11 ліпеня 1705 году ў храме сьв. Сафіі ў Полацку расейскі цар Пётр разам з сьвітай закатаваў 5 манахаў-базыльянаў. Тагачасная Еўропа ўздрыганулася ад бессэнсоўнай жорсткасьці каранаванай асобы, аднак, з большага прамаўчала... І толькі Апостальская Сталіца публічна кінула расейскаму цару, пераможцу пад Палтавай, цяжкае абвінавачаньне за перасьлед Уніяцкай Царквы. Гэта быў ці не адзіны голас выразнага асуджэньня Пятра І, стваральніка Расейскай імперыі, якога ўжо баяліся і лічылі за лепшае не сварыцца з ім і якога пазьней так уславілі гісторыкі, піша carkva-gazeta.by.
Расправа над полацкімі манахамі-базыльянамі ў храме сьв. Сафіі
Ніжэй прапануем гістарычны нарыс пра тыя трагічныя падзеі гісторыка Сяргея Марозава з Горадні.
«Каб на Літве, акрамя маёй і тваёй, не было ніякай іншай веры»
Пётр І — віленскаму біскупу (Вільня, ліпень 1705 г.)
У другой палове 1705 году краіны Еўропы абляцела жахлівая вестка: «Жорсткае забойства на Белай Русі! Ахвяры — безабаронныя служкі Бога, манахі ордэну Васіля Вялікага. З імі расправіліся ў хрысьціянскай сьвятыні — Сафійскім саборы ў Полацку. Учыніў расправу каранаваны забойца — цар Пётр I.
Пралог гэтай трагедыі сягаў у ХVII стагоддзе. Пашырэньне Уніі ў Беларусі і Ўкраіне непакоіла Маскву. Унія ўскладняла ёй «зьбіраньне рускіх зямель», пазбаўляла ўлады над Кіеўскай мітраполіяй. У сваім руху на Захад Масква апелявала да пачуцьцяў рэлігійнай супольнасьці. Зьвяртацца да рэлігійных пачуцьцяў у тыя часы было намнога зручней, чым да ідэяў нацыянальнай, культурнай, гістарычнай супольнасьці.
«Уніятам ня быць» — пра гэта катэгарычна заявіў ужо другі з дынастыі Раманавых, цар Аляксей Міхайлавіч, калі ў 1655 годзе яго войска захапіла Беларусь.
Падтрымліваючы лаяльнае да сябе праваслаўе, Масква стала распальваць на акупаваных беларускіх землях антыўніяцкія настроі. Паводле дамовы з 1686 году Рэч Паспалітая падпадала пад яе пратэктарат у царкоўных пытаньнях. Расея дамаглася тады сабе права апекі над праваслаўнымі аднаверцамі ў Беларусі і Ўкраіне, а тым самым — права на супрацьдзеяньне любому поступу царкоўнай уніі.
Але ўтрымліваць гэтыя землі ў сферы расейска-праваслаўнага ўплыву станавілася ўсё цяжэй. Праваслаўе раставала тут, як веснавы сьнег, і спыніць гэтага працэсу не маглі ані пункты «вечнага міру», ані падпарадкаваньне Кіеўскай мітраполіі ў тым жа 1686 годзе маскоўскаму патрыярху.
На мяжы ХVII-XVIII cтагоддзяў тры праваслаўныя япархіі ў Рэчы Паспалітай прынялі Унію: Перамышальская, Львоўская, Луцкая. Як можна такое дапусьціць?! Гэта ж закранала дзяржаўныя інтарэсы Расіі, бо зьмяншала тут колькасьць яе прыхільнікаў. Гэта біла па амбіцыях цара Пятра І, які хацеў адзін вяршыць канфесійны лёс Беларусі і Ўкраіны. Абураная Масква распачала дыпламатычную інтэрвенцыю ў «справе ўніятаў», пратэстуючы перад каралём Аўгустам ІІ супраць «парушэньня» міжнароднага пагадненьня. Рыма-каталіцкія місіянеры з Еўропы дарэмна цешылі сябе ілюзіяй схіліць чарговага Раманава да Уніі. Тым больш, варожыя намеры цара да яе падагравалі яшчэ й маскоўскія ярархі.
Ішла Паўночная вайна. Напярэдадні чарговай ваеннай кампаніі Пётр І сабраў у сябе патрыярха, мітрапалітаў, япіскапаў. «Я зноў вяду наша войска на шведаў, — пачаў ён размову.— На сьмерць ідуць найлепшыя сыны Айчыны. Мы моцныя зброяй, але слабыя духам. Нам трэба Божае блаславеньне».
«Мы можам даць табе блаславеньне,— сказаў патрыярх.— Але наш Усемагутны Госпад Бог патрабуе ад цябе большага! Ці згодны ты выконваць Божы загад?» — «Так, кажы, які!»
Умова гэтая цару спачатку прыйшлася не да густу, бо патрыярх азадачыў: «Ты павінен выкараніць унію ў Белай Русі». Цар запярэчыў, што ўніяты знаходзяцца пад апекай Папы Рымскага. Але аргументы ярархаў цара пераканалі: «Ці ж ты, гасудар, ня бачыш, што ўніяты апанавалі вялікія япархіі і перадалі іх уладзе Рымскага пантыфіка. Іх посьпехі могуць зруйнаваць нашу праваслаўную веру ў Літве і ўсёй Рэчы Паспалітай!»
Калі высокія царкоўныя саноўнікі выходзілі, цар задумаўся: «Гэта хутчэй блаславеньне на барацьбу з уніяй, чым з шведамі... Але ўсё ж добра, што нашыя дзяржаўныя інтарэсы супадаюць з жаданьнямі Бога!»
Так у Маскве падпісалі сьмерць Уніі...
У чэрвені 1705 году Пётр І з сваёй сьвітай накіроўваўся ў Прыбалтыку. Шлях пралягаў праз Віцебск і Полацак, каля якога ўжо стаяла лагерам шматтысячнае маскоўскае войска на чале з князем Аляксандрам Меншыкавым. Мясцовыя жыхары несьлі на сабе ўсе выдаткі на яго ўтрыманьне.
Была добрая нагода адпомсьціць уніятам за іх «адступствы», у тым ліку і за апошнія, за тое, што людзей у «рымскую веру зводзяць». Праязджаючы праз Віцебск, цар загадаў сячы і нішчыць абразы з выявай Язафата Кунцэвіча. Выхваляўся, што спаліць астанкі ўніяцкага сьвятога. Тады захопнікі разьбілі і скінулі ў Дзьвіну помнік полацкаму архібіскупу, усталяваны ў Віцебску на месцы, дзе было скінута ў раку зьнявечанае мёртвае цела мучаніка.
Гэтыя трывожныя весткі даходзілі таксама да палачанаў. Ды й самыя расейскія афіцэры і салдаты ня раз папярэджвалі ўніятаў: «Чакайце, будзе вам бяда!»
Нічога добрага ад наведваньня расейскім правіцелем іх гораду полацкія базыльяне не чакалі. Асабліва боязна ім было за срэбную труну з астанкамі сьвятога Язафата. Манахі дамовіліся з літоўскім канцлерам Каралем Радзівілам, што той схавае яе, а пасьля вайны ў цэласьці верне назад.
Напярэдадні прыезду Пятра І труну вывезьлі з Сафійскага сабору ў Жыровіцкі манастыр. Пазьней, калі і туды набліжалася маскоўская армія, мошчы сьвятога перавезьлі ў Белую на Падляшшы, ва ўладаньні Радзівілаў, і памясьцілі ў замкавай капліцы. У Полацак яны болей не вярнуліся, бо Радзівілы пажадалі мець гэтыя сьвятыя рэліквіі ў сваёй уласнасьці. Пазьней у Сафійскі сабор была перададзена толькі невялікая частка мошчаў левай рукі сьвятога. Сапегам, якія, пачынаючы са знакамітага канцлера ВКЛ Льва Сапегі, лічылі сьв. Язафата апекуном свайго роду, вярнулі толькі срэбны саркафаг з каштоўнасьцямі. Пакрыўджаныя Сапегі патрабавалі вярнуць і мошчы, але не змаглі дамагчыся гэтага нават сілай.
Расейскі цар Пётр I
30 чэрвеня (11 ліпеня па новым стылі) 1705 году цар Пётр прымаў у Полацку віншаваньні ад сваіх афіцэраў і генералаў, ад князёў з нагоды дня сьвятых апосталаў Пятра і Паўла. Гасьцей частавалі напоямі. Разьвесяліўся і імяніньнік, у гонар якога полацкія вяльможы вечарам ладзілі банкет.
Не чакаючы царскага банкету, спадручны цара Пятра Аляксандр Меншыкаў вырашыў прайсьціся па ўласных справах да месца свайго кватараваньня. Але не дайшоў...Па дарозе збочыў у сьв. Сафію.
У храме ішло вячэрняе богаслужэньне. Сьвятар правіў казань на хвалу сьвятога апостала Пятра. Гаварыў пра яго першынства перад апосталамі, што ён ёсьць галава Царквы, а папы рымскія — яго пераемнікі. Гаварыў пра вяршэнства рымскага патрыярха над іншымі патрыярхамі. Убачыўшы ў царкве Меншыкава, сьвятар пачаў хваліць царкоўную унію.
— Пажджы, растакая твая мать!— раззлаваны Меншыкаў кінуўся да цара. Той, ужо на добрым падпітку, спытаўся ў Меншыкава, дзе быў. А калі даведаўся, што ён ва ўніяцкай царкве слухаў казань, запытаўся:
— Какава была проповидь? На пользу ли нам, христианам? (Выказваньні цара і яго спадручных узятыя з гістарычных крыніц; прыводзяцца на іх мове.— Аўтар)
— Какава польза, понеже тот казнадей рымскую и униацкую веру восхвалял, святую же благочестивую хулил и по премногу уничыжал!
Пятра, даўно раззлаванага на ўніятаў, гэтыя словы і зусім разьюшылі. У кампаніі з Меншыкавым і ў акружэньні афіцэраў ён накіраваўся ў Сафійскі сабор.
Набажэнства ўжо скончылася. Вернікаў у Сафіі не было, але сабор яшчэ быў адчынены. У ім маліліся шасьцёра сьвятароў і манахаў.
Царкву напоўнілі расейскія афіцэры. Цар гучна запатрабаваў наладзіць яму экскурсію па храме. Вікарый Канстанцін Заячкоўскі стаў паказваць Сафію. Спыняліся пры кожным алтары. Сьвятар тлумачыў паходжаньне абразоў. Пётр І не хаваў сваёй раздражнёнасьці, шукаючы зачэпку для сваркі. Паводзіўся ў храме разьвязна. Небясьпека вісела ў паветры.
Падышлі да алтара сьвятога Язафата, які вянчвала па-майстэрску зробленая ягоная драўляная скульптура з сякераю, усаджанай у галаву, што нагадвала пра страшную мучаніцкую сьмерць, якую прыняў Полацкі ўладыка.
Мошчы сьв. Язафата, якія захоўваюцца сёньня ў базыліцы сьв. Пятра ў Рыме
— Какой ета сьвятой? — спытаўся Пётр.
— Сьвяты мучанік Язафат, — адказаў вікарый.
— Да хто ево замучыл?
— Схізматыкі праклятыя!
— Да как они верят? — не ўтаймоўваўся цар.
— Так вераць, як вы верыце.
Шалёны агонь загарэўся ў вачах цара Пятра. Манаршы кулак абрынуўся на сьвятара. Удар прыйшоўся ў зубы. Заліты крывёю вікарый паляцеў на падлогу. На бедалагу накінуўся царскі сабака. Цар пачаў біць ляжачага кіем па галаве. Потым шабляй паадцінаў яму вушы.
Гледзячы на свайго разьюшанага ўладара, яго акружэньне пачало расправу з іншымі манахамі. Першай ахвярай стаў базыльянскі прапаведнік Тэафан Калбячынскі. Выхапіўшы палаш, Меншыкаў адным ударам забіў яго.
Айцец Клімент, новы полацкі прапаведнік, пабег у манастыр, каб паведаміць архімандрыту Якубу Кізікоўскаму пра тое, што адбываецца ў катэдры.
А на другім баку царквы афіцэры ўжо білі кулакамі, калолі штыкамі, сяклі шаблямі, тапталі, рвалі шпорамі рэгента царкоўнага хору Якуба Кнышэвіча, які праз нейкі час памёр ад ран, і Мялеція Кандратовіча. Пасечаны афіцэрамі і памылкова залічаны імі да мёртвых, манах Язэп Анкудовіч выжыў, каб стаць сьведкам той жудаснай расправы.
Па сьвятыні паплылі крывавыя ручаі. Трохі апамятаўшыся, цар выйшаў з царквы, сеў на зямлю і стаў абціраць аб траву аблітыя крывёй рукі.
Захаваныя сёньня падмуркі старажытнага храму сьв. Сафіі ў Полацку
Але на гэтым расправа ня скончылася. Царская сьвіта ўварвалася ў манастырскі будынак і пачала зьбіваць астатніх манахаў. Двум з іх удалося ўратавацца ўцёкамі. Чатыры чалавекі, якія схаваліся ў сутарэньнях, былі зьняволены ў вязьніцы.
Вярнуўшыся з той крывавай экскурсіі, цар піраваў далей...
Целы забітых перацягнулі з царквы да нейкай хаткі ля званіцы. Канстанціна Заячкоўскага і архімандрыта Якуба Кізікоўскага — чалавека вельмі высокаадукаванага (атрымаў адукацыю ў Рыме) і здольнага (раней стаяў на чале Віленскага манастыра) — царскія служкі забралі ў свой лагер. Іх усю ноч катавалі, каб дазнацца месца схову манастырскіх скарбаў і мошчаў сьвятога Язафата, схілялі адрачыся ад сваёй веры.
— Я сёньня Богу майму склаў ахвяру і цела Хрыстова прыняў, гатовы памерці і памру за адзінства веры сьвятой праваслаўнай, — быў адказ базыльянскага вікарыя. На двары стаяла раніца 12 ліпеня. Калі пераканаліся, што ўсе спробы дамагчыся свайго ад манахаў дарэмныя, пачалі ўзводзіць для іх на тэрыторыі Спаскага манастыра шыбеніцу.
Пётр І, калі прачнуўся, папракаў Меншыкава, што падбухторыў яго на такую справу:
— Аляксандар, права, худа мы вчарась здзелали, ... в другой раз не данаси мне ничаво.
...Запозьненыя згрызоты сумленьня...
Тым часам, аднак, царавы ваякі майстравалі шыбеніцу — высокую, каб было відаць здалёк. Айца Канстанціна Заячкоўскага прымусілі несьці да месца кары адцятыя вушы на выцягнутых руках.
Аднаго манаха ня вытрымала вяроўка. Ён, яшчэ жывы, упаў на зямлю, апусьціўся пад шыбеніцай на калені і стаў маліцца.
— Што з ім рабіць?— паслалі ганца да цара Пятра.
— Кінуць манаха ў вогнішча, бо з гэтага нягодніка будзе другі Язафат, калі яго не спаліць,— быў цараў загад.
Целы іншых ахвяраў таксама спалілі. Попел разьвеялі над Дзьвіною, каб уніяты не прызналі іх за пакутнікаў і сьвятых, а магілы каб ня сталі месцам паломніцтва.
Сучасны выгляд храму сьв. Сафіі, які быў адбудаваны пры ўніяцкім архібіскупе Фларыяне Грабніцкім у 1738-1750 гг.
Пасьля гэткай «перамогі» над Уніяй у Полацку Сафійскі сабор і базыльянскі манастыр аддалі на разрабаваньне. Частка іх маёмасьці была перададзена цару, частка — у маскоўскую казну. Праваслаўнае духавенства адмовілася прыняць храм у сваё ведамства. Тады яго зачынілі на замок, і Пётр І сам уласнай пячаткай запячатаў дзьверы. Галоўную беларускую сьвятыню зрабілі вайсковым складам.
— Няхай і надалей не чакаюць літасьці,— заявіў цар Пётр беларускай шляхце, сабранай у Полацку. Ён намерваўся расправіцца з галоўнай цьвярдыняй Уніі ў Беларусі — Жыровіцкім манастыром. А ўніяцкаму мітрапаліту Льву Заленскаму выказаў такое царскае слова: «Або вырачыся сваёй веры, або будзеш павешаны».
Стойкасьць у веры і рэлігійная нецярпімасьць... Нечуваная ў беларускай гісторыі нянавісьць галавы расейскага ўраду да Ўніяцкай Царквы.
Царскае слова не разышлося з справай. Змрочныя часы наступілі тады для ўсіх прыхільнікаў Уніі, галоўная віна якіх была ў тым, што іх вера разыходзілася з маскоўскім праваслаўем. «Няшчасныя манахі, ашаломленыя горам настаяцелі, архімандрыты, япіскапы і паства ўніяцкая ...ня ведаюць, куды зьвярнуцца ў гэты бурны час з мошчамі блаславёнага мучаніка Язафата, з цудатворнымі абразамі найслаўнейшых манастыроў, з іх сьвятымі акладамі... Тут — масквіцянін, там — казак, па ўсёй краіне — раскольнікі і натоўпы драпежных дывізіёнаў», — пісаў тады ўніяцкі мітрапаліт Кіеўскі Леў Заленскі. Засьпяшаліся ганцы ў Вільню, Варшаву й Рым з просьбамі аб паратунку і заступніцтве.
Між тым полацкая трагедыя набывала розгалас у Еўропе. Дзікунскае забойства ў сьвятой Сафіі моцна дыскрэдытавала творцу новай Расеі ў вачах каталіцкага сьвету. ...Каранаваны кат... Яго свавольле ў дзяржаве Аўгуста ІІ падрывала і ягоны манаршы аўтарытэт.
Афіцыйная расейская прапаганда спрабавала прыкрыць зладзейства Пятра І. Каб абяліць яго ў вачах еўрапейскай грамадзкай думкі, у ліпені 1705 году ў Вільні быў абвешчаны «Мемарыял Пятра І». Ён абвінавачваў полацкіх базыльянаў у патаемным ліставаньні з шведамі і іх саюзьнікамі з лагеру Сапегаў, у антыцарскіх выпадах падчас казаньняў. Урэшце, у непачцівасьці да манарха, калі той зайшоў у царкву, і супраціве «людзям Яго Царскае Вялікасьці..., на што тыя, раззлаваўшыся, самі пачалі гэтых ліхадзеяў без шкадаваньня секчы».
У Рыме пра трагедыю ў Полацку добра ведалі ўжо ў кастрычніку 1705 году.
«Сьвятлейшы князь маскоўскі,— пісаў Папе Рымскаму Кліменту ХІ у жніўні 1705 году кіеўскі мітрапаліт Леў Заленскі,— калі зьявіўся на дапамогу Польшчы, узбудзіў жорсткае ганеньне на рускіх уніятаў, умярцьвіў і ўчыніў усялякае катаваньне 9 манахаў у Полацкай царкве. [...] Ён пагражае вынішчыць уніятаў на Русі і пры гэтым абавязвае сябе бязбожнай клятвай».
Мітрапаліт заклікаў папу хадайнічаць перад каралём і вяльможамі Рэчы Паспалітай, каб тыя ўзялі ўніятаў пад сваю апеку і выратавалі ад гэтага шаленства. Адказам былі некалькі лістоў папы да розных асобаў, у тым ліку да польскага караля Аўгуста ІІ. 27 верасьня 1705 году нота з асуджэньнем жорсткай выхадкі супраць базыльянскіх манахаў была пададзена таксама расейскаму паслу ў Дрэздэне.
Полацкія мучанікі... Пяцёра з 700 тысячаў чалавек, якіх не далічылася Беларусь пасьля той вайны. «Уніяты гэтых пяцярых манахаў уважаюць за сьвятых і ў сьвятцы, ці ў царкоўны каляндар, упісалі», — занатаваў у 1708 годзе магілёўскі храніст.
Старажытная полацкая Сафія разьдзяліла трагічны лёс сваіх служыцеляў. 1 траўня 1710 году там прагучаў моцны выбух. Храм узьляцеў у паветра.
Сучасны выгляд інтэр’еру былой уніяцкай катэдры сьв. Сафіі, адбудаванай пры архібіскупе Фларыяне Грабніцкім у 1738-1750 гг.
Гэта князь Меншыкаў напярэдадні адыходу расейскіх войскаў загадаў: адбіраць усё, каб Уніі нічога не засталося на будучыя часы. Паводле яго загаду падклалі тады порах пад Сафію.
Трыццаць гадоў нагадвалі абпаленыя руіны пра тую вайну. Аж пакуль у 1750 годзе катэдру не адбудаваў у навамодным, як на той час, стылі «віленскага барока» полацкі ўніяцкі архібіскуп Фларыян Грабніцкі. Такой яна стаіць і сёньня.
22 лістапада 1710 году Апостальская Сталіца публічна кінула расейскаму правіцелю, хай сабе і пераможцу пад Палтавай, цяжкае абвінавачаньне за перасьлед Уніяцкай Царквы. Гэта быў ці не адзіны ў тагачаснай Еўропе голас выразнага асуджэньня Пятра І, стваральніка Расейскай імперыі, якога ўжо баяліся і лічылі за лепшае не сварыцца з ім і якога пазьней так уславілі гісторыкі. Крывавыя ўчынкі цара на беларускай зямлі яны абышлі маўчаньнем. Умаўчалі, каб захаваць на вякі славу найвялікшага з Раманавых...