Віленскі муніцыпалітэт: Помнік Кастусю Каліноўскаму і ягоным паплечнікам усталяваны ў двары Францішканскага кляштара нелегальна

Пра незаконнасць помніка ўдзельнікам Студзеньскага паўстання ля Францішканскага касцёлу ў Вільні заявіла старшыня Камісіі гістарычнай памяці сталічнага гарсавета Каміле Шэрайтэ-Гагелене.


Паводле чыноўніцы віленскай мэрыі, камісія, якую яна ўзначальвае, летась не ўхваліла ўстаноўку помніка, пра што кіраўніцтву кляштара паведаміла пісьмова.

pomnik-kalinouskamu.jpg

«Камісія па гістарычнай памяці разглядала гэтае пытанне ў жніўні і цягам 10 працоўных дзён заяўнікі былі пастаўленыя ў вядомасць, што камісія не дала згоды на ўсталяванне помніка. Магу запэўніць, што заяўнікі былі паінфармаваныя па ўказаных кантактах. Указаныя кантакты, якія былі ў паступіўшай заяве, пацвердзілі факт атрымання нашага неўхвалення і праінфармавалі аб гэтым манастыр», — цытуе партал Delfi Шэрайтэ-Гагелене.

Такім чынам, падкрэслівае старшыня камісіі, помнік устаноўлены нелегальна.

Як сказала чыноўніца, праект «павінен быў быць ухвалены не толькі з боку муніцыпалітэта, але і Дэпартаментам культурнай спадчыны, бо месца ўстаноўкі — тэрыторыя старога горада і грамадская прастора». Паводле старшыні Камісіі па гістарычнай памяці, рашэнне аб далейшых дзеяннях павінен прыняць Дэпартамент культурнай спадчыны.

«Тут ёсць варыянты — можа быць прызначаны штраф або прадастаўлены час на афармленне ўсіх дазволаў, або нават дэмантаж помніка. Але тут ужо ДКН будзе вырашаць, якім можа быць пакаранне. (...) Пытанне яшчэ не закрытае», — сказала Шэрайтэ-Гагелене.

Нагадаем, помнік Кастусю Каліноўскаму быў адкрыты ў пятніцу, 22 сакавіка. На адкрыцці прысутнічалі каталіцкія іерархі Вільні, афіцыйныя асобы з Сейма Літвы, ураду Літвы, прадстаўнікі НАТО, дыпламаты, афіцыйныя асобы з польскага боку, чальцы польскіх і літоўскіх маладзёвых каталіцкіх арганізацый, беларускія актывісты.