Флот на мелкаводдзі: якімі былі караблі «Пінскага мора»?

У самым цэнтры Варшавы, на беразе ракі Віслы, знаходзіцца бульвар, які мае сувязі з нашай краінай — Бульвар Пінскай флатыліі. Калі мы гаворым пра ваенна-марскі флот, уяўленне звычайна малюе бязмежныя акіяны, але ў міжваеннай Еўропе існавала цікавае злучэнне, якое базіравалася далёка ад марскіх узбярэжжаў — проста ў цэнтры Беларускага Палесся. Гэта Пінская флатылія — незвычайнае скрыжаванне інжынернай вынаходлівасці і трагічнага гістарычнага лёсу.

Buĺvar Pinskaj flatylii ŭ Varšavie
Бульвар Пінскай флатыліі ў Варшаве

Палескі транзіт: чаму ваенны флот з’явіўся сярод балот?

Каб зразумець, як у сухапутнай Беларусі з’явіўся сапраўдны ваенна-марскі флот, варта звярнуцца да дакументаў таго часу і «гідралагічнай гісторыі» Беларусі. У 1925 годзе ў Варшаве выйшла праца інжынераў С. Турчыновіча і Т. Тылінгера «Konieczność budowy drogi wodnej przez Polesie» («Неабходнасць будаўніцтва воднага шляху праз Палессе»). Аўтары прыводзілі статыстыку: на міжваеннае Палессе, якое ў той час займала 15,9% тэрыторыі краіны, прыпадала аж 25% усіх водных шляхоў тагачаснай Другой Рэчы Паспалітай.

Vodnyja šliachi ŭ Jeŭropie
Водныя шляхі ў Еўропе. Крыніца: S. Turczynowicz, T. Tillinger. «Konieczność budowy drogi wodnej przez Polesie» (1925)

Спробы ўтаймаваць гэты «водны край» ужо тады мелі даўнюю гісторыю: яшчэ ў XVI стагоддзі каралева Бона Сфорца загадала капаць першыя каналы, у XVIII стагоддзі паўстаў Каралеўскі канал пры Станіславе Аўгусце Панятоўскім, а напрыканцы XIX стагоддзя генерал Іосіф Жылінскі ў межах «Заходняй экспедыцыі» пракапаў больш за 4600 кіламетраў каналаў і расчысціў рэчышчы.

Палессе разглядалася як ключавы водны мост паміж Заходняй Еўропай і басейнам Чорнага мора. У такім ландшафце кантроль над вадой меў важнае значэнне — і яго цэнтрам стаў Пінск.

Vid na Pinsk (da 1900 hoda)
Від на Пінск (да 1900 года). Крыніца: Нацыянальная бібліятэка Польшчы

Флот на «Пінскім моры»

У міжваенны час менавіта гэты горад стаў базай Рачной флатыліі Польскага ваенна-марскога флоту. Флатылія выконвала патройную ролю: абараняла ўсходнія межы, забяспечвала сувязь у цяжкадаступных раёнах і даследавала рэчышчы, складаючы першыя дакладныя гідраграфічныя карты Палесся.

Гісторыя флатыліі пачалася 19 красавіка 1919 года, калі з трох маторных лодак («Lech», «Lisowczyk» і «Lizdejko») быў створаны першы рачны патруль. На рацэ Піне паўстаў ваенна-марскі гарадок. У Пінску размясціліся камандаванне порта, казармы, майстэрні, сухія докі і склады амуніцыі. На іншым беразе ракі знаходзіліся базы паліва.

 Крыніца: Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы

Спецыфіка палескіх рэк вымагала караблёў з малой асадкай — глыбінёй пагружэння корпуса судна ў ваду. Часта яна была не больш за 60-80 сантыметраў. Аднак разам з тым караблі мелі браняванне і артылерыйскае ўзбраенне. Больш за тое, з 1928 па 1937 гады флатылія мела ўласную паветраную разведку — Рачную авіяцыйную эскадрыллю.

Schreck FBA-17HMT2 na vodach «Pinskaha mora»

Schreck FBA-17HMT2 na vodach «Pinskaha mora»
Schreck FBA-17HMT2 на водах «Пінскага мора». Крыніца: samolotypolskie.pl

Да 1939 года флатылія налічвала больш за 100 баявых і дапаможных адзінак. Якія ж караблі складалі яе аснову?

Manitory ŭ Pinsku
   Маніторы ў Пінску. Фота з Вікіпедыі

Маніторы — цяжкабраняваныя караблі з малой асадкай, спецыяльна сканструяваныя для мелкаводдзя — былі галоўнай сілай Пінскай флатыліі. У складзе флатыліі служылі 6 манітораў: «Kraków», «Wilno», «Warszawa», «Horodyszcze», «Pińsk» і «Toruń». Яны мелі магутнае артылерыйскае ўзбраенне і гаўбіцы.

ORP «Admirał Dickman»
ORP «Admirał Dickman». Крыніца: суполка ў Фэйсбуку 100-lecie Flotylli Pińskiej

Таксама ў яе склад увайшлі кананіркі — невялікія баявыя караблі з артылерыйскім узбраеннем, прызначаныя для баявых дзеянняў на рэках і азёрах — «Zuchwała», «Zaradna» і «Zawzięta». Яны вызначаліся манеўранасцю і выкарыстоўваліся для патрулявання. Акрамя іх, на «Пінскім моры» дзеілі 17 узброеных катараў і мабільныя тральшчыкі для размінавання рэчышчаў.

Karabieĺ «Generał Sosnkowski»
Карабель «Generał Sosnkowski». Фота з 
Фэйсбука

У складзе флоту былі судна-мінёр «Mątwa», карабель «Admirał Dickman» і нават плывучы шпіталь «Generał Sosnkowski».

«Generał Szeptycki» i dva manitory na Prypiaci
«Generał Szeptycki» і два маніторы на Прыпяці. Фота з Вікіпедыі

Марская спадчына Пінска

У верасні 1939 года флатылія апынулася ў пастцы. Засушлівае лета прывяло да крытычнага падзення ўзроўню вады ў рэках Палесся, і караблі страцілі манеўранасць. Каб флот не патрапіў да ворага, караблі былі затопленыя.

Padrazdzialiennie matrosaŭ Pinskaj flatyliiПадраздзяленне матросаў Пінскай флатыліі. Крыніца: Нацыянальны лічбавы архіў
Польшчы

Маракі Пінскай флатыліі сфармавалі марскія батальёны і працягнулі баявыя дзеянні на сушы. Большасць караблёў пазней былі паднятыя і склалі аснову савецкай Пінскай ваеннай флатыліі (праіснавала да восені 1941 года).

Pinsk
Пінск. Крыніца: Нацыянальны лічбавы архіў Польшчы

Сёння пра тыя падзеі нагадвае «беларуская» назва бульвара ў Варшаве, які злучае сучаснасць з памяццю пра рачны флот Палесся.

Мікалай Заяц, Budzma.org