Чалавечы розум так пабудаваны, што пры пэўных абставінах ён здатны прызвычаіцца да шмат якіх знешніх раздражняльнікаў. І фактары, якія яшчэ пэўны час таму маглі спрычыніцца да сапраўднага выбуху ў калектыўнай свядомасці, паспрыяць некантраляванай паніцы ці падобным з’явам, з часам пачынаюць успрымацца соцыумам у якасці штодзённай руціны.
Сённяшняя вайна яскрава падкрэсліла, што нават бамбардаванні гарадоў і сотні смерцяў з часам масавае мысленне пачынае ператвараць у будзённы атрыбут жыцця.
Але чарговыя і не апошнія хвалі эскалацыі час ад часу накрываюць розумы нават самых перакананых «абыякавых». Яны ў паўсядзённасці намагаюцца не заўважаць працэсы навокал, хаваючы свядомасць ад рэальнасці, у якой сёння з’яўляецца ўсё больш пазнакаў магчымай атамнай катастрофы. З цалкам рэальнай верагоднасцю, што некалькі мільёнаў людзей у нашым рэгіёне планеты цягам секундаў апынуцца перад прорвай смерці.
Крыніца: wixmp.com
Чытайце яшчэ: Рабіся інакшым — альбо загінеш
ЗША гатовыя да ўдараў у адказ
Пасля чарговых пагрозаў з боку каманднага апарата РФ прымяніць атамную зброю амерыканскі сакратар па бяспецы Саліван паведаміў прэсе пра адказ Белага дома крамлёўскай адміністрацыі: «Мы наўпрост, прыватна, на вельмі высокім узроўні паведамілі Маскве, што любое выкарыстанне ядравай зброі прывядзе да нашага адказу з катастрафічнымі наступствамі для РФ. Злучаныя Штаты і нашы саюзнікі будуць дзейнічаць рашуча. І мы ясна і канкрэтна пазначылі, што такі крок крамлёўцаў пацягне за сабой».
На даволі вядомым сайце навінаў у галіне бяспекі прафесар Манрэальскага ўніверсітэта доктар Спэнсэр-Чарчыл выказаў меркаванне наконт верагоднай стратэгіі NATO дзеля стрымлівання атамнай агрэсіі РФ: «Відавочна, што ўдар па РФ справакуе напад на кантынентальную частку ЗША. Каб захоўваць стратэгічны парытэт, NATO павінна пагражаць ударамі па ўзброеных сілах Беларусі, саюзніку РФ, бо гэта можа быць параўнальнай пагрозай у адказ на верагодную атаку РФ на ўкраінскія сілы з прымяненнем ядравай зброі».
Яшчэ ў траўні, падчас мінулай хвалі эскалацыі пагрозаў з боку РФ прымянення зброі масавага знішчэння, нью-ёркская фундацыя Карнэгі зладзіла апытанне вядомых даследчыкаў у галіне бяспекі і міжнародных зносінаў па тэмах верагоднасці атамнай вайны і пасляваеннага ладу ў свеце.
Настроі навукоўцаў можна сціснуць у некалькі фразаў:
«РФ яскрава нагадала нам, што ядравая зброя — гэта не прадукт фантастычных раманаў, а цалкам рэальны інструмент» (Тод Сэксэр, Прафесар дзяржаўнай палітыкі, Універсітэт Вірджыніі)
«Можа быць створаны новы прэцэдэнт «беспакаранасці», які будзе стымуляваць:
а) больш дзяржаваў распрацоўваць атамную зброю,
б) аўтарытарныя дзяржавы стануць выкарыстоўваць звычайныя сілавыя метады, пагражаючы верагоднасцю ўжывання ядравай зброі, для ўрэгулявання сваіх тэрытарыяльных спрэчак за кошт дзяржаваў, не ахопленых ядравым парасонам». (Генры Хэйл, прафесар паліталогіі і міжнародных зносін Універсітэта Джорджа Вашынгтона)
Нягледзячы на таго кшталту папярэджанні, у маскоўскай інфапрасторы час ад часу ўзнікае тэма атамных удараў. Пры гэтым не толькі ў выглядзе пагроз, да якіх у свеце ўсё больш прызвычайваюцца.
Рэальнасць постпраўды
Варта заўважыць, што амаль кожнаму этапу эскалацыі з боку Крамля папярэднічае ідэалагічная накачка і хваля прапаганды з боку маскоўскіх экспертаў. Аналіз адразу некалькіх артыкулаў «гуру палітычнай думкі» РФ, якія потым расцягнулі на цытаты апалагеты данясення ідэяў «элітаў» да масаў, дазваляе казаць пра падрыхтоўку народанасельніцтва да фатальных крокаў. У прыватнасці, аўтар вядомага расійскага дзяржаўнага тэлеканала разлічанага на міжнародную аўдыторыю, і фактычны ідэолаг «рускай вясны» 2014 г. Халмагораў напісаў: «Якая сапраўдная абарончая мэта РФ? Не дапусціць завяршэння ўкраінскага этнагенезу... Перамога Украіны не застанецца толькі перамогай Украіны. Гэта будзе пачаткам падзення РФ...
Калі выбіраць паміж украінскай перамогай і глабальнай ядравай вайной, то вайна выглядае больш прыярытэтнай перспектывай для РФ...»
У прынцыпе нічога асабліва новага прапагандысты не паведамілі. Акрамя безальтэрнатыўнасці атамнай катастрофы. Што па сутнасці з’яўляецца лагічным фіналам дзесяцігоддзяў піяру культу вайны і рэваншызму. Якія ў атмасферы так званай постпраўды трансфармаваліся ў небывалых памераў рэсэнтымент на абшарах усяго былога СССР.
Менавіта выбудова альтэрнатыўнай рэальнасці была і ёсць галоўнай задачай прапаганды. Раней яна ўяўляла сабой толькі хлуслівую рэчаіснасць існавання РФ у атачэнні ворагаў, якія мараць аб пераглядзе вынікаў Другой сусветнай вайны, кіруючыся ідэалогіямі той эпохі.
Крыніца: i.guim.co.uk
Але сёння прапаганда пайшла яшчэ далей — постпраўда працуе з падставовымі паняткамі і каштоўнасцямі. Такім чынам, у скажонай рэальнасці «сучаснага савецкага чалавека», які апошнія 8 год перад ТБ-прыёмнікам альбо маніторам камп’ютара «змагаецца» з нашчадкамі чалавеканенавіснікаў з 1930-х, дзякуючы рэтранслятарам, падобным да Халмагорава, атамная бомба выявілася адзіным інструментам для дасягнення стабільнасці, міру і справядлівасці.
Паказальна, што сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі і сацыяльныя сеткі з купай экспертаў і інфлюэнсераў такім чынам здолелі перамагчы наратывы савецкіх настаўніц-камсамолак, якія распавядалі на «ўроках міру» пра самую міралюбную краіну і недапушчальнасць атамнай вайны.
Насуперак інстынкту самазахавання
Можна сказаць, што прапагандысты дзеля ўласнага ўтрымання бліжэй да харчовых ланцужкоў здолелі паўплываць не толькі на падсвядомасць значнай часткі народанасельніцтва краінаў былога СССР. Міфы, якія перавярнулі піраміду каштоўнасцей у калектыўнай свядомасці, уздзейнічаюць на ўзроўнях біялагічных інстыктаў. У вялікай колькасці «савецкіх людзей XXI стагоддзя» амаль зрынутыя рэшткі маральных межаў. Для іх тысячы ахвяраў і руйнаванне суседняй краіны выяўляюцца цалкам прымальнымі.
Чытайце яшчэ: Дысцыплінарнае грамадства супраць Рэспублікі
Не варта думаць, што крамлёўцы вынайшлі нешта прынцыпова новае і ўнікальнае. Як у свой час падмуркі бальшавізму ў форме філасофскай тэорыі, а потым і палітычнай канцэпцыі былі сфармуляваныя на Захадзе, так і тэхналогіі выбудовы альтэрнатыўнай рэальнасці апісаныя, распрацаваныя і актыўна не першы год рэалізуюцца па ўсім свеце.
Безумоўна, такім чынам у калектыўную падсвядомасць прасоўваюцца не заўжды адназначныя і карысныя, а часам і нават шкодныя канцэпты. Але ў РФ, як і раней, здолелі пераўзысці сваіх «настаўнікаў», заходніх мысляроў і сацыёлагаў.
Крыніца: i.cbc.ca
Маскоўскія эксперты настолькі аздобілі заходнія тэхналогіі постпраўды рэгіянальнымі і свядомаснымі асаблівасцямі — калектыўным культам вайны і рэсэнтыменту, што дасягнулі не толькі магчымасці ментальнай каналізацыі індывідамі, групамі і цэлай краінай сацыяльнага бязладу і галечы, але выхавалі мільённую, новую і невядомую раней катэгорыю людзей, якая насуперак інстынкту самазахавання гатовая падтрымліваць катастрафічную і разбуральную вайну выключна дзеля існавання завесы альтэрнатыўнай рэальнасці ў калектыўнай свядомасці. «Рэальнасці», якая стала адзіным сэнсам іх існавання.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org