Войны, на жаль, заўжды былі і застануцца галоўнымі рухавікамі гісторыі, першапрычынай змяненняў у грамадствах, буйных і невялікіх супольнасцях. Не дарма мы ў большасці сваёй спасцігаем гістарычныя веды праз прызму крывавых супрацьстаянняў на планеце, рухаючыся па падзеях мінуўшчыны ад датаў адной вайны да другой, адсочваючы змяненні мапаў на кантынентах і ўплывы на лёсы цэлых народаў.
Парагвайская кавалерыя, карціна Кандзіда Лопеса, wikipedia.org
Большасць з нас упэўненыя, што найбольш крывавай і трагічнай у гісторыі чалавецтва былі Першая і Другая сусветныя войны. Робім мы такія высновы зыходзячы з вядомай колькасці ахвяраў і наступстваў для дзяржаваў і нацыяў на ўсёй планеце, маштабаў.
Сапраўды. Гэта былі вельмі трагічныя падзеі. Тым больш, яны тычыліся нашых продкаў і зямлі, на якой мы жывем.
А ўявіце, што ў сучаснай і не такой ужо далёкай гісторыі была вайна, на якой загінула да 90% мужчынскага насельніцтва краіны? Да таго ж не настолькі багатай, каб хутка аднавіць чалавечыя рэсурсы за кошт міграцыі і эканамічнай стымуляцыі нараджальнасці.
Маштаб ахвяраў уражвае. Хаця і адбываліся гэтыя крывавыя падзеі ў далёкім Парагваі, у Паўднёвай Амерыцы. І, на першы позірк, ёсць не зусім блізкімі для нас. Але варта ўзгадаць, што, па-першае, гэта была посткаланіяльная вайна. Што, пагадзіцеся, мае некаторыя аналогіі з сённяшнім крывавым супрацьстаяннем у нашым рэгіёне. А па-другое, да пасляваеннай, далейшай гісторыі Парагвая маюць дачыненне ў тым ліку і беларусы.
А таксама палякі і ўкраінцы.
Людзі з нашага рэгіёна Еўропы даволі масава эмігравалі і перамяшчаліся па Лацінскай Амерыцы. А некаторыя нават былі вымушаныя пасля бегчы назад, на радзіму, не вытрымаўшы жорсткай дыктатуры, якая ўсталявалася ў Парагваі на пачатку 1950-х.
Войны ўсіх супраць усіх
Пасля заваявання незалежнасці ад Іспаніі на пачатку XIX ст. у Лацінскай Амерыцы трывалі адна за другой войны паміж былымі цэнтрамі імперскіх правінцый.
Парагвай да абвяшчэння суверэнітэту быў рэгіёнам дужага тэрытарыяльнага ўтварэння са сталіцай у Буэнас-Айрэсе. Таму ўжо першыя гады незалежнасці парагвайцы неаднаразова сутыкаліся з вайсковай агрэсіяй з боку Аргентыны. З суседняй Бразіліяй у парагвайцаў былі канфлікты на этнічнай глебе. Бо бразільцы валодалі часткай земляў плямёнаў гуарані — аўтахтонаў, якія складалі большасць мясцовага насельніцтва ў Парагваі.
Таму буйная вайна ў памежным рэгіёне трох новых дзяржаваў была непазбежнай.
Фрагмент карціны Кандзіда Лопеса, бітва пры Туюці, wikipedia.org
А з 1865 года, пасля супрацьстаяння на спрэчных тэрыторыях, бразільцы і аргентынцы пачалі браць пад кантроль адну за другой правінцыі Парагвая. Іхным саюзнікам таксама быў Уругвай, які трапіў пад палітычную залежнасць ад гэтых краінаў яшчэ раней.
Асаблівасцю супрацьстаянняў у джунглях і гарыстай мясцовасці Парагвая былі не толькі складанасці з лагістыкай, але і жудасныя страты ў жывой сіле ў выніку хваробаў.
У канвенцыйных супрацьстаяннях паступова верх узялі больш дасведчаныя і шматлікія вайскоўцы Альянса. Нягледзячы на гераічную ахвярнасць гуарані, метысаў і іспанцаў, якія разам змагаліся ў войсках Парагвая, вайна паступова перайшла ў партызанку. У тым ліку і ў гарадах.
Гравюра на дрэве з амерыканскай газеты 1870 г. Фота: Granger Historical Picture Archive/Alamy Stock Photo
Што немінуча павялічвала колькасць ахвяраў сярод насельніцтва. Як адзначае гісторык Герыб Кабалера ў публікацыі The Guardian, у выніку 6 год актыўнай фазы супрацьстаянняў і наступстваў ад голаду і хваробаў, звязаных з вайной, Парагвай страціў да 2/3 насельніцтва, у тым ліку да 90% мужчынаў:
«Я не ведаю іншай краіны Лацінскай Амерыкі, якая прайшла праз тое, што перажыў Парагвай. Гэта вайна пакінула моцны след у калектыўнай свядомасці Парагвая».
Пасля прызнання тэрытарыяльных саступак на карысць Бразіліі, Аргентыны і Балівіі суседзі прызналі суверэнітэт Парагвая і вывелі свае войскі з тэрыторыі краіны. Але парагвайцы сутыкнуліся са становішчам, калі з-за чалавечых стратаў было не проста цяжка ўзнаўляць эканоміку, але банальна амаль немагчыма выжыць з-за адсутнасці працоўных рук.
Фота: s3.amazonaws.com
Адзіным выйсцем з гэтай сітуацыі ўрад краіны бачыў стымуляванне эміграцыі з Еўропы і Азіі.
Беларусы ехалі на месцы загінулых у войнах
У краіны рэгіёна да Другой сусветнай вайны прыбылі некалькі міграцыйных хваляў. Частку перасяленцаў складалі тыя, хто не здолеў трапіць у ЗША, а таксама шмат уцекачоў ад наступстваў Першай сусветнай вайны ў Еўропе.
Большасць беларусаў, якія трапілі ў Парагвай, былі грамадзянамі міжваеннай Польшчы, якая склала дамову з парагвайскім урадам аб спрыянні міграцыі.
Чарговая вайна, на гэты раз з Балівіяй, у 1932–1936 гадах, крыху скараціла колькасць перасяленцаў, але змяншэнне міграцыйных квотаў Бразіліяй і абяцанні парагвайскага ўрада (часам хлуслівыя) усё ж прываблівалі грамадзянаў Рэчы Паспалітай.
Як адзначае беларуская даследчыца Вольга Коваль,
«16 лістапада 1936 г. быў прыняты дэкрэт, згодна з якім эмігранты з Польшчы атрымалі грамадскія правы, а таксама шэраг іншых палёгак, сярод якіх вызваленне ад зямельнага падатку тэрмінам на 5 год. Эмігранты ў Парагваі таксама мелі права на бясплатнае медыцынскае абслугоўванне і магчымасць адукацыі на роднай мове».
Трэба ўлічваць, што мігранты з польскіх тэрыторый сённяшняй Брэсцкай вобласці ў 1930-я не былі пэўныя ў сваёй беларускай ідэнтычнасці і далучаліся да польскіх альбо вельмі ўплывовых украінскіх супольнасцей на чужыне.
Напрыклад, у артыкуле пра сённяшнюю дзейнасць беларускіх міграцыйных арганізацый у Аргентыне падкрэслена, што выкладчыкі беларускай мовы на бясплатных курсах у горадзе Лавальёл не вельмі добра валодаюць мовай:
«Іх бацькі былі з Палесся, таму па-беларуску спадарыні Малафей і Брадко размаўляюць не вельмі чыста: адчуваецца ўплыў украінскай мовы».
Хутчэй за ўсё, падобная сітуацыя была і ў Парагваі у 1930-я.
Таму, на жаль, дакладных сведчанняў аб колькасці і першых кроках менавіта перасяленцаў з сённяшняй тэрыторыі Беларусі на новай зямлі захавалася не вельмі шмат. Крыху інфармацыі можна знайсці ў публікацыях і нават відэа польскіх даследчыкаў і блогераў, якія і зараз наведваюць Лацінскую Амерыку ў пошуках палякаў за акіянам.
З іх можна даведацца, што большасць эмігрантаў ашуквалі транспартныя кампаніі і арганізацыі, якія крэдытавалі пакупку квіткоў на параходы ў Лацінскую Амерыку, набыццё зямлі.
Людзі на новых месцах былі вымушаныя працяглы час жыць у хутка збудаваным саматуж жытле ў джунглях, вырубаць і выкарчоўваць дрэвы пад сельскагаспадарчыя палеткі.
З такімі ўмовамі мігранты сутыкнуліся і на поўдні Парагвая, і праз раку Парана, у суседняй Аргентыне. Бо ўрады гэтых краінаў давалі надзелы перасяленцам з Усходу Еўропы менавіта на гэтых памежных тэрыторыях.
Фота: redalyc.org
Дыктатура штурхала беларусаў пакідаць Парагвай
Клімат, цяжкая праца, экзатычныя хваробы зусім не спрыялі самаарганізацыі і дбанню аб адукацыі для дзяцей. Таму з часам беларускую меншасць паглынулі дамінантныя супольнасці палякаў і ўкраінцаў.
Зараз, амаль праз сто год пасля засялення горада Фрам, які называюць польска-ўкраінскай калоніяй, на поўдні Парагвая яшчэ засталіся польскія і ўкраінскія супольнасці. Хаця моладзь у большасці сваёй не ведае мовы продкаў. Аб беларусах увогуле засталіся толькі згадкі.
Тым больш, што і тая невялікая колькасць выхадцаў з Берасцейшчыны, якая трапіла ў Парагвай, увесь час змяншалася за кошт міграцыі ў суседнюю, больш індустрыяльна развітую Аргентыну, альбо нават і ў СССР. Беглі беларусы ў тым ліку ад палітычнай нестабільнасці. Бо пасля вайны з Балівіяй да 1955 г. у краіне адбылося больш за 10 вайсковых пераваротаў. І хунты не заўжды лаяльна ставіліся хаця і да дробных, але землеўласнікаў.
Пасля прыходу да ўлады дыктатара Альфрэда Стрэснера ў 1955 г. стаўленне да перасяленцаў з тэрыторый СССР канчаткова сапсавалася. Парагвай не меў дыпламатычных адносін з Масквою, у дзяржаве пашыраліся антыкамуністычныя настроі. Таму да патэнцыйных «агентаў савецкага ўплыву» стаўленне было не лепшым. Тым больш, што некаторыя беларусы і ўкраінцы падтрымлівалі сувязі з арганізацыямі землякоў у Аргентыне, якія ў сваю чаргу супрацоўнічалі з савецкай амбасадай у Буэнас-Айрэсе.
Альфрэд Стрэснер (кіраваў Парагваем у 1955–1989 гг.)
Савецкія дыпламаты былі не толькі зацікаўленыя ва ўплывах на палітыку ў Аргентыне праз мігранцкія арганізацыі, але і арганізоўвалі рэпатрыяцыю ў СССР.
Не адна беларуская сям’я вярнулася ў БССР з Парагвая, які знаходзіўся пад уладай дыктатара.
Такі злы жарт лёсу. Людзі намагаліся атрымаць зямлю, дабрабыт за акіянам. Збегчы ад войнаў і несвабодаў. Але нават на іншым кантыненце не пазбеглі посткаланіяльных войнаў і ціску дыктатуры. А па сведчаннях тых, хто ўсё ж наважыўся вярнуцца ў СССР праз Аргентыну пад канец 1950-х, у рэпатрыянтаў не зусім атрымлівалася стаць сваімі на радзіме. І яны ўвесь час адчувалі інтарэс з боку савецкіх спецслужбаў. Ды і грамадства да іх ставілася падазрона.
Прыблізна таксама і сённяшнія посткаланіяльныя пакаленні ў Беларусі намагаліся ўнікнуць вайны. Але яна ўсё адно нас насцігла. І няма пэўнасці, ці большасць з нас сёння адчувае сябе «сваімі» на зямлі нашых продкаў.