Самотная адысея творцы — якой атрымалася «Лебядзіная песня Фёдара Озерава»

У cталіцы Германіі распачаўся 75-ы міжнародны кінафестываль Берлінале, у межах якога паказалі стужку рэжысёра Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава».

Viačaslaŭ Kmit u fiĺmie «Liebiadzinaja piesnia Fiodara Ozierava»
Вячаслаў Кміт у фільме «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» / Belarusian filmmakers network

Айчынныя кінакрытыкі назвалі падзею нечаканым прарывам у беларускім незалежным кіно. Гэта адзін з нешматлікіх ігравых праектаў, які трапіў у фокус увагі шырокай фестывальнай аўдыторыі — секцыю эксперыментальнага кіно Forum.

Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі паглядзеў фільм трошкі раней за афіцыйную прэм’еру і расказвае, чым жа беларускі праект так зачапіў адборшчыкаў Берлінале.

***

На якія толькі ахвяры не пойдзеш, каб адным з першых пабачыць фільм.

Толькі ўявіце: змрочны і сцюдзёны вечар лютаўскай пятніцы. Пасля сямі гадзін у дарозе, нечаканых затрымак і чатырох перасадак з цягніка на цягнік я нарэшце дабіраюся з Варшавы ў заснежаны цэнтр Берліна. Нервова касавуруся на гадзіннік смартфона — у мяне застаецца менш за гадзіну, каб паспець на прагляд «Лебядзінай песні Фёдара Озерава».

Paviel Haradnicki ŭ fiĺmie «Liebiadzinaja piesnia Fiodara Ozierava»
Павел Гарадніцкі ў фільме «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» / Belarusian filmmakers network

Трапіць ва ўтульную і абабітую бардовым аксамітам рэтра-залу берлінскага Delphi Film Palast, дзе запланаваная прэм’ера, мне не наканавана. У цэйтноце я гляджу стужку ў гатэлі Аtlas, на ноўтбуку аднаго з прадзюсараў праекта Леаніда Каліцені. Гэта адбываецца літаральна за дзве гадзіны да афіцыйнага паказу, білеты на які раскупілі за гадзіну са старту іх продажу.

Невытлумачальны ажыятаж вакол прэм’еры «Лебядзінай песні», пра існаванне якой яшчэ месяц таму ведала літаральна некалькі дзясяткаў чалавек, — не адзіная таямніца ў іміджавым арсенале аўтараў.

Не было ўцямнага тлумачэння і на пытанне, чым жа фільм змог зачапіць дырэкцыю Берлінале. Пры тым што фестывальны трэйлер зусім не абяцаў відавочных адкрыццяў.

Але буду шчыры: поўнаметражны дэбют Юрыя Сямашкі, аўтара фантасмагарычнай «Смеццевай галавы» і анімацыйнай чорнай камедыі «Кроў і караоке», здольны здзівіць.

Галоўны козыр рэжысёра-самавука (па адукацыі Сямашка — інжынер) — талент ствараць выразныя, парадаксальныя і адначасова смешныя гісторыі, якія не могуць не зачапіць гледача.

«Лебядзіная песня» сканструяваная падобным чынам — гэта гісторыя самотнага і трохі аўтычнага маладога музыкі Фёдара Озерава (яго грае музыка Вячаслаў Кміт). Хлопец напярэдадні Новага года вяртаецца ў Мінск, каб напісаць новыя песні і сабраць нарэшце гурт.

Пакуль яго знаёмыя і сваякі скаваныя трывожнасцю ад прадчування непазбежнай ядзернай вайны, сам Федзя змагаецца з уласнымі дэманамі — унутранай няўпэўненасцю.

Ратаванне ён бачыць у пошуках свайго бірузовага швэдра з рамонкамі. Той некалі належаў шэрагу музыкаў і, магчыма, мае магічныя ўласцівасці — і Федзя верыць, што той дапаможа яму вярнуць страчанае натхненне.

І гэта толькі пачатак больш складанага і паліфанічнага сюжэта, пераказваць падрабязнасці якога будзе недаравальным злачынствам.

Варта проста быць падрыхтаваным да таго, што вашыя чаканні могуць разбурыцца і давядзецца неаднаразова патлумачыць сабе, пра што гэтае кіно. Бо аўтар міксуе жанры, як запраўскі круп’е — карты ў казіно.

Michail Zuj i Viačaslaŭ Kmit ŭ fiĺmie «Liebiadzinaja piesnia Fiodara Ozierava»
Міхаіл Зуй і Вячаслаў Кміт ў фільме «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» / Belarusian filmmakers network

Спачатку «Лебядзіная песня» нагадвае роўд-муві пра пераадольванне творчага крызісу з жартамі, музыкай і дэтэктыўнай інтрыгай. Герой Вячаслава Кміта, як сапраўдны Адысей па дарозе да запаветнай Ітакі, уступае ў кантакт з рознымі гарадскімі дзівакамі і мясцовымі німфамі.

Гэтае падарожжа падкупляе сваёй атмасфернасцю, перш за ўсё забытымі вайбамі сталічных кватэрнікаў і тусовак, удзельнікам якіх, відавочна, калісьці быў і сам рэжысёр.

У стварэнні неабходнага настрою граюць ключавую ролю і абраныя лакацыі для здымак. Фільм цалкам здымалі ў Варшаве, але яе шэрыя і шырокія вуліцы, архітэктурныя аркі няўлоўна нагадваюць Мінск.

Ёсць і выдатны саўндтрэк у выглядзе невялікіх музычных нумароў. Гучаць песні Вячаслава Кміта і гуртоў «Сінія горы», «Сербскі нож», «Разбітае сэрца пацана», а пошукі швэдра разбаўляюць неабавязковыя, але трапныя смолтокі герояў пра жыццё, стасункі, творчасць.

Драматургічным грунтам «Лебядзінай песні» стала адаптацыя старажытнагрэцкай міфалогіі. Акрамя ўжо згаданай «Адысеі» ёсць там інтэрпрэтацыя сюжэтаў пра Арфея і Эўрыдыку, Харона і раку Стыкс, Аіда і царства памерлых.

«Arfiej, jaki vyvodzić Eŭrydyku z padziemnaha svietu», frahmient karciny Kamilia Karo, napisanaj aliejem, 1861 hod
«Арфей, які выводзіць Эўрыдыку з падземнага свету», фрагмент карціны Каміля Каро, напісанай алеем, 1861 год / Калекцыя Музея прыгожых мастацтваў Х’юстана

Любоў да класічных сюжэтаў Сямашка раней дэманстраваў у сваёй самай дасканалай кароткаметражнай працы «Смеццевая галава». Гэта фільм пра гаваркую галаву з пап’е-машэ, якая магла выконваць жаданні свайго ўладальніка, але не так, як ён хацеў. Там крыніцай натхнення стала філасофская трагедыя Гётэ «Фаўст».

Гульня з архетыпічнымі сюжэтамі тут не самамэта. Галоўнай ідэяй стужкі ўсё роўна становіцца прырода творчасці і яе нараджэнне ў сённяшнім звар’яцелым ад трывожных навін свеце.

Можа падацца, што фільм цалкам апалітычны, але траўматычны нацыянальны кантэкст таксама нябачна прысутнічае ў сюжэце, выразна праступаючы ў выглядзе рашэння героя, які абірае трыумф у пекле, а не самотнае існаванне ў свеце жывых.

Як пры гэтым не ўспомніць пра кампрамісы беларусаў, якія вагаюцца перад дылемай застацца ў зразумелай і небяспечнай радзіме альбо з’ехаць у больш бяспечную і непрадказальную эміграцыю.

Містыка і сюррэалізм радніць працу Сямашкі з працамі Джыма Джармуша і Леаса Каракса, але яго аўтарскі стыль застаецца самастойным і ўсё яшчэ патрабуе належнай шліфоўкі.

Прынамсі, больш псіхалагічна дакладных партрэтаў персанажаў. Без гэтых нюансаў не ва ўсе ўчынкі герояў фільма да канца верыш.


Ды і нармальны бюджэт для стужкі, якую знялі за смешныя 4 тысячы еўра ў межах Інкубатара мікрабюджэтнага кіно, дакладна не быў лішнім. Бо кіно, якое робяць беларускія кінематаграфісты ва ўмовах эміграцыі і без падтрымкі ад дзяржавы, нагадвае сапраўдны цуд, што балансуе на мяжы авантурызму і самаахвярнасці.

А хацелася каб гэты цуд калісьці перакаваўся ў сапраўдную індустрыю з руціннай працай і зразумелымі правіламі гульні. Магчыма, так і будзе ў лепшай версіі нашай сейсмічна актыўнай будучыні.