Беларусы не могуць адправіць лісты з ЗША сваім родным. Прыпыненне паштовых адпраўленняў адбылося ў канцы ліпеня, нагодай стала парушэнне транспартнай сеткі — адсутнасць авіярэйсаў, які з’яўляліся асновай для перавозкі паштовых адпраўленняў, зазначае «Штодзень».
З такой праблемай сутыкнуўся гамяльчук Вячаслаў Бортнік, які ўжо шмат год жыве ў Злучаных Штатах. У сваім допісе ў Фэйсбуку Вячаслаў зазначыў факт таго, што не можа даслаць паштоўку ў Беларусь.
«Гэтую паштоўку я дасылаў на сямідзесяцігоддзе сваёй маці. Я спачатку быў вельмі здзіўлены, што такое можа быць — прапусціў навіну пра тое, што амерыканская пошта спыняе сервіс у Беларусі. Але, калі пагугліў, пабачыў, што было такое паведамленне 22 ліпеня. І нават тыя адпраўленні, якія дасылаліся раней гэтай даты — вярнуліся. Як доўга працягнецца гэты перыяд — невядома, бо датаў аднаўлення паштавання нідзе няма» — кажа беларус.
Таксама Вячаслаў зазначае, што такая сітуацыя ўскладняе не толькі сувязь амерыканскіх беларусаў з роднымі, але і робіць немагчымым сувязь з палітвязнямі — удзельнікі суполкі Задзіночання беларусаў Паўночнай Амерыкі актыўна дасылаюць ім паштоўкі.
«Белпошта» на сваім сайце яшчэ 5 жніўня зазначыла, што яны прымаюць усю пошту, якая паступае ў Беларусь. «Магчыма, пошта ЗША прыпыніла адпраўку паштовых адпраўленняў ў Беларусь. Адпраўніку рэкамендуем звярнуцца на пошту ЗША для ўдакладнення магчымасці адпраўкі і з якога этапу было адпраўленне вернута», — гаворыцца ў паведамленні «Белпошты».