Беларусь у 2010-м і ў 2020-м. Усё было зусім па-іншаму? Сёлета круглая гадавіна «Плошчы-2010». Святкаваць асабліва няма чаго. Хутчэй прыгадаць, параўнаць, задумацца. Зразумела, для ўладаў і пратэсты 2010-га, і пратэсты 2020-га — з аднаго балота чэрці. Хіба маштабы розныя. А для нас?
Сумна, што дагэтуль ніхто так і не прааналізаваў падзеі 2010-га на халодны розум: грунтоўна, з сацыялогіяй і вынікамі. Прынамсі, аўтар пра такое даследаванне ніколі не чуў.
Пратэсты 10-гадовай даўніны ў рэтраспектыве — гэта хутчэй эмацыйная памяць, фота, відэа, статыстыка па судовых прысудах, першыя палосы папяровых газет, якія тады яшчэ выходзілі і нават чыталіся.
Зробім хаця б спробу кароткага аналізу. Што было тады і што маем цяпер?
Колькі людзей выйшла?
2010. Увечары 19 снежня 2010-га калона пратэстоўцаў расцягнулася ад Кастрычніцкай плошчы да Дома ўрада. Пасля пратэстоўцы занялі ўсю плошчу Незалежнасці. Колькасць ацэньвалася у раёне 30-50 тысяч. І гэта было «ваў!». Як цяпер кажуць, неверагодна!
Іншая рэч, што з такой колькасцю мірна настроеных людзей міліцыя справілася без асаблівых праблемаў: рассеклі, перакрылі, пагналі, затрымалі...
Супрацоўнік КДБ ужо ў «Амерыканцы» пасля мне здзекліва казаў пра 12 тысяч пратэстоўцаў. Колькі было насамрэч? Невядома. Але больш, чым ў 2006-м, і адназначна менш, чым сёлета.
2020. На пікавых момантах, паводле падлікаў СМІ, у Мінску збіралася па 200-250 тысяч чалавек. Такога не было ніколі ў найноўшай гісторыі. Шматлікія фота, у тым ліку з дронаў, кажуць самі за сябе. Таму маніпуляцыі крытыкаў пра нібыта мізэрную колькасць людзей на вуліцах бездапаможныя: застаецца выдумляць, што ўсё гэта «фаташоп».
Такую колькасць людзей разагнаць гвалтам немагчыма — хіба страляць... Нашмат прасцей пачакаць, пакуль людзі, не маючы канкрэтнай мэты, самі разыдуцца. Так сілавікі і рабілі. Дзе трэба — перакрыць вуліцу. Дзе трэба — дэманстраваць прысутнасць. А пасля ўжо «адкусваць» кавалкі натоўпу, які сам разыходзіцца.
Сталіца і рэгіёны
2010. Нельга сказаць, што ў рэгіёнах не было нічога. Найперш праводзіліся сустрэчы з кандыдатамі (а іх было багата!). Іншая рэч — фармат. Самі сустрэчы найчасцей не выходзілі за межы адведзеных памяшканняў. Ды і надвор’е ўпомніце — холадна было.
Пікеты па зборы подпісаў, сцягі і партрэты кандыдатаў падагравалі атмасферу, але не выліваліся ў нешта крытычнае. Людзі найчасцей не ведалі тых кандыдатаў (акрамя, можа, Саннікава і Някляева), а зборшчыкам даводзілася тлумачыць, хто ёсць хто. Чэргі людзей да падпісных сталоў цяжка было ўявіць.
«Фішкай» 2010-га быў акурат збор людзей з усёй краіны ўвечары 19 снежня ў Мінску. Людзі спцыяльна ехалі на Плошчу, да гэтага заклікалі кандыдаты. Такі быў план: усё вырашаецца ў сталіцы. Таму і міліцыя з рэгіёнаў уся была ў Мінску.
2020. Стартам да кампаніі акурат і стаў «дзвіж» у рэгіёнах: кампанія Ціханоўскага з «Краінай для жыцця» была разлічаная найперш на перыферыю з яе праблемамі, не на Мінск. Пасля тэндэнцыя толькі ўмацоўвалася: няважна, жывеш ты ў Глыбокім, у Лунінцы ці ў Гомелі. Быў бы тэлеграм і сацыяльныя сеткі.
Перад выбарамі, падчас і далей, на працягу ўсёй восені, на вуліцу выходзілі жыхары гарадкоў, назваў якіх мы часам нават і не чулі. Гарадкі, у якіх ніколі не было партыйных актываў, мясцовых незалежных журналістаў, структураў НДА. Галоўнае — там быў інтэрнэт.
«Старая» і «новая» апазіцыя
2010. У вялікай ступені гісторыя 2010-га — гэта гісторыя пратэсту людзей, якія ўсё ведалі і ў 2009-м, і ў 2008-м, і раней. Вядома, была кампанія па мабілізацыі, было троху моладзі, для якой гэта быў першы пратэст у жыцці. Але збольшага ўсё трымалася на старых правераных кадрах партыйнай апазіцыі. Нездарма ці не кожная партыя мела кандыдата: БНФ, АГП, БХД...
З пункту гледжання сацыялогіі пратэсты 2010-га былі асуджаныя на няўдачу, як і ў 2006-м. Больш шырокія слаі грамадства нават калі і падтрымлівалі змену ўлады, не гатовыя былі нешта для гэтага зрабіць. Хутчэй лаялі Лукашэнку на кухнях, чыталі «Хартыю» ды чакалі, чым усё скончыцца.
Калі вельмі груба, то 2010-ы быў апошняй спробай менавіта «каляровай рэвалюцыі» з падручнікаў Шарпа. Калі невялікая група людзей спрабуе завесці грамадства і падштурхнуць да масавага выхаду на вуліцы. Спроба, пры якой людзі застаюцца «пластылінам», а вырашаюць усё лідары і партыйныя босы. Спроба, зразумела, няўдалая.
2020. Палітычныя структуры пасля 2010-га былі вынішчаныя — выпаленыя «распаленым жалезам». Пасадкі, разгромы офісаў, ператрусы. На доўгі час палітычнае поле засталося вакантным. Выбары 2015-га прайшлі максімальна ціха акурат у атмасферы вакууму. У пачатку 2020-га, калі «праймерыз» па вылучэнні адзінага кандыдата ад апазіцыі праваліліся, падалося, што на гэтым усё.
Але зоркі сышліся. Бяда з каранавірусам. Вяртанне масы народу, якая працавала за мяжой на заробках. З’яўленне новых лідараў, не абцяжараных паразамі. Крызіс даверу да Лукашэнкі. Урэшце, з’явілася новая буржуазія — заможныя людзі сярэдняга класа, якія захацелі зменаў. І панеслася. На выпаленым полі з’явіліся штабы кандыдатаў, новыя каманды, у якіх атрымалася «завесці» грамадства.
Насуперак логіцы мінулых гадоў, пасля хвалі гвалту ў жніўні 2020-га да пратэсных групаў пачалі далучацца ўсё новыя і новыя людзі, абураныя несправядлівасцю і беззаконнем. У тым ліку лекары, настаўнікі, рабочыя, супрацоўнікі сферы культуры. Упершыню тэма гвалту спрацавала не на карысць рэжыму, а насуперак яму, далучыўшы да пратэсту нават бюджэтнікаў.
Што важна, людзі ўзялі ініцыятыву ў свае рукі: ад пашыву сцягоў да фінансавай узаемадапамогі. І гэты момант акурат ламае сцэнар «каляровай рэвалюцыі» з «печывам ад Дзярждэпа». Людзі самі выдумляюць і робяць, не зважаючы на некага з боку.
Лідары пратэсту
2010. Адзінага лідара тады не было: навучаныя горкім досведам 2006-га, апазіцыянеры пайшлі шырокім фронтам. Кожная партыя ці моцная арганізацыя высоўвала свайго чалавека, актывістаў пераваблівалі з адной каманды ў іншую. Гэта была сапраўдная гонка.
Кожны ішоў за сваім: нехта — каб папіярыць партыю, нехта — каб займець пасля статус «экс-кандыдата ў прэзідэнты», нехта сапраўды верыў у перамогу. Да апошняй катэгорыі, мабыць, належалі ўсяго двое — Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў.
Важна, што ці не кожны лідар меў гісторыю: ідэалогія, кампетэнцыі, пасады, якія некалі займаў. Эканаміст Раманчук, харызматычны народны паэт Някляеў, дыпламат Саннікаў, абаронца нацыянальных каштоўнасцяў Кастусёў, «вулічны баец» і былы вайсковец Статкевіч. Як спектакль з распісанымі ролямі і характарамі.
2020. «Стрэлілі» акурат новыя твары — Ціханоўскі, Цапкала, Бабарыка. Яны і сталі іконамі для вялікіх масаў, дагэтуль не заангажаваных у палітыку. Людзі з гісторыямі поспеху, без вопыту балючых паразаў. Людзі, не абцяжараныя ідэалогіяй. Людзі, якія не ставілі дылемы «Усход ці Захад», «гэты сцяг ці вось гэты» і г.д.
У выніку, як мы ведаем, лідарам нечакана для ўсіх і, магчыма, для самой сябе стала Святлана Ціханоўская. Чалавек, пра якога ніхто не ведаў нічога, але кожны дамалёўваў акурат тое, што хацеў бачыць. Насуперак прагнозам экспертаў, «ноўнэйм» Ціханоўская аказалася ідэальным аб’ектам для народнай любові і даверу.
Зарэгістраваўшы яе як кандыдата, улады, вядома, пралічыліся. Мабыць, разлічвалі на варыянт Караткевіч, але жорстка памыліліся.
Эстэтыка пратэсту і нацыянальная тэма
2010. У кандыдатаў ад пачатку было на ўзбраенні шмат ідэалагічных гісторыяў, шмат сцягоў і нават аўтарскіх вершаў па-беларуску (выпадак Някляева). Ніхто, здаецца, не «грузіўся» пытаннем, пад якім сцягам маюць адбыцца змены — толькі бел-чырвона-белы, толькі Пагоня. Выразнага шлягеру пратэсту не было, калі не лічыць «Сцяга» на словы таго ж Някляева ў выкананні Вайцюшкевіча.
А пасля адбылася цікавая трансфармацыя: роўна праз паўгода пасля «Плошчы-2010» пачаліся пратэсты «Стоп-бензін» і маўклівыя акцыі. Там ужо нацыянальная тэма абыходзілася, прыхоўвалася. Ніякіх сцягоў, Пагоняў, толькі расійская мова. Толькі Цой з «Пераменамі». Цалкам магчыма, што гэта акурат быў вынік аналізу: менш ідэалогіі, больш сацыяльных тэмаў. Так бачыўся сакрэт поспеху.
2020. Тут адбылося дакладна наадварот. Успомніце пачатак кампаніі: Ціханоўскі піярыць сацыяльныя тэмы, Цапкала распавядае пра высокія тэхналогіі, Бабарыка — пра грошы і проста «нармальнае жыццё» для сярэдняга класа. Кандыдатаў рэгулярна «тэсцілі» пытаннямі пра сцяг, мову, «Чый Крым?» і г.д. Ніхто не даваў адназначных адказаў. Плэйліст пратэсту — той жа Цой, што і ў 2011-м, а пасля — першая версія «Муроў» па-расійску.
А пасля адбылося неверагоднае: людзі самастойна вырашылі, якім мае быць іхны сцяг і герб — гэта БЧБ і Пагоня. Калі спачатку нехта яшчэ выходзіў з чырвона-зялёнымі палотнішчамі, то пасля перасталі. Мухі асобна, катлеты асобна. Прычым гэты водападзел вымалявалі самі людзі. Ніхто не спускай такіх дырэктываў «зверху».
Можна канстатаваць, што нацыянальная тэма аказалася людзям блізкай. Спачатку лідары пратэсту лічылі яе спрэчнай, але пралічыліся. Такім чынам, грамадства ў нацыянальным плане за паўгода «перарасло» тых, хто заклікаў да зменаў у першай палове 2020-га.
Гвалт
2010. Выбарчы працэс збольшага выглядаў як карнавал: акцыі, нават у цэнтры сталіцы, ніхто не чапаў. Нават мітынг і шэсце пад лозунгам «Сыходзь!», што прайшло ў лістападзе, за месяц да выбараў, абышлося без затрыманняў. Кандыдатаў і іх каманды, калі не ўлічваць таямнічую гісторыю са смерцю Алега Бябеніна, улады акуратна «давялі пад ручкі» да самага дня выбараў — 19 снежня.
Разгон пратэснай акцыі аказаўся шокам: больш за 600 затрыманых, кандыдаты ў прэзідэнты ў СІЗА КДБ... Усё гэта выглядала як карцінка з іншага жыцця. Карцінка, пасля якой рэжым «не мог выстаяць» — так думалася і марылася тады, той зімою. Сталася па-іншаму: рэпрэсіі збілі градус пратэсту на нуль. Лукашэнка выстаяў. Важна, што масавымі рэпрэсіі былі адно ўвечары 19 снежня ў Мінску. Рэгіёны проста не заўважылі і не запомнілі гэтага дня. Пасля пачаліся кропкавыя меры па актывістах і журналістах. Народ — бюджэтнікі, пенсіянеры, апалітычная публіка — маглі спаць спакойна.
Наступным выбухам было лета 2011-га, калі ўлады адпрацоўвалі новы метад: сілавікі ў спартовых касцюмах без апазнавальных знакаў, бусікі без нумароў. Тады ў іх таксама ўсё атрымалася. Гвалт стаў не самым прыгожым, але эфектыўным адказам на пратэсты.
2020. Гвалт з боку сілавікоў займеў беспрэцэдэнтныя формы, пры гэтым пачаўся задоўга да 9 жніўня. Ніхто не збіраўся весці «пад ручкі» кандыдатаў да дня выбараў. Адзіны разлік сілавікоў, мабыць, быў на тое, што пасля рэпрэсіяў усё «ўстаканіцца»: людзі разбягуцца па дамах і акаўнтах у фэйсбуку.
Стала па-іншаму: турма, катаванні і мора «касманаўтаў» на вуліцах аказаліся каталізатарам пратэсту. Для Беларусі гэта ўнікальная сітуацыя. Людзі пачалі выходзіць, выстаўляць сцягі ў вокнах і збірацца на дваровыя тусоўкі ўжо нават не за свайго лідара пераменаў, а проста за «нармальнасць».
Галоўны брэнд уладаў пра «мірнае неба над галавою» абрынуўся. Сацыяльны кантракт па схеме «мы вам бяспеку, вы нам лаяльнасць» перастаў працаваць. Бо невінаватых не засталося. Кожны беларус — перакананы пратэстовец або дзядуля, які ў нядзелю пайшоў у гіпермаркет па макарону — займеў шанец атрымаць дубінкай у плечы і апынуцца на Акрэсціна. Гвалт усіх зраўняў і склеіў народ у адно цэлае.
«Рука Масквы» і міжнародны фактар
2010. Не раз даводзілася чуць, што еўрапейскія амбасадары вельмі разлічвалі на выбары 2010-га як на паваротны пункт у стасунках з Беларуссю. Калі, маўляў, усё пройдзе мірна — стасункі наладзяцца, а гранты пачнуць атрымліваць не НДА і партыі, а БРСМ ці «Белая Русь». Магчыма, менавіта з гэтай прычыны да 19 снежня нікога і не чапалі. А пасля ўжо сталася тое, што сталася.
Канспіралагічная версія вядзе да таго, што гвалтоўны вынік быў выгадны толькі аднаму гульцу — Маскве. Сапсаваць стасункі Беларусі з Захадам і падштурхнуць у рукі Расіі — ідэальная для яе схема. Заўважым, схема, найменш зручная для Лукашэнкі. Але сталася тое, што сталася.
Пра «руку Масквы» ў 2010-м казалі найперш у дачыненні да Някляева і кампаніі «Гавары праўду». Менавіта «казалі» — бо доказаў, зразумела, ніякіх не было. Адзначым толькі, што менавіта кампанія Уладзіміра Пракопавіча была самай багатай на рэсурсы.
Цікава таксама, што на афіцыйным узроўні расклад быў наступны: ідэалагічная вайна з Масквой трывала акурат перад выбарамі (успомніце блакбастар «Хросны бацька»), а вось пасля выбараў ва ўсім звінавацілі Польшчу, Літву і калектыўны Захад.
2020. Тут, мабыць, розніца ў тым, што пра «маскоўскі след» апазіцыйных кандыдатаў канспіролагі пачалі казаць з самага пачатку. Ціханоўскі, маўляў, меў бізнес у Расіі. Бабарыка — кіраўнік расійскага банка. Цапкала — ледзь не агент Службы знешняй выведкі РФ... Шырокія масы гэта ніякім чынам не чапляла.
А вось улады — чапляла. Успомніце рыторыку кіраўніка дзяржавы яшчэ перад выбарамі і фразу пра «вятры, якія дзьмуць не з таго боку, пра які мы думалі». Думалі — з Захаду, аказалася — не зусім. Выглядае, што пра «руку Масквы» тады думала акурат улада, а не апазіцыянеры ці патэнцыйныя ўдзельнікі пратэсту.
А пасля ўсё памянялася. Канспіролагі змоўклі, бо ўжо не мела значэння, які там бізнес Ціханоўскі меў у РФ і дзе там вучыўся дыпламатыі Цапкала. Важным было беззаконне на вуліцах, гвалт і сам Лукашэнка.
Для ўладаў жа ўсё вярнулася да звыклага дыскурсу: Захад, «крыжовы паход», «лялькаводы», «агенты»... Больш за тое, уяўную «заходнюю інтэрвенцыю» паспрабавалі «прадаць» і ў Расію — маўляў, усё гэта скіраванае не толькі супраць Беларусі, але і супраць саюзнай дзяржавы.
Што ў выніку?
2010. Зіма 2010–2011 расцягнулася надоўга — на гады. Разгромленыя палітычныя структуры, шмат (як тады падавалася) народу за кратамі, дэпрэсія. А яшчэ — разбураныя масты з Захадам, якія доўга давялося аднаўляць.
Адным з вынікаў фрустрацыі стаўся феномен масавай міграцыі. З’язджалі як асобныя актывісты, так і цэлыя штабы кандыдатаў. Улады гэтым цудоўна карысталіся: адсотак нязгодных быў дастаткова невялікі, яго можна было проста выціснуць вонкі. А там хай кажуць, што хочуць.
2020. Вынікі, вядома, падводзіць рана. З таго, што зразумела ўжо сёння: нацыя прачнулася. Палітыка стала справай усіх грамадзянаў, а не вузкага кола зацікаўленых. У «палітыку» і «барацьбу» ўпершыню не трэба зацягваць. Самі ідуць — нікога не пытаючыся.
2020-ы зусім не падобны на 2010-ы. Парадаксальна, але суцэльная цемрадзь і прававы дэфолт не ствараюць у масах прыгнечанага стану, фрустрацыі, шкадаванняў. Людзі хочуць зменаў і — магчыма, упершыню — масава ў іх паверылі.
А яшчэ, што важна, людзі перасталі лічыць усё, што адбываецца побач, «меншым злом», ад якога можна схавацца — у сям’ю, у працу, у хобі. Логіка падзеяў даводзіць, што нельга. У 2010-м апазіцыя прайграла, рэжым перамог. У 2020-м рэжым відавочна прайграў, але гэта не кажа, што перамагла апазіцыя. Зусім хутка — 2021-ы. Будзем спадзявацца, што ў ім пераможа Беларусь.
Алесь Кіркевіч, budzma.by