Ці трэба ісці на Плошчу?

Ціхан Чарнякевіч задаецца на budzma.org пытаннем: а ці ёсць наогул сэнс у Плошчы-2020?


Гэта падобна да кінастужкі, дзе герой у казіно ссоўвае ўсе фішкі ў цэнтр стала, прапануючы антыподу альбо ісці ва-банк, альбо сыходзіць з гульні. Навіны апошніх дзён (зрэшты, нават апошніх некалькіх месяцаў) пераконваюць, што ўлада настойліва падштурхоўвае цяперашнюю каманду адзінага кандыдата пратэсту да Плошчы Адчаю, каб за адзін дзень вырашыць і пытанне з самой Ціханоўскай і яе аб’яднаным штабам, і заадно — праз гвалт — рассеяць і запалохаць асноўную масу, якая сёлета ўпершыню выйшла на мітынгі. Пойдзе кандыдат пратэсту на гэтае падыманне ставак ці не — асноўнае, што цяпер уладу цікавіць, бо ад гэтага залежаць яе далейшыя дзеянні.

Наколькі патрэбная Плошча-2020 наогул — пытанне дастаткова спрэчнае. Для ўладаў Плошча — гэта дзень Х, да якога яны рыхтуюцца ледзь не з самага пачатку выбарчай кампаніі. Фактычна абмінаючы іншыя, тэма плошчы, «майдану», «каляровай рэвалюцыі» цалкам запаўняе дыскурс дзяржаўнай прапаганды, якая спрабуе, як і ў 2015 годзе, апеляваць да руска-ўкраінскай гібрыднай вайны. Прычым сам украінскі «Еўрамайдан», з яго інтэнцыяй да паглыблення еўрапейска-ўкраінскай інтэграцыі, патрабаваннямі падпісаць адкінутае Януковічам Пагадненне аб асацыяцыі з Ееўрасаюзам, у дзяржаўных СМІ Беларусі не згадваецца. Выбіраюцца толькі патрэбныя ім вяршкі, а менавіта — рускі фактар. Такім чынам, пастулат машыны прапаганды палягае ў тым, што жаданне свабоды роўнае імгненнаму прыходу пуцінскіх вайскоўцаў. Карта кампаніі 2015-га, абсалютна ганебнай для грамадзянскай супольнасці і трыумфальнай для дзейнай улады, граецца як джокер, які заўсёды прыносіць перамогу. Джокер гэты падмацоўваецца і гісторыяй з «33-ма багатырамі і дзядзькам Чарнаморам», намёкам на спробу «газпрамаўскага перавароту» з дапамогай рускага алігархату. Як піша «Народная Воля» на нядаўняй сустрэчы давераных асобаў кандыдата Лукашэнкі з творчай інтэлігенцыяй увесь гадзінны выступ кіраўніка КДБ Вакульчыка быў прысвечаны Расіі, якая інспіруе пратэсты вясны-лета 2020 года.

Сімптаматычна, што рускія прапагандысцкія СМІ, паводле нядаўна апублікаванага маніторынгу, наўпрост кажуць адваротнае, а менавіта што пратэсты ў Беларусі інспіраваныя Захадам.

Гэтая звычайная для інфармацыйных аўтакратый практыка — навязваць грамадству міфалагему, што ўсе пратэсты нараджаюцца ад знешняга ворага — крыху не працуе сёлета ў Беларусі. Толькі самыя маргінальныя колы могуць усур’ёз абмяркоўваць, што ўсе гэтыя тысячы і дзясяткі тысяч, якія выходзяць на мітынгі ад Глыбокага да Гомеля і ад Віцебска да Брэста, суздром купленыя Захадам ці Усходам.

Не працуе і «джокер 2015 года».

Бо раптоўна для самога сябе шматгадовы кіраўнік дзяржавы страціў давер сваіх грамадзянаў, якія не вераць ніводнаму ягонаму слову пасля таго, як іх кінулі падчас эпідэміі каранавіруса. Цяпер ён не гарант незалежнасці, не заслона ад пуцінскай Расіі, і трыумфу на выбарах быць не можа. Відавочна, што арышты Бабарыкаў, Ціханоўскага і яго рэгіянальных каардынатараў, крымінальная справа супраць Цапкалы, выкідванне ў сметніцу ў цэлым пад 100 тысяч сабраных подпісаў, нерэгістрацыя грамадзян у выбарчыя камісіі і скарачэнні колькасці назіральнікаў, велізарныя фальсіфікацыі на датэрміновым галасаванні — усё гэта з’яўляецца наступствам разумення, што трыумфу не будзе. І таму была абраная тактыка Піравай перамогі.

Чытайце таксама: Чаго не хапае выбарам?

У сваю чаргу, Святланай Ціханоўскай, якая (праз памылку дзяржслужбоўцаў) скарыстала шанец стаць адзіным кандыдатам пратэсту, была абраная тактыка негвалтоўнага супраціву і патрабавання выканання законных юрыдычных працэдур (асноўныя пастулаты гэтай тактыкі заўважна дубліруюцца з думкамі Віктара Бабарыкі, выказанымі да арышту).

Негвалтоўны супраціў, акрамя таго, што стаў прыцягальным для ладнай часткі апалітычнага грамадства, яўна муляе дзейнай уладзе сваёй незавяршальнасцю і працягласцю ў часе. Ніякай працягласці ўлада бачыць не жадае, і ўся легальнасць кампаніі, на якую яна да пары да часу заплюшчвае вочы — дзеля прывіднай спробы легітымізаваць выбарчы працэс — скончыцца з заканчэннем галасавання. Далей кожны выхад на вуліцу будзе ісці мінімум па 15-суткавым пратаколе.

Відавочна, што пасля столькіх актаў грамадскага самагубства Цэнтрвыбаркама можна спрагназаваць, што людзі выйдуць на вуліцы незалежна ад таго, будзе іх туды клікаць кандыдатка пратэсту ці не.

Відавочна і тое, што абвінавачванне за арганізацыю Плошчы Адчаю імгненна падае на Ціханоўскую і штаб, а далейшыя падзеі ў дачыненні да іх могуць развівацца па сцэнарыі снежня 2010 года.

Але складаючы ўсе яйкі ў адзін кошык, падспудна ўлада праяўляе самае слабае месца. Яна спадзяецца вырашыць усё за адзін дзень. Жорсткім разгонам і арыштамі яна проста давяршае сцэнар Піравай перамогі.

Найлепшай стратэгіяй для аб’яднанага штаба Ціханоўскай у гэтым выпадку магло б быць выкарыстанне дыскрэтнага характару пратэсту і адмова ад класічнай Плошчы на карысць «акцый без лідара» і доўгатэрміновага будавання новай палітычнай сілы. У такім выпадку нават пасля верагодных арыштаў за тройцай узнікнуць іншыя тройцы, якія мусяць ужо цяпер існаваць на ўсякі пажарны выпадак. А штаб, дзеля ўласнага выжывання, амаль абавязаны стаць ядром будучага руху ці партыі, каб не страціць сабраны за апошнія месяцы чалавечы рэсурс, узровень даверу і патэнцыял.

Чытайце таксама: Не шукайце логікі ў гвалце

Такім чынам, падрыхтоўка ўладаў да Плошчы Адчаю можа сутыкнуцца з адсутнасцю самой Плошчы, як гэта ўжо здаралася ў Ганконгу. Разам з тым негвалтоўны супраціў у беларускіх умовах можа быць эфектыўным толькі калі стане масавым і ўстойлівым, калі ён не будзе спынены. Наколькі справяцца з гэтай задачай Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала — пакажа час.


Ціхан Чарнякевіч, budzma.org


Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!