У Лідзе на рагу скрыжавання вуліц Таўлая і Качана плануюць усталяваць помнік Валянціну Таўлаю, паведамляе «Лідская газета».
Валянцін Таўлай
Адкрыццё новага архітэктурнага збудавання прымяркуюць да Дня беларускага пісьменства, які пройдзе 7 верасня 2025 г.
З гэтай нагоды Лідскі раённы выканкам абвясціў адкрыты конкурс эскізных праектаў помніка. Мэтай конкурсу з’яўляецца пошук найбольш выразнага вобраза беларускага паэта Валянціна Таўлая для стварэння помніка «Валянцін Таўлай».
Каб прыняць удзел у конкурсе, неабходна падаць у Лідскі райвыканкам па 10 студзеня 2025 года конкурсную заяўку, а да 17 студзеня конкурсныя матэрыялы. Удзельнікамі конкурсу могуць быць фізічныя і юрыдычныя асобы, адна асоба або творчы калектыў (скульптары, архітэктары), якія маюць адпаведную прафесійную адукацыю.
Вынікі конкурсу будуць абвешчаны не пазней за 10-га лютага 2025 году.
Падрабязней пра ўмовы ўдзелу ў конкурсе па спасылцы.
Валянцін Таўлай — беларускі паэт, грамадска-палітычны і культурны дзеяч. Вядомы пад творчымі псеўданімамі Усяслаў Барвінец, Янка Бунтар, Васіль, Ілюк Прышчэпа (сумесна з Янкам Брылём), Паўлюк Сірата, В. Тарскі.
Ягоным імем названыя вуліцы ў Баранавічах, Горадні, Лідзе і Маладзечне. Бібліятэкі ў Баранавічах і Лідзе. У 2014 годзе да 100-годдзя паэта Белпоштай быў выпушчаны адмысловы канверт, а ў Лідзе адкрытыя дзве памятныя шыльды на будынку рэдакцыі «Лідскай газеты» («Уперад»), у якой ён працаваў, і на доме, у якім ён жыў у 1939 — 1941 гадах.