Пасля 2020 года ў беларусаў абудзілася цікавасць не толькі да палітычнага жыцця краіны, але і да яе культуры. Частка грамадства ўпершыню адкрыла новыя для сябе літаратуру, музыку, выяўленчае мастацтва, кіно — і гэта прадказальна справакавала вялікую колькасць пытанняў. Часам наіўных, але ў большасці справядлівых і важных, у першую чаргу для разумення ўмоў і акалічнасцей існавання няпростага культурнага асяродку.
Можа, спецыялісты падключацца і раскажуць пра праблемы беларускіх літаратараў, мастакоў, музыкаў, але зараз гаворка пойдзе выключна пра кіно. З дапамогай калег па цэху Тарас Тарналіцкі сабраў дванаццаць набалелых пытанняў і забабонаў вакол айчыннага кінамастацтваа, якія найчасцей хвалююць разгубленых гледачоў і неадказных журналістаў.
У першым матэрыяле падрабязна адказваем на палову з іх.
А што, беларускае кіно існуе?
Найбольш растыражаванае ў медыя рытарычнае пытанне, якое адначасова здзіўляе сваёй прымітыўнай наіўнасцю і філасофскай глыбінёй.
Яго ў першай палове нулявых рэжысёр Андрэй Кудзіненка сфармуляваў і агучыў у сваёй культавай ваеннай драме «Акупацыя. Містэрыі», а пазней выкарыстаў у якасці мема і прынта для цішотак Януш Гаўрылюк, арганізатар польскага фестывалю беларускага кіно «Бульбамуві». Сутнасць яго была ў тым, што Беларусь як памежны край, які няспынна знаходзіцца пад уплывам то расійскага ўсходу, то еўрапейскага захаду, ніколі не зможа сфарміраваць сваёй унікальнай культуры. Як і само пытанне, штучны постмадэрнісцкі кінажарт у перыяд фарміравання поставецкай нацыянальнай ідэнтычнасці, хутка трапіў у СМІ і ператварыўся ў звыклую тэму для публічных размоў і развагаў.
Але адказ на пытанне відавочны — безумоўна, беларускае кіно існуе і існавала раней (калі ўлічваць афіцыйную храналогію, айчыннаму кінамастацтву хутка споўніцца 100 год). Бо ёсць людзі, якія яго ствараюць. Людзі, якія яго глядзяць, абмяркоўваюць і даследуюць. Існуюць кінафестывалі, кінатэатры, дэпартаменты ў міністэрствах, аддзелы ў пасольскіх амбасадах, недзяржаўныя арганізацыі, якія ствараюць і прасоўваюць. А іншыя прыкметы існавання, якое патрэбна чамусьці абвяргаць, вельмі трапна прывяла арт-менеджарка і кінематаграфістка Воля Чайкоўская ў сваім фэйсбуку:
Фота са старонкі Вольгі Чайкоўскай ў Фэйсбуку
«Рэч у тым, што пытанне пра існаванне беларускага кіно, калі ты ў ім і з ім працуеш столькі гадоў, гэта як пытанне пра тое — а ці існуеш ты сама наогул, і ці не працуеш ты ў нейкай уяўнай кінаіндустрыі, якой насамрэч не існуе. Я разумею, што гэта пытанне з’яўляецца ад недахопу інфармацыі.
Але мне здаецца, што акурат роля медыя — быць цікаўнымі і дапамагаць з распаўсюдам гэтай інфармацыі пра беларускае кіно і асобаў беларускага кіно. Хаця разам з тым мушу зазначыць, што я вельмі стамілася, калі мяне ў інтэрв’ю выкарыстоўваюць выключна як крыніцу інфармацыі пра беларускае кіно, замест таго, каб гаварыць са мной на больш глыбокія тэмы, ісці ўглыб, распытваць больш пра маю ўласную прадзюсарскую і рэжысёрскую працу. Хочацца глыбокіх размоваў», — піша Вольга.
На якім сайце можна паглядзець усе беларускія кінастужкі?
Крыніца: create.vista.com
Пытанне, якое цікаваць усіх: ад простых гледачоў да культурных менеджараў, але не мае адзначнага адказу. Бо, на жаль, такога сайта ці платформы пакуль што не існуе і ў бліжэйшай перспектыве ён наўрад ці з’явіцца.
Уся справа ў тым, што кіно — гэта культурны прадукт, стваральнікі якога (звычайныя людзі, прадзюсары-прадпрымальнікі, тэлеканалы, кінастудыі) маюць на яго аўтарскія правы. Якія і прадаюць за грошы ў часовую арэнду тэлеканалам ці стрымінг-платформам, ці проста захоўваюць да лепшых часоў. Каб сабраць такую колькасць кантэнту ў адным месцы, патрэбны адмысловая даследчая праца і вялікая колькасць фінансаў па набыцці правоў на паказ, распрацоўкі такой платформы, яе рэкламаванні, вырашэнне праблемы з дзяржаўнай цэнзурай, якая можа заблакаваць доступ да праекта. Пакуль бізнесменаў, якія гатовыя ўкласціся ўласнымі сродкамі ў такі адукацыйны і культурны праект, які не разлічаны на прыбытак, не знайшлося.
Але гэта не значыць, што стварэнне такога сайта немагчыма. Можна ўзгадаць прыклад анлайн-кінатэатраў украінскага кіно Takflix, ці постсавецкага кіно «Пілігрым», ці нават нядаўна запушчанага беларускага кіно Vodblisk, але яны пакуль могуць пахваліцца вельмі абмежаванай бібліятэкай кантэнту, і перспектыў для росту ў іх няшмат.
Таму можна параіць толькі адно — самастойна шукаць патрэбныя для прагляду фільмы на розных пляцоўках. Вялікая частка прац ёсць на Youtube (частка фільматэкі «Беларусьфільма», дакументальных стужак «Б*лс*та», «М*л*нк*.Медыя», «Настоящее время», незалежных рэжысёраў), штосьці на Vimeo, пэўныя рэлізы захоўваюцца на расійскіх ці беларускім (Voka.tv) кінатэатры, пірацкіх анлайн-кінатэатрах ці «Тарэнт-трэкеры».
Якое кіно варта лічыць беларускім, а якое не?
Не існуе адзінага ўніверсальнага падыходу, па якіх крытэрах трэба вызначыць прыналежнасць стужкі да пэўнай культуры ці краіны.
Існуе распаўсюджаны фармальны прынцып, якім таксама карыстаюцца беларускія ўлады. Яны лічаць «беларускім» кіно, якое было створана на студыі «Беларусьфільм» ці прафінансавана за бюджэтны разлік, пад цэнзурным назіраннем Мінкульта. «Фінансавым» чыннікам пераважна карыстаюцца і ў краінах Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Далёкага Усходу. Маўляў, хто даваў грошы, той і можа лічыць фільм сваім.
Людзі з нацыянальна арыентаванага асяродку лічаць за беларускія стужкі, дзе граюць беларускія акцёры ці выкарыстоўваецца беларуская мова.
Усе гэтыя прынцыпы маюць права на існаванне, але пры гэтым не ўлічваюць асаблівасці існавання незалежнага кіно. Большасць аўтараў праз дзяржаўную цэнзуру вымушаны працаваць у іншых краінах, браць грошы ў замежных фондаў і тэлеканалаў. Ці варта адмаўляцца ад мастацтва толькі на падставе грошай ці беларускай мовы? Я ўпэўнены, што не.
У вымярэнні «беларускасці» трэба выкарыстоўваць больш шырокую рамку поглядаў. Я і большасць маіх калег карыстаемся прынцыпамі, якімі карысталася былая дырэкцыя кінафестывалю «Лістапад» у Нацыянальным конкурсе. Яны лічылі беларускімі фільмы, створаныя аўтарамі, якія родам з Беларусі ці ідэнтыфікуюць сябе такім чынам, не залежна ад краіны, дзе яны працавалі, і грошы, і мову, якія пры гэтым выкарыстоўвалі. Найбольш інклюзіўны і гнуткі падыход да мастацтва дазволіць захаваць яго ў максімальнай паўнаце, асабліва ў драматычны перыяд часу, у які нам выпала жыць.
Чаму ў Беларусі не здымаюць кіно на беларускай мове?
Кадр з фільма «Купала»
Гэта не зусім так.
Фільмы на беларускай мове з’яўляюцца, але, канечне, не так часта, як хацелася б. Напрыклад, «Беларусьфільм» выкарыстоўвае беларускую мову ў анімацыі, часам у дакументальным і ігравым кіно. Апошні прыклад — стварэнне беларускай агучкі для прыгодніцкага фільма «Авантуры Пранціша Вырвіча» ці гістарычнай драмы «Купала» (там героі гавораць на розных мовах), але гэтыя фільмы былі пакладзены на паліцу і пакуль не трапілі на экраны.
Звязана гэта, з аднаго боку, з наўмыснай палітыкай улад, якія ўсё больш умацоўваюць у краіне пазіцыі рускай і дыскрымінуюць беларускую мову. З іншага — паколькі беларуская інфармацыйная прастора пераважна рускамоўная, незалежныя аўтары часта падладжваюцца пад яе інтарэсы і нават не задумваюцца аб магчымасці зняць кіно з ужываннем беларускай.
Ці можна лічыцца кіно, знятае ў савецкія часы, беларускім?
Не трэба адмаўляцца ад сваёй культуры, нават калі яна паўстала ў межах іншай дзяржавы.
У савецкія часы на базе «Беларусьфільма» і з дапамогай кінематаграфістаў з іншых рэспублік была цалкам распачата індустрыйная кінапрамысловасць і сфарміраваны залаты фонд айчыннай кінематаграфіі, якой трэба ганарыцца: «Ідзі і глядзі» Элема Клімава, «Узыходжанне» Ларысы Шапіцькі, «Усходні калідор» Валянціна Вінаградава, «Дзікае паляванне караля Стаха» Валерыя Рубінчыка ды інш.
Пытанне толькі ў неабходнасці абавязковага пераасэнсоўвання гэтай спадчыны з улікам сацыяльна-палітычных працэсаў, якія цяпер перажывае краіна і цалкам весь постсавецкі рэгіён.
Калі Беларусь атрымае перамогу на «Оскары»?
Рытарычная тэма, якой задаецца ўжо не адно пакаленне беларускіх чыноўнікаў. І спрабуе гэтага дамагчыся ўсімі сродкамі.
Так, у катэгорыю «Найлепшы фільм на замежнай мове» ад Беларусі падаваліся фільмы ў сярэдзіне 1990-х («Я — Іван, ты Абрам» Іяланды Заберман і «З пекла ў пекла» Дзмітрыя Астрахана) і ў канцы 2010-х («Крышталь» Дар’і Жук, «Дэбют» Анастасіі Мірашнічэнкі, «Урокі фарсі» Вадзіма Перэльмана — тут нават адбыўся скандал з дыскваліфікацыяй).
Крытыкуючы заходнія каштоўнасці, культурнае чынавенства пры гэтым чакае ўхвалы з боку Амерыканскай кінаакадэміі. Вось толькі атрыманне «Оскара» не вырашыць фундаментальныя праблемы беларускай кінематаграфіі, і ўвогуле каштоўнасць амерыканскай кінаўзнагароды значна пераацэнена.
Але калі адказваць наўпрост на пытанне — у нас нешта атрымаецца, калі з боку дзяржавы будуць знятыя як мінімум самыя жорскія цэнзурныя рамкі і калі беларускія кінематаграфісты пачнуць нарэшце здымаць шмат рознага кіно ў сваёй краіне. Магчыма, у такім разе мары аб атрыманні «Оскара» знікнуць праз сваю непатрэбнасць.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org