Кіраўнік праекта «„Васьміног“: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра» Аляксей Канстанцінаў кажа, што старт ініцыятывы — гэта «адна з цаглінак у магчымы ў будучыні паўнавартасны адукацыйны беларускі будынак».
Афіцыйна праект «Васьміног» стартуе 12 студзеня. У дзень запуску Аляксей Канстанцінаў распавёў Budzma.org пра сутнасць праекта, каманда якога складаецца з высокакласных спецыялістаў адукацыйнай сферы.
— Па-першае, праект не ствараецца з нуля, не на пустым месцы ён паўстае — праект ёсць спадчыннікам шматлікіх адукацыйных праектаў, якія рэалізоўваліся пэўны час, яшчэ да 2020 года і пасля яго, і якія працягваюць адказваць на рост запытаў у сектары адукацыі. У гэтым сэнсе, «Васьміног» — пэўны працяг паслядоўных дзеянняў. Напрыклад, у 2021-2022 гадах існаваў праект «Беларуская адукацыя на шляху пераменаў», які займаўся даследаваннем і падрыхтоўкай аналітычных матэрыялаў адносна рэформы сістэмы адукацыі. Наш праект «Васьміног» якраз працягвае вось гэты накірунак і пашырае накірунак, звязаны з канцэптуалізацыяй і аналітычнымі матэрыяламі адносна рэфармавання сістэмы беларускай адукацыі. Прадстаўнікі сектару беларускай адукацыі апынуліся пасля 2020 года ў даволі складанай сітуацыі, і праект «Васьміног» лічыць таксама адной са сваіх задач дапамогу ў некаторых асабліва балючых месцах.
— На якую аўдыторыю разлічаны праект?
— Фактычна, падзел ёсць: ёсць людзі, якія застаюцца і жывуць у Беларусі, працуюць у сферы адукацыі ў Беларусі, а ёсць людзі, каторыя вымушана пакінулі краіну. Мы ў межах праекта «Васьміног» маем намер дапамагаць у роўнай ступені абедзвюм мэтавым групам.
— Што маецца на ўвазе?
— Напрыклад, у межах праекта мы ставім адной з мэтаў стварэнне лічбавай платформы, лічбавай інфраструктуры, каб размясціць на ёй курсы, матэрыялы ў першую чаргу для дзіцячага, школьнага сегменту. У тым ліку дзеля таго, каб настаўнікі і педагогі, якія былі звольненыя, рэпрэсаваныя, часта вымушана пакінулі краіну, маглі б працягнуць сваю дзейнасць праз гэтую платформу. І пры гэтым людзі, што застаюцца ў Беларусі, людзі, якія маюць дзяцей школьнага ўзросту, якія зараз аказаліся ў сітуацыі, калі ўся прыватная адукацыя была татальна ліквідаваная, маюць запыт на альтэрнатыўны дзяржаўнай школе варыянт. Яны хацелі б захаваць для сваіх дзяцей доступ да матэрыялаў, што тычацца беларускай мовы, літаратуры, гісторыі, культуры ўвогуле, да беларусацэнтрычных матэрыялаў. І мы збіраемся падаць на платформе доступ для тых, хто гэтага жадае. Жадае займацца ў вольны ад дзяржаўнай школы час, ці, можа быць, замест яе, ці ўвогуле вядзецца пра змяшаную мадэль адукацыі.
— Можна казаць пра стварэнне беларускай лічбавай мадэлі адукацыі?
— Не, пакуль не, гэта яшчэ не лічбавая беларуская школа. Глядзіце, Беларусь, як звычайна, трапляе ў вельмі нестандартную сітуацыю. За час пандэміі ў нас не было створана ніякай паўнавартаснай дыстанцыйнай платформы адукацыі. Беларуская дзяржава ў асобе Міністэрства адукацыі ўсяляк адкідвала, забараняла, не ухваляла адукацыйныя прапановы анлайн, і сама дзяржава не прапанавала ніякай такой платформы. Ну так, ёсць пэўны набор матэрыялаў, якімі прапануецца карыстацца ў сеціве, але не больш за тое. У гэтым плане ў нас вялікі прабел адносна сучасных лічбавых альбо гібрыдных форм адукацыі. З іншага боку, увесь свет, як бачым, рухаецца ў бок лічбавізацыі ці гібрыдызацыі адукацыйных мадэляў, якія, у тым ліку, дапамагаюць трымаць на належным узроўні адукацыйны працэс падчас форс-мажораў кшталту пандэміі каронавірусу, вайны ці эміграцыі.
У гэтым плане мы і хочам закласці адну з цаглінак у магчымы ў будучыні паўнавартасны адукацыйны будынак. Мы хочам зрабіць першы крок у гэтым напрамку і стварыць мінімальнае ядро, у першую чаргу арыентаванае на школьны сегмент. І стварыць на гэтым ядры, на гэтай частцы платформы курсы для школьнікаў, якія ў Беларусі, але і для тых, якія зараз у нацыянальных дзяржавах, дзе няма сістэмнай адукацыі на беларускай мове, якія вучацца на нямецкай, польскай, грузінскай і г.д.
Мы ведаем, што ёсць вялікі запыт на магчымасць вучыцца, стасавацца на роднай мове, запыт на захаванне ідэнтычнасці. Калі ў нас атрымаецца на пачатковым этапе, то будзем нарошчваць аб’ём курсаў і паступова пераходзіць ад, умоўна кажучы, нефармальнай і дадатковай адукацыі да асноўнай. То бок будуць курсы не толькі па гуманітарных дысцыплінах, але і па хіміі, фізіцы, біялогіі і г.д.
— Хто ў камандзе «Васьмінога»?
— Гэта вядомыя педагогі, спецыялісты, навукоўцы, выкладчыкі. Плюс мы разлічваем абаперціся на вядомы і паспяховы міжнародны досвед. Мы ўпершыню аказаліся ў сітуацыі, калі беларускае Міністэрства адукацыі перастала быць бар’ерам і органам, які забараняе. І мы паспрабуем развярнуць сучасныя інавацыйныя фарматы для беларускіх дзяцей і студэнтаў.
— Ці могуць вашымі напрацоўкамі карыстацца настаўнікі ў Беларусі?
— Мы на іх вельмі разлічваем, бо ў Беларусі застаецца асноўны масіў настаўнікаў і дзяцей — уся краіна не выедзе. Пры гэтым мы разумеем увесь аб’ём рызыкі на гэтым шляху. Як мінімум, нашымі матэрыяламі можна будзе карыстацца ўсім. Ці могуць скарыстоўваць на ўроках? Тут пытанне... Ну, можна карыстацца ў рэжыме падрыхтоўкі да сваіх урокаў, часткова ўключаць нашы напрацоўкі ў свае педагагічныя працы. Мы б гэтага вельмі хацелі і спадзяёмся, што настаўнікі ў Беларусі не абмінуць нашу платформу.
Мяне непакоіць сітуацыя з беларускай адукацыяй у Беларусі. Мне падаецца, што наўрад ці будзе перабольшваннем, калі я назаву гэта катастрофай. Адукацыя, здаецца, скончылася, а пачалася нейкая ідэалагічная дзейнасць. І ў гэтым сэнсе выглядае сітуацыя катастрафічна.
Бо свет разумее, што самая вялікая каштоўнасць — гэта чалавечы капітал. І лепшае, што з ім можна зрабіць, гэта ўкладацца ў яго адукацыю. Зараз у Беларусі гэтага няма, адпаведна, мы губляем на наступных кроках вялізны патэнцыял развіцця краіны. Ну, і потым ад гэтага ідзе цэлае разгалінаванне праблем. З гэтым прыйдзецца потым вельмі шмат працаваць дзеля выпраўлення сітуацыі.
Чытайце яшчэ:
Павел Церашковіч: «У першую чаргу сённяшняя беларуская школа павінна выхоўваць толькі адну кампетэнцыю — гэта паслухмянасць»
Рыгор Сапежынскі, budzma.org
У калажы выкарыстаны фотаздымак Таццяны Зяньковіч