7 кастрычніка беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру. Budzma.org зрабіла падборку выказванняў вядомых беларусаў знагоды гэтай падзеі.
Уладзімір Някляеў: Гэта нават больш, чым узнагарода, — падзея.
«Нобелеўская прэмія міру, якой нобелеўскі камітэт адзначыў беларуса Алеся Бяляцкага, вельмі значная, важкая ўзнагарода. Гэта нават больш, чым узнагарода, — падзея. Асабліва ў час, калі адносіны да беларусаў праз удзел нашай краіны ў вайне супраць Украіны сталі ў Еўропе, ды і ва ўсім свеце, мякка кажучы, не талерантнымі.
Прэмія міру, прысуджаная беларускаму праваабаронцу, засведчыла, што свет бачыць і цэніць шматгадовую барацьбу беларусаў за ўсталяванне дэмакратыі, за свабоду, за правы чалавека. І свет верыць, што ў рэшце рэшт, прайшоўшы праз цяжкія выпрабаванні, пакуты, страты, рэпрэсіі, турмы, у адной з якіх знаходзіцца зараз нобелеўскі лаўрэат, Беларусь у рэшце рэшт даможацца таго, за што змагаліся і змагаюцца яе лепшыя сыны і дочкі!
Мае віншаванні Алесю і ўсім беларусам!», — напісаў Уладзімр Някляеў на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
Сяргей Будкін: Неацэнна тое, што Алесь зрабіў для Беларусі ў розных іпастасях
«Як адзін з лідараў літаратурнага таварыства «Тутэйшыя» і адзін з заснавальнікаў «Мартыралогу Беларусі». Як шматгадовы дырэктар музею Багдановіча. Як пісьменнік, публіцыст і грамадскі дзеяч. І безумоўна, як адзін з лідараў беларускага праваабарончага руху.
Шчыра віншую Алеся з заслужананай узнагародай, Нобелеўскай прэміяй міру. Безумоўна, гэта надасць сілаў, як яму, так і ўсім беларусам у змаганні за праўду», — так павіншаваў Алеся Бяляцкага кіраўнік Беларускай Ра*ы К*льт*ры Сяргей Будкін.
Наста Кудасава: Ёсць жа справядлівасць у свеце!

«Ішла ўключаць камп’ютар, ні аб чым не падазраючы. [...]
І вось я ўключаю, і першае, што мне паказвае апавяшчэнне, гэта што Алесь Бяляцкі, наш АЛЕСЬ, атрымаў Нобелеўскую прэмію міру!
...слёзы з вачэй ліюцца ручаямі ад болю, ад шчасця, ад спакутаванасці. Бачыць Бог, няма больш годнай, адпаведнай і бессумнеўнай фігуры ў нас для такой адзнакі. Ёсць жа справядлівасць у свеце!», — напісала паэтка Наста Кудасава на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
Святлана Алексіевіч: Бяляцкі даўно заслужыў Нобелеўскую прэмію
«Лічу Бяляцкага міфалагічнай фігурай беларускай барацьбы. Заслужыў — гэтага мала сказаць. Гэта ўжо даўно яго прэмія», — сказала @pozirkonline лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч.
«Тое, што зрабіла і робіць у гэтых умовах створаная ім «Вясна», — гэта ў ягоным духу, у ягонай філасофіі. Я вельмі рада», — заявіла яна.
Алексіевіч сумняваецца, што пасля гэтага Бяляцкага выпусцяць з турмы. «Ведаю, што Алесь сур’ёзна хворы. Мы ўсе павінны гаварыць аб тым, што яму трэба быць на волі, са сваім народам», — пераканана Алексіевіч.
«Што зробіць з ім улада, цяжка ўявіць, але такі чалавек не можа быць у турме — гэта прыніжэнне і народа, і самой улады, калі яна гэта разумее», — падкрэсліла яна.
Чытайце яшчэ:
10 фактаў пра Алеся Бяляцкага