Не хакеем адзіным, альбо Калі плаванне стане абавязковай дысцыплінай у школе?

27.02.2020 Маё права

Існуе меркаванне, што людзі ўмеюць плаваць ад нараджэння. Але гэты навык страчваецца праз адсутнасць сталай практыкі. Таму пазней чалавеку неабходна пачынаць усё з самага пачатку, прыкладаючы пры гэтым значныя намаганні. І гэтыя намаганні безумоўна таго вартыя.

Асабіста я навучыўся плаваць недзе ў дзесяцігадовым узросце. Навучыўся самастойна, добра напіўшыся пры гэтым не вельмі смачнай сажалкавай вады. У нашай вясковай школе не было басейна, таму такім самым чынам вучылася плаваць большасць маіх аднагодкаў. За ўсе мае школьныя гады ў нашай мясцовасці патанула каля дзясятка чалавек. Аднойчы за адно лета патанулі чацвёра – трое дарослых (і ўсе пасля ўжывання алкаголю) і адно дзіця – мой аднакласнік. Ён, дарэчы, не ўмеў плаваць.

Штогод у свеце гіне ў вадзе каля 370 тысяч чалавек, траціна з іх – дзеці. У Беларусі карціна крыху лепшая – сярод патанулых дзяцей прыблізна 9-10%. І штогод гэтая лічба змяншаецца. Прычынай паляпшэння сітуацыі можа быць рост папулярнасці заняткаў плаваннем – абанементы ў сталічныя басейны распрадаюцца цягам некалькіх гадзін, а чэргі па іх займаюцца ледзьве не за суткі. Іншай прычынай можа быць і тое, што ў апошнія гады гарадскія дзеці пачалі значна радзей ездзіць у вёску да бабуль-дзядуль, а значыць, зменшылася і колькасць трагедый на рэчках і азёрах.

Разам з тым з кожным годам расце колькасць дарослых, якія не ўмеюць плаваць. Апошняя акалічнасць абсалютна не замінае людзям ехаць летам з малымі дзецьмі на рэчку ці возера, дзе далёка не заўсёды працуюць ратавальнікі…

У некаторых краінах свету навучанне плаванню ўключанае ў школьную праграму. Па гэтай дысцыпліне здаюцца экзамены з абавязковымі пераздачамі ў выпадку нездавальняючых вынікаў. Прывяду некалькі прыкладаў.

12ef29216ff6852ccd0693467886b9e136757130.jpeg

У ЗША ўсе дзеці ў пачатковай школе вучацца плаваць. Абавязковая праграма прадугледжвае 36 гадзін заняткаў. Дадатковыя заняткі ці індывідуальныя трэніроўкі ўжо платныя.

У школах Францыі таксама надаюць вялікую ўвагу заняткам плаваннем. Наведваць басейн французскія школьнікі пачынаюць з малодшых класаў.

У Швецыі плаванне ўключанае ў школьную праграму. Заняткі праводзяцца цягам усяго навучання ў школе. У 6 класе вучні здаюць абавязковы экзамен па плаванні – вучань павінен праплыць 200 метраў любым стылем, але 50 м на спіне.

У Нарвегіі палова гадзін, адведзеных на заняткі фізкультурай, – урокі плавання.

У Нідэрландах дзеці пачынаюць вучыцца плаваць ужо з чатырохгадовага ўзросту. Па выніках курсу яны атрымліваюць дыпломы трох ступеняў – А, В і С. А-ўзровень абавязковы для ўсіх. Ён прадугледжвае здольнасць праплыць больш за 100 м простым стылем (“жабкай”) у купальным касцюме. В- і С-узроўні прадугледжваюць здольнасць пераадолець тую ж дыстанцыю адным са спартыўных стыляў і дадатковыя выпрабаванні ў выглядзе пераадолення невялікай дыстанцыі ў звычайнай вопратцы ці абутку, а таксама ў верхняй вопратцы – куртка, паліто, здольнасць самастойна выбрацца з вады ў вопратцы.

Нашыя ўсходнія суседзі таксама пераймаюць сусветны вопыт. У Расіі летась стартавала эксперыментальная праграма па ўсеагульным навучанні плаванню школьнікаў Ульянаўскай вобласці. Бясплатны курс навучання прадугледжвае 36 гадзін заняткаў. Улады бяруць на сябе таксама расходы на дастаўку дзяцей з вясковых школ у райцэнтры і Ульянаўск. Таксама плануецца будаўніцтва новых муніцыпальных басейнаў. Вопыт рэгіёна плануюць пераймаць у астатніх абласцях.

У краінах, дзе плаванне з’яўляецца абавязковай дысцыплінай у школах, заняткі ў басейне – гэта не проста заняткі спортам. Уменне плаваць там лічыцца жыццёва неабходным навыкам. Як сведчыць статыстыка, у краінах, дзе дзяцей у школе вучаць плаваць, трагічных здарэнняў на вадзе значна менш, чым там, дзе навучанне дзяцей плаванню –асабісты клопат бацькоў. Варта разумець, што той, хто ўмее плаваць, у выпадку чаго можа і сам выратавацца, і выратаваць жыццё іншаму.

s1200.jpg

А як выглядае сітуацыя ў нас?

На сёння ў Беларусі працуе 1000 басейнаў. З іх прыстасаваных для паўнавартасных заняткаў плаваннем – стандартных – толькі 278. Рэшта – гэта міні-басейны ва ўстановах дашкольнага выхавання. У Мінску працуе каля 240 басейнаў, з іх толькі каля 40 стандартных. Бясплатнае навучанне плаванню даступнае далёка не ўсім ахвочым. Плаванне не з’яўляецца абавязковай навучальнай дысцыплінай у беларускіх школах – праз адсутнасць басейнаў у вясковых школах і ў некаторых гарадах дзецям проста няма дзе вучыцца плаваць. У вялікіх гарадах і сталіцы сітуацыя крыху лепшая. Тым не менш штогадовы ажыятаж падчас продажу сезонных абанементаў сведчыць пра тое, што далёка не заўсёды задавальняецца попыт нават на платнае навучанне. Не кажучы ўжо пра ўсеагульныя абавязковыя бясплатныя заняткі.

Чытайце таксама: Як звязаныя між сабою спорт і правы дзяцей?

Чыноўнікі ад спорту каторы год абяцаюць забяспечыць бясплатны доступ да басейнаў усім ахвочым. Колькі гадоў таму ў Брылевічах пад Мінскам быў пабудаваны новы басейн па тыпавым праекце. Плануецца, што такія самыя басейны ў хуткім часе з’явяцца ва ўсіх раёнах сталіцы. Такія планы можна толькі вітаць. Але тэмпы іх рэалізацыі, ды і агульная колькасць ужо наяўных басейнаў, дазваляюць нам пакуль толькі пазайздросціць жыхарам Швецыі ці Нідэрландаў.

Вядома, можна спаслацца на розныя фінансавыя кандыцыі тых жа Нідэрландаў і Беларусі. Але ёсць адно “але”. У свой час Нідэрланды адмовіліся ад правядзення ў сябе ІІ Еўрапейскіх гульняў. Там палічылі, што “найважнейшая спартыўная падзея Еўропы” можа банальна не акупіцца. Беларусі арганізацыя і правядзенне гульняў каштавала 840 мільёнаў рублёў (і гэта пакуль не канчатковая сума). Будаўніцтва новага басейна “Дружба” ў Брылевічах абышлося бюджэту прыблізна ў 2 млн рублёў. Можаце самастойна палічыць, колькі можна было пабудаваць басейнаў за бюджэт ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Паўлюк Печанько, budzma.org



Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!