Пазіцыя шмат каго з беларусаў зараз — сумесь сораму і самаадмаўлення. Маўляў, была б магчымасць — выракліся б свайго паходжання і нацыянальнасці. Бо беларусам быць невыгодна, прынізліва, нязручна.
Усё гэта прадыктавана страхам. За сябе, за блізкіх, перад самім сабою. Азіраючыся на нашу гісторыю, быць беларусам занадта часта было невыгодна, прынізліва і нязручна. Нічога новага.
Бо народ без дзяржавы і эліты занадта часта быў падзелены, і кожны з бакоў канфлікту бачыў у беларусах «здраднікаў» — памагатых апанента.
Для палякаў у міжваенны час беларусы былі «камуністамі» — памагатымі Масквы, пазней — «саўдзельнікамі» 1939 года.
Для першых Саветаў беларусы з Заходняй Беларусі былі «падпанкамі».
Для немцаў беларусы былі «бальшавікамі-бандытамі».
Савецкая ж улада пасля 1944-га патрабавала ад кожнага з акупаванай тэрыторыі доказаў лаяльнасці — як змагаўся, ці не быў калабарантам, чаму ў танку не згарэў?
Пасля 1991-га такі самы шквал абрынуўся на суайчыннікаў, якія былі ў партыі ці займалі хоць якія пасады...
За такой логікай — вінаватыя ўсе. Невінаватых — няма. Але ў нашага народа ўсё было максімальна цяжка са сваёй дзяржаўнасцю ў ХХ ст. — таму падобныя дылемы і фантомнае пачуццё віны непазбежныя. Бо прадыктаваныя больш моцнымі бакамі, якія штораз патрабавалі адданасці. Пра свае інтарэсы як нацыі мы не думалі — жывыя і тое добра.
Свая дзяржаўнасць на тое і свая, што ўлада, бюракратычны апарат, войска і СМІ — неаддзельныя ад народа. Правадыр і яго палітыка — вынік выбару народа. Калі ўсё гэта ёсць, то народ падзяляе адказнасць за рашэнні кіраўніцтва. Ці так у нас зараз? Ці так было раней?.. Самі ведаеце.
Сённяшняя Беларусь не
з неба нам звалілася. Не марсіяне паставілі тут сваю ўладу і свае парадкі. Гэта вынік калі не прамога выбару (дэмакратычнай працэдуры), але — мноства дробных і ўскосных асабістых выбараў, якія рабілі ўсе мы. Ад выбару мовы, на якой размаўлялі і вучылі дзяцей, да тавараў, фільмаў, музыкі, якія спажывалі.
Але з такой логікай перад украінцамі маюць каяцца таксама немцы, вугорцы, амерыканцы, палякі, кітайцы, ізраільцяне — ды ўвесь свет, атрымліваецца. Бо ўсе без выключэння гандлявалі і супрацоўнічалі з Масквой, бо гэта адпавядала іхным нацыянальным інтарэсам. Нават пасля Крыма з Данбасам-2014. Што, не так?
Можна і далей пайсці.
Ці не сорамна Кучме з Юшчанкам за тое, што нічога не рабілася з праблемай Крыма і Данбаса, а краіна жыла ў падзеленым стане?
Кучма і Пуцін у Артэку, 2001 г.
Ці не сорамна шаноўным дэпутатам за бойкі ў Вярхоўнай Радзе, якія штораз абсмоктваліся на расійскім ТБ, каб давесці, што Украіна — failed state?
Ці не сорамна ўкраінскім алігархам, якія дзесяцігоддзямі вырашалі свае справы, куплялі і прадавалі палітыкаў і СМІ, а ў крытычны момант — з’ехалі?..
Згодзен, гэта недарэчныя пытанні з беларускага боку. Украінцы самі з гэтым разбяруцца. Але роўна такім самым недарэчным ёсць і ўскладанне калектыўнай віны на беларусаў. Прычым, невядома нават, хто больш у гэтым актыўны — украінцы ці самі беларусы.
Азірнемся зноў назад.
Ці мае быць нам сорамна за Каліноўскага, які заплаціў жыццём за шанц на будучыню?
Ці мае быць сорамна за Слуцкі Збройны Чын 1920-га, які змагаўся без падтрымкі і варыянту перамогі?
Ці мае быць сорамна за Ларысу Геніюш, якая ў лагерах трымалася прынцыпаў перад абліччам грамаднай непераможнай імперыі?
А можа, нам мае быць сорамна за Алеся Чаркашына ці таго хлопца з пазыўным «Ліцвін», які днямі загінуў пасля цяжкога ранення пад Бучай, змагаючыся за Украіну?..
Пахаванне Алеся Чаркашына, беларуса, які загінуў за Украіну ў 2015
Такіх пытальнікаў — тысячы. А мы — спаўзаем у перакручаную чорна-белую карціну свету, дзе «ўсё прапала», а мы — «народ-здраднік». Сур’ёзна?
Здаецца, ніхто не дадумаўся папракаць гішпанцаў, што жылі пад уладай Франка, маўляў, чаму тыя не паўсталі і не скінулі свайго «каўдыльё». Бо вядома — перад Другой сусветнай была крывавая Грамадзянская вайна.
Хто ў здаровым розуме будзе папракаць чачэнцаў як народ за саўдзел у пуцінскай авантуры, ведаючы пра дзве Чачэнскія вайны ды акалічнасці жыцця ў рэгіёне ў апошнія дзесяцігоддзі? Тым, хто папракае беларусаў, варта было б прыгадаць 1996, 1999, 2006, 2010, 2017, 2020, не?..
Не самапрыніжэнне, а халодны розум і — воля да жыцця
Мы, беларусы, занадта шмат страцілі за апошні час, каб зараз бавіцца ў самапрыніжэнне і самаадмаўленне — нібы ад гэтага мазахізму ў сацыяльных сетках камусьці стане лягчэй.
А зараз — давайце без эмоцыяў. Наперадзе — вельмі складаныя часы. Як мінімум — небывалы эканамічны і сацыяльны крызіс, з якога немаведама колькі трэба будзе выбірацца. Максімум — вайна ўжо на нашай зямлі.
Каб пераадолець абставіны, патрэбныя халодны розум і воля да жыцця. Рабіць сярод усяго гэтага балюча самому сабе — гэта нейкі падлеткавы суіцыд праз няўдалае каханне.
Жыццё — сукупнасць выбараў. Дык рабіце іх правільна. Не губляйце энергію і час на самазнішчэнне. Не заражайце гэтай пошасцю іншых. Наперадзе яшчэ багата цікавага.
Алесь Кіркевіч, budzma.org