Пра што варта маўчаць: 10 рэчаў, пра якія нельга распавядаць свету. Частка 2

Мы жывем у грамадстве, і камунікацыя — звыклая справа. Дзякуючы камунікацыі з людзьмі мы вучымся, развіваемся, наладжваем сувязі, заводзім сяброўства і знаходзім каханне. І здаецца, для падтрымання добрых адносін, для таго, каб жыць у гармоніі з сабой і з людзьмі, трэба быць максімальна адкрытым у зносінах. Але насамрэч жыццё паказвае, што гэта не зусім так. Ёсць рэчы, пра якія не варта нікому гаварыць дзеля захавання ўласнага спакою, дабрабыту і прыязных адносін з людзьмі.


68.jpg

 
Мы склалі спіс 10 такіх рэчаў. Пра палову з іх мы распавядалі ў папярэднім нашым артыкуле.

Чытаць па тэме: Пра што варта маўчаць: 10 рэчаў, пра якія нельга распавядаць свету. Частка 1

1. Дабрачыннасць

Напэўна, вы чулі прыказку: «Зрабіўшы дабро, кінь яго ў ваду». Гэта значыць, распавядаць пра тое, што вы зрабілі бескаштоўна на карысць іншых, не варта. Сапраўдная дабрачыннасць — тыя справы, за якія вы не атрымліваеце ніякіх выгод для сябе.

Рэклама, піяр, прасоўванне праз сацсеткі — гэта таксама від аплаты. Таму дапамога каму-небудзь з умовай піяру не з’яўляецца дабрачыннасцю. Нават калі гэта дапамога дабрачынным фондам або здзяйсненне дабрачынных акцый. Сапраўдная дабрачыннасць мусіць быць маўклівай і ананімнай.

Адзіным выключэннем тут будзе з’яўляцца выпадак, калі вы распавядаеце пра свой учынак з мэтай прыцягнуць іншых людзей да здзяйснення таго ж.

72.jpg

Справа ў тым, што галоўны сэнс дабрачыннасці — гэта абсалютная добраахвотнасць. І як вынік — самапавага за зробленае. Калі ж мы распавядаем паўсюль пра свой дабрачынны ўчынак, мы як бы «выпрошваем» сабе пахвалу ад іншых. Нават калі не прызнаемся ў гэтым. Нават калі на ўсе пахвалы сціпла адмахваемся: «Ды што там. Мне было нескладана». А гэта ўжо паказальнік таго, што самі сябе мы не вельмі паважаем і нам пастаянна патрэбны доказы сваёй значнасці і патрэбнасці звонку.

2. Крыўда

Як часта мы скардзімся на сквапнага каханка, дурное кіраўніцтва, няўдзячных сяброў, дзяцей-гультаёў, выкладчыкаў-злыдняў і г. д., і т. п. У любога чалавека ў атачэнні знойдзецца хтосьці, на каго можна паскардзіцца.

69.jpg

Крыўда — вельмі разбуральнае пачуццё. Кожны раз, пракручваючы ў галаве словы, дзеянні (альбо, наадварот, пасіўнасць) іншага чалавека, якія нас пакрыўдзілі, мы «зліваем» неверагодныя аб’ёмы жыццёвай энергіі ў нікуды. Акрамя таго, значна псуем сабе настрой і паніжаем самаацэнку. А калі мы гэта яшчэ і ўголас прагаворваем, ды не адзін раз...

Да таго ж, вы ніколі не ведаеце, чый бок прыме ваш суразмоўца. А раптам ён/яна пачне абараняць пазіцыю вашага «крыўдзіцеля». Яшчэ адна крыўда вам гарантавана.

Калі ёсць крыўда, лепш разабраць яе са сваім «крыўдзіцелем». Вельмі часта мы крыўдуем з-за недахопу інфармацыі альбо звычайнага непаразумення. Калі такі варыянт — не варыянт, то варта звярнуцца да псіхолага альбо псіхалагічных практык і прапрацаваць сваю крыўду, адпусціць яе і жыць далей спакойна.

3. Свой былы сексуальны вопыт

Так склалася, што ў моладзевым (так скажам, «пакуль несямейным») асяродку лічыцца «прэстыжным» пахваляцца сваімі перамогамі ў сферы фізічнага кахання. Але ж наступствы такой хвальбы зусім не такія, якіх чакаюць аматары пікантных гісторый.

Па-першае, гэта гісторыя не толькі пра вас. Гэта як расказаць давераны вам сакрэт альбо выкласці сумесныя фота ў агульны доступ, не запытаўшы дазволу ў тых, хто на іх выяўлены.

Па-другое, зноў бяруць сваё законы псіхалогіі. Распавядаючы пра тое, колькі і якіх партнёраў/партнёрак у вас было, вы губляеце давер з боку сваіх слухачоў. Нават калі яны самі вас упрошваюць падзяліцца падрабязнасцямі асабістага жыцця. На падсвядомым узроўні насупраць вашага імя аўтаматычна ставіцца птушачка «не варты (-ая) даверу».

Прычым такая ж птушачка ставіцца і ў вашай уласнай падсвядомасці. Вы самі ў сваіх вачах губляеце пэўную каштоўнасць і вартасць.

Асабліва не варта расказваць пра гэта сваім цяперашнім каханаму/каханай. Бо ў мужчын такія расказы выклікаюць расчараванне, а ў жанчын — татальны недавер. На такіх пачуццях пабудаваць нешта сур’ёзнае амаль немагчыма.

4. Аскеза

Калі вы добраахвотна адмаўляецеся ад нейкіх выгод дзеля нейкай мэты, пра гэта мусіце ведаць толькі вы. Бо сэнс практыкі аскезы і заключаецца ў тым, што вы маеце дамову з самім сабой. Толькі вы ведаеце, наколькі тое, ад чаго вы адмовіліся, каштоўна для вас, колькі вам прыходзіцца прыкладаць намаганняў, каб вытрымаць свой зарок.

Калі ж вы пачынаеце распавядаць усім, як гэта складана ці якой вялікай мэты вы жадаеце дасягнуць, то духоўная практыка ператвараецца ў гульню і пахвальбу. Яна абясцэньваецца для вас.

Чытаць па тэме: Як рэагаваць на крытыку: практычныя парады

У той жа час рэакцыя суразмоўцы можа быць далёка не такой, якую б вы хацелі атрымаць. Напрыклад, вы чакаеце падтрымкі і ўхвалення: «Які ты герой!». А атрымаць можаце зусім іншае. Ад звычайнага непаразумення: «Ну і навошта такія пакуты?» да крытыкі: «Не выстаўляй сябе лепшым за іншых!» і нават кпінаў: «Паглядзіце на гэтага аскета!».

5. Сварка з каханым/каханай

70.jpg

Вельмі часта, калі адбываецца нейкае непаразуменне ў адносінах з каханым, мы спяшаемся па падтрымку ад родных ці сяброў. І пачынаем ва ўсіх фарбах распісваць, які ён/яна нехарошы чалавек. Мы выказаліся, нас пашкадавалі. Нам стала лягчэй. Здаецца, усё добра.

Але калі мы са сваімі каханымі памірымся і ў хуткім часе забудземся на крыўды і сваркі, то негатыўны вобраз, які склаўся ў нашых блізкіх, застаецца. І пасля мы ніяк не можам зразумець: чаму наша бліжэйшае атачэнне яўна недалюблівае і не ўхваляе нашых каханых. І пачынае нас настройваць супраць іх.

Чытаць па тэме: Як палепшыць стасункі з каханым чалавекам: 5 дзейсных метадаў

Усе свае сваркі з каханымі варта вырашаць толькі з імі (у цяжкіх выпадках — з сямейнымі псіхолагамі). Калі пасля непаразумення ці абразы вам патрэбна падтрымка блізкіх, канечне, варта па яе звярнуцца. Але не расказваць, як вас пакрыўдзілі, а закцэнтаваць увагу на сваіх адчуваннях. Напрыклад, проста сказаць: «Падтрымай мяне, мне зараз так няўтульна (я не ведаю, што рабіць; мне сумна і г. д.)». А на пытанне: «Што здарылася?» заўжды можна сказаць, што склалася непрыемная сітуацыя, з якой вы пакуль не справіліся (ці якую трэба проста перажыць).

Вікторыя Лебедзева, budzma.org