапраўднай экалагічнай катастрофы ў нашай краіне.
Напярэдадні Радаўніцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя распаўсюдзіла зварот да наведвальнікаў могілак:
«Пластыкавыя кветкі на могілках — гэта сапраўдная экалагічная бяда! На разлажэнне аднаго букета можа сысці не адно стагоддзе».
Такога кшталту інфармацыйныя акцыі Мінпрыроды адбываюцца штогод. Нямала грошай выдаткоўваецца на гэтыя рэкламныя кампаніі. Чыноўнікі распрацоўваюць праграмы, сугучныя з сусветнымі трэндамі па скарачэнні выкарыстання пластыкавай тары, шырока асвятляюцца захады па змяншэнні ўжывання пластыку і іншых шкодных рэчаваў. У сакавіку 2019 года была прынятая дырэктыва № 7 «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны», дзе вядзецца пра паэтапную замену поліэтыленавых пакункаў экалагічна бяспечнымі. Напрыклад, са шкла і паперы.
Але ў той жа час у Мінпрыроды звяртаюць увагу:
«Мы сутыкнуліся з той праблемай, што за апошнія некалькі гадоў значна павялічыліся аб’ёмы ўвозу такіх адкідаў», — паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адкідамі біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Сазонава 27 лютага 2020 года на прэс-канферэнцыі, прысвечанай праблемам экалагічнасці пакункаў для тавараў.
Чыноўніца адзначыла, што Мінпрыроды разам з МЗС распрацоўваюць прапановы па неабходнасці скарачэння ўвозу пластыкавых адкідаў.
Незразумелая стратэгія
Улады намагаюцца весці інфармацыйныя кампаніі пра шкоднасць пластыку і іншых адкідаў (што, безумоўна, рабіць неабходна), распрацоўваць праграмы па скарачэнні ўжывання небяспечных для экалогіі рэчываў, але разам з тым канстатуюць фактычна бескантрольнае павелічэнне шкоднага імпарту.
Таму складваецца ўражанне, што чыноўнікам не стае сістэмнага падыходу пры адпрацоўцы асобных праектаў, якія не зведзеныя ў адзіную стратэгію па змяненні структуры спажывання і перапрацоўкі пластыку.
На той жа прэс-канферэнцыі паведамілі пра выхад на фініш абмеркавання ўвядзення дэпазітнай сістэмы, якая дапаможа сабраць 1,8 мільярда адзінак шкляной, пластыкавай і металічнай упакоўкі. Ужо нават быў усталяваны тарамат (аўтаматычны пункт па прыёме пластыкавых і алюмініевых бутэлек і слоікаў) у адной з буйных крамаў у Мінску
За здадзеную тару карыстальнікі атрымліваюць купоны на зніжку ў сетцы крамаў да 3%.
Ініцыятыва, безумоўна, вартая ўвагі. Але ці будзе працяг, сістэмнасць?
У Беларусі магутнасці заводаў, што перапрацоўваюць смецце, у чатыры разы меншыя за колькасць адкідаў пластыку. Такім чынам, шмат шкодных рэчываў папросту хаваецца ў зямлі на палігонах каля нашых гарадоў.
Існуе некалькі канцэпцый і падыходаў да зніжэння шкоды прыродзе. Але яны маюць адну агульную ўстаноўку — не толькі павялічваць магчымасці прадпрыемстваў па перапрацоўцы пластыку, але і зніжаць яго выкарыстанне пры вытворчасці і спажыванні.
Таму на сённяшні момант «пластыкавая праблема» — гэта не толькі экалагічны выклік для будучых пакаленняў у нашай краіне і на планеце агулам, але і палітычнае выпрабаванне для незалежнасці Беларусі і іншых краін як дзяржаваў.
Неабходна не толькі кантраляваць, перапрацоўваць, імкнуцца ўмерана спажываць/ствараць шкодныя адкіды, але і не стаць палігонамі для смецця з іншых краін, навучыць супольнасць і грамадства ашчадна спажываць прыродны аванс.
Варта зірнуць на прыклад Літвы, з усімі станоўчымі і адмоўнымі момантамі. Дзе кампаніі, якія займаюцца перапрацоўкай, прадаюць адстартаванае смецце ў Нямеччыну. Тым самым змяншаючы колькасць «шкодных палігонаў».
У суседзяў можна павучыцца буйнамаштабнай кампаніі па ўцягванні грамадзян і супольнасці ў экалагічныя праекты. У 1000 буйных крамаў у Літве працуюць аўтаматы па прыёме некалькіх відаў тары. Пры набыцці тавару ў бутэльках з пластыку ці алюмінію кожны спажывец плаціць 10 еўрацэнтаў залогавага кошту. Пасля здачы тары аўтамат выдае чэк, які можна абмяняць на грошы ў кожнай краме з усталяваным тараматам ці разлічыцца ім пры чарговай пакупцы.
Такім чынам кожны спажывец прывучаецца да культуры беражлівага абароту пластыку і алюмінію. Па інфармацыі на сайце кампаніі, якая займаецца абаротам тары, да 87% літоўцаў карыстаюцца сістэмай.
Літва, якая і з’яўляецца лідарам па перапрацоўцы пластыку ў ЕС, імкнецца з кожным годам змяншаць адкіды ў навакольнае асяроддзе.Але да немцаў літоўцам яшчэ далёка. Нямеччына трымае першынство ў свеце па поўным цыкле абароту смецця. І нават абышла Швецыю, якая ганарыцца тым, што перапрацоўвае ўсё сваё смецце. Але некаторыя навукоўцы і эколагі не падзяляюць шведскага аптымізму. Лічыцца, што атрыманне энергіі ад спальвання смецця (што шырока практыкуюць у Швецыі) не з’яўляецца элементам поўнага цыклу абароту і супярэчыць канцэпцыі змяншэння шкоды для наваколля.
Карупцыйны складнік
Здаецца, што сістэмна Беларусь ідзе не шляхам змяншэння ўжывання, збору і звароту, а ў іншым кірунку.
У мінулым годзе быў ухвалены праект па будаўніцтве завода па перапрацоўцы адкідаў у RDF-брыкеты. Далей іх запланавана выкарыстоўваць пры вытворчасці цэменту, металаў, у сістэмах ацяплення, спальваючы на высокіх тэмпературах. Абмяркоўваецца будаўніцтва такога ж прадпрыемства пад Гроднам.
Але эколагі ва ўсім свеце разглядаюць тэхналогію атрымання энергіі са смецця не зусім чыстай. Лічыцца, што некаторыя шкодныя фракцыі такім чынам трапляюць у паветра і забруджваюць экасістэмы.
Прыклад балгарскага цэментнага завода каля Варны па выкарыстанні тэхналогіі спальвання адкідаў для ўтылізацыі шкоднага смецця вельмі красамоўны. Як даведаліся балгарскія журналісты, мясцовыя вытворцы будаўнічых матэрыялаў з парушэннем працэсу спальвалі імпартаванае смецце з Заходняй Еўропы. А сябра грамадскага назіральнага цэнтра Варны ў журналісцкім матэрыяле паведаміў:
«Адкіды імпартаваліся па шэрых схемах, легалізоўваліся, а потым утылізаваліся з парушэннем тэхналогіі, што наносіла шкоду наваколлю».
На думку грамадскіх актывістаў Варны, большасць такіх тэхналогій па ўтылізацыі адкідаў створаная менавіта для надання законнасці вывазу смецця з заможных краін на еўрапейскую перыферыю. Улады зусім не цікавіць паляпшэнне экалагічнай абстаноўкі, толькі карупцыйныя схемы і заробак на іх.
«А яркія рэкламныя кампаніі, разлічаныя на сумленне грамадзянаў, — добры фон для шэрых схем», — дадаюць балгарскія эколагі.
Ці варта спадзявацца, што заклікі беларускага Мінпрыроды не забруджваць могілкі на Радаўніцу пластыкавымі кветкамі, праграмы па змяншэнні выкарыстання пластыку ва ўпакоўках тавараў, усталяваны тарамат у мінскай краме — не проста фон?
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!