Ігравая стужка Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» атрымала добрыя адзнакі польскіх крытыкаў пасля паказу на Уроцлаўскім фестывалі «Новыя гарызонты», піша reform.news. Анлайн-сеансы карціны завяршыліся на гэтых выходных.
Кадр з карціны «Лебядзіная песня Фёдара Озерава»
Паводле рэйтынгу «Новых гарызонтаў», дэбютную карціну беларускага рэжысёра паглядзелі 20 кінакрытыкаў — яна аказалася найбольш папулярнай у сваёй секцыі «Адкрыцці». Агулам «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» атрымала адзнаку ў 7,18 бала, саступіўшы некаторым іншым фільмам, але тыя стужкі ўбачыла і меншая колькасць кінааналітыкаў.
Найвышэйшую адзнаку паставілі кіно Юрыя Сямашкі: Патрык Цесельчык (Patryk Ciesielczyk) — 9, 5 балаў, Шымон Пазера (Szymon Pazera) — 9 балаў, Міхал Канарскі (Michał Konarski), Юлія Пальмоўская (Julia Palmowska), Томаш Паборца (Tomasz Poborca), Марцін Прымас (Marcin Prymas), Філіп Гжэндоўскі (Filip Grzędowski) — 8 балаў.
«Мы штогод здымаем мільён сумесных кінапрадукцый з удзелам меншасцей, і пры гэтым найлепшы варшаўскі фільм — гэта ўсё роўна літоўска-нямецкі пра беларусаў... У лепшым свеце Сямашка атрымаў бы «Залатых львоў» у верасні (маецца на ўвазе ўзнагарода на Венецыянскім кінафестывалі, які ладзіцца ў верасні — Reform.news)», — пакінуў свой водгук на карціну на Filmweb.pl Марцін Прымас.
«Фільм створаны літаральна за капейчыну — гэта відавочна ў большасці сцэн, але гэтая экстрэмальная індыатмасфера не перашкаджае «Лебядзінай песні» быць цікавым, арыгінальным і аўтэнтычным поглядам на беларускую дыяспару ў Варшаве. Бліскучы і непаўторны фінал!», — падзяліўся сваім меркаваннем Каміль Кальбарчык.
Варта адзначыць, што і гледачы пасля паказу стужкі на польскім фестывалі ахвотна пакідаюць свае водгукі на спецыялізаваным партале — іх колькасць дасягнула амаль сямі дзясяткаў.
Найбольш папулярны з каментароў гучыць так:
«Лебядзіная песня» — гэта доказ таго, што ўсё ж такі ў Польшчы можна зняць добры фільм пра моладзь. Дастаткова толькі не працаваць з палякамі, а замест гэтага даць выйсце беларусам, якія здымуць «калькулятарам» дзівакаваты мамблкор з уплывамі Квенціна Дзюп’е. Ну і падчас напісання сцэнарыя яны яўна насілі швэдары, якія прыносілі натхненне«, — пакінуў дасціпны водгук карыстальнік Pierrotlefou.
Нагадаем, што драмедзі з удзелам музыкантаў Вячаслава Кміта, Паўла Гарадніцкага, Міхаіла Зуя распавядае пра музыку ў пошуках «шчаслівага» швэдра, які дапаможа яму напісаць хіт.
Дэбютная ігравая стужка Юрыя Сямашкі паўстала ў выніку праекта Інкубатар мікрабюджэтнага кіно, зладжанага Беларускай сеткай фільммейкераў (Belarusian Filmmakers’ Network) на чале з прадзюсарам Леанідам Каліценем. Карціну беларускага рэжысёра падтрымалі літоўскі і нямецкі прадзюсары і кампаніі. На пітчынгу Котбускага фестывалю яна звярнула на сябе ўвагу і ў выніку трапіла на Берлінскі кінафестываль — кіно дэманстравалася ў секцыі «Форум». На Берлінале-2025 фільм атрымаў узнагароду ад чытачоў нямецкай газеты «Tagesspiegel».