Праблема ўзаемаадносін паміж Полацкай зямлёй і Вялікім Княствам Літоўскім на пачатковым этапе гісторыі гэтай дзяржавы (другая палова ХІІІ — пачатак XІV ст.) — дыскутуецца ўжо больш стагоддзя. Сутнасць спрэчак крыецца ў розніцы адказаў на ключавое пытанне: як і калі Полацак (Полацк) увайшоў у склад Вялікага Княства. Быў захоплены ці далучыўся добраахвотна? Калі тое адбылося?
Полацк у 12-13 стст. Малюнак Паўла Татарнікава
Версія савецкай гістарыяграфіі
Праблема гэтая не існавала ў савецкай гістарыяграфіі, бо тады адказ быў вядомы, яго сфармулявалі ў Маскве, у інтарэсах Масквы і зрабілі абавязковым, у тым ліку для беларускіх гісторыкаў. Яго сутнасць: летувісы захапілі Полацк і ўсю Беларусь у ХІІІ — XІV стст. (а ў XVІІІ-м браты-расійцы вызвалілі). Зразумела, да навукі такая фармулёўка мела вельмі аддаленая дачыненне.
Ці былі канфлікты паміж Полацкам і ВКЛ?
Ва ўмовах аслаблення камуністычнай улады (у час г.зв. перабудовы 80-х гадоў ХХ ст.), а потым незалежнай Беларусі нашыя гісторыкі атрымалі магчымасць сфармуляваць уласны адказ на пытанне пра заваёву: была яна ці не?
І тут выявілася, што ў гістарычных крыніцах няма звестак не толькі пра захоп Полацка летувісамі, але ўвогуле пра полацка-летувіскія канфлікты.
Супрацоўнічалі? Так, часам разам у паходы хадзілі.
Ваявалі? Не, пару звестак пра канфлікты пры бліжэйшым разглядзе выглядаюць на познія фантазіі, вось як радок з паэтычнага твора нібыта з ХІІ ст. (што не даказана) «Слова пра паход Ігаравы»: «Единъ же Изяславъ, сынъ Васильковъ, позвони своими острыми мечи о шеломы литовскія» (па аўтэнтычных крыніцах князь Васілька невядомы).
Першы князь балцкага паходжання на полацкім стальцы
У ХІІ — ХІІІ ст. Полацкая зямля перажывала перыяд феадальнай раздробленасці, Полацк ужо не быў сталіцай вялікай дзяржавы, а толькі аднаго з удзельных княстваў.
Беларусь у 9-13 ст.
Горад заставаўся буйным эканамічным і культурным цэнтрам, але ягоная магутнасць засталася ў мінулым. У пачатку ХІІІ ст. палачанам не хапіла сілы, каб выбіць з ніжняга цячэння Дзвіны нямецкі анклаў, які перакрыў полацкім купцам прамую дарогу ў Еўропу.
Лагічнай палітыкай было збліжэнне з Літвой — маладой панямонскай дзяржавай, што набірала сілу, з якой палачане мелі агульныя інтарэсы ў Балтыцы. Першымі крокамі да збліжэння стала прыняцце палачанамі на княжанне ліцвінскіх князёў з роду вялікіх князёў літоўскіх.
Першая дакладная інфармацыя пра князя балцкага паходжання на полацкім стале паходзіць з летапісу Вялікага Ноўгарада і датуецца 1262 г. Восенню гэтага года ноўгарадскае войска выправілася ў паход супраць інфлянцкіх немцаў пад Юр’еў (Тарту), і сярод яго саюзнікаў названы пляменнік Міндаўга полацкі князь Таўцівіл, «с ним полочанъ и Литвы 500» (яшчэ адно сведчанне пра полацка-літоўскі саюз).
Ноўгарадскі летапіс пакінуў ускоснае (таму больш аб’ектыўнае) сведчанне пра мірны па запрашэнні палачанаў прыход Таўцівіла на полацкае княжанне. У 1263 г. узурпатар ліцвінскага вялікакняжання жамойцкі князь Транята забіў Таўцівіла і звярнуўся да палачанаў («просіша» запісаў летапісец), каб тыя выдалі на расправу ягонага сына. Але той са сваімі людзьмі выехаў у Вялікі Ноўгарад, што несумненна не змог бы зрабіць без спрыяння палачанаў. Полацк тады заключыў кампрамісную дамову з Літвой, па якой прыняў на княжанне ліцвінскага стаўленіка.
Ноўгарадскі першы летапіс
«Земскія прывілеі»
Нешматлікія звесткі з крыніц ХІІІ ст. сведчаць пра далейшае ліцвінска-полацкае збліжэнне на ўмовах вяршэнства Літвы і значнай аўтаноміі Полацка. У грамаце-дамове Полацка з Лівоніяй з 1265 г. адзначана: «Полацак і Віцебск адно ёсць, а мы ў волі Божай і Войшалкавай» (Войшалк Міндаўгавіч — вялікі князь літоўскі ў 1264-1267 г.).
Полацк дакладна ўжо быў у Літве пры вялікім князі Гедыміне: у 1326 г. у складзе пасольства Літвы ў Вялікі Ноўгарад быў «брат Гедымінаў князя літоўскага полацкі князь Воін».
Даўнія асяродкі беларускай дзяржаўнасці Полацк, Віцебск, Смаленск («Русь» — паводле тагачасных крыніц) увайшлі ў Вялікае Княства Літоўскае на падставе дамовы пра захаванне мясцовых традыцый і самакіравання. Дамовы, вядомыя як «земскія прывілеі», афіцыйна пацвярджаліся кожным новым гаспадаром Літвы.
Агульназемскі прывілей 1465 г.
Адметнасць гэтых земляў захоўвалася стагоддзямі, што праяўлялася нават у міжнародных дамовах. Напрыклад, у мірных граматах вялікага князя Казіміра Ягайлавіча з Вялікім Ноўгарадам і Псковам у 40-я гады XV ст. ужываўся як агульнакраёвы этнонім — літвіны, так і рэгіянальныя назвы: «Што ж паслу з нашае зямлі з Літоўскай і госцю — ці то лях, ці русін, ці палачанін, ці віцеблянін і смалнянін — тым шлях чысты...»
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Як Літва стала беларускай