Пра што размаўляюць з Вясной у гукальных песнях і прычым тут «Купалінка»

29.03.2023 Культура

Пра што тэксты песень, якімі гукаюць вясну? Спрабуем разабрацца па-навуковаму.


Гуканне вясны застаецца актуальным святам для беларусаў і дома, і ў эміграцыі. На мінулых выходных гэты абрад ладзілі ў Вязынцы пад Мінскам, у Варшаве, Уроцлаве. Беларусы замежжа ў іншых гарадах таксама рабілі ці плануюць уласныя святы.

Пачатак выканання вяснянак вызначаецца ў розных рэгіёнах Беларусі пэўнымі святамі або прысвяткамі (найчасцей гэта Грамніцы, Масленіца, Саракі, Дабравешчанне, а таксама — Аўдакея, Аляксей, сярэдзіна Вялікага посту, Вялікдзень, Ушэсце, прысвяткі, істотныя ў лакальнай традыцыі) ці прыроднымі з’явамі («снег растаў», «як пойдзе лёд», «як трава на лугах зацвіце, лотаць на вадзе», «як жаваранак прылятае»).

Чытайце па тэме: Што рабіць на Саракі, каб год быў шчаслівы

У залежнасці ад мясцовасці маглі гукаць да Дабравешчання, Вялікадня, Ушэсця, Купалля.

06_2018-02-15 Novaje Palessie_А. Ляшкевіч_0076.jpg
Гуканне вясны на Грамніцы ў в. Новае Палессе Лельчыцкага раёна

У жывой традыцыі прынамсі мне вядомыя гуканні вясны на Стрэчанне ў в. Новае Палессе Лельчыцкага раёна, на Масленіцу — «Чырачка» ў в. Тонеж Лельчыцкага раёна і «Гу-вясна» ў в. Пагост Жыткавіцкага раёна, на Саракі ў в. Касцюшкавічы Крычаўскага раёна, на Благавешчанне — у в. Галавенчыцы Чавускага раёна, у в. Забалаць Любанскага раёна і ў в. Бярозаўка Калінкавіцкага раёна. Праўда, бадай, нідзе, акрамя Тонежа, ужо не робяць абраду штогод. Перад святам лепш патэлефанаваць і ўдакладніць, ці яно адбудзецца. Гарадскія аматары фальклору ладзяць гуканне вясны звычайна ў бліжэйшыя да вясновага раўнадзенства выходныя.

05_2017-02-26_Toniez_A.Liaszkievicz_IMG_9855.jpg
Гуканне вясны на Масленіцу «Чырачка» ў в. Тонеж Лельчыцкага раёна.

Чытайце па тэме: «Ой, чырочко, пташэчко, не залетай далечко...» Як у Тонежы вясну гукалі

Пра што тэксты песень, якімі гукаюць вясну?

Класіфікацыю вяснянак прапанавала маскоўская этналінгвістка Таццяна Агапкіна ў кнізе «Этнографические связи календарных песен. Встреча весны в обрядах и фольклоре восточных славян». Прадэманструем прыкладамі з беларускага фальклору самыя папулярныя сюжэты.

Відэа Алены Ляшкевіч

Вясна, што ты нам прынесла?

Большасць песень гукання вясны будуецца на звароце да вясны ці на дыялогу з ёй. Зварот «Вясна, што ты нам прынесла?» сустракаецца на большай частцы Беларусі, акрамя левабярэжжа Дняпра. Далей спявачкі самі сабе адказваюць на гэта пытанне. Некаторыя даследчыкі прачытваюць адказ як нібыта рэпліку персаніфікаванай Вясны, якая ўступае са спявачкамі ў дыялог. У залежнасці ад адказу выдзяляюцца падсюжэты.

02_2017-02-26_Toniez_A.Liaszkievicz_IMG_0097.jpg

Вясна прыносіць сыр і масла (альбо іншую абрадавую масленічную ежу)

Такімі песнямі гукалі вясну на Масленіцу. Часам гэта рабілі, трымаючы ў руках сыр альбо іншую абрадавую масленічную ежу, упрыгожаную ялінку, каравай. Сюжэт характэрны для Цэнтральнага Палесся: Жыткавіцкі, Столінскі, Лельчыцкі, Лунінецкі, Любанскі, Салігорскі раёны.

Вось адзін з варыянтаў такога тэксту, запісаны ў в. Пагост Жыткавіцкага раёна:

Гу, весна, гу, красна,

Што ты нам прынесла

Ці по еечэчку, ці по пірожэчэчку

Ці кусочак сыра, ці брусочак масла.

Відэа Алены Ляшкевіч

Дзеці ядуць рытуальную ежу (булачкі, сыр, тварог і яйкі), седзячы на страсе хлява. Пры гэтым старэйшыя жанчыны гукаюць вясну песняй, у якой апісваюцца такія стравы.

Гэты сюжэт можа перагукацца з наступным. У адказ на пытанне Вясне сустракаецца радок: Дзеўкам сыра — вясну зваці.

Відэа Святланы Клепікавай

Вясна прыносіць кожнаму свой дар

У гэтых песнях кожная полаўзроставая група атрымлівае ад вясны прызначаныя ёй падарункі:

Старым бабам — па кіёчку, падпіраціся; па прызбачцы; па галушачцы; па кудзелі.

Старым дзядам — па кіёчку, на мураўцы сядзець; па піражочку.

Маладзіцам — па сыночку, забаўляцца; па люльцы; па бердзечку; па красёнцах; красёнцы ткаць; па чэпчыку; па сярпочку.

Маладым мужчынкам — па плужочку, поле араць; па піпцы.

Дзевачкам — па вяночку; павянчацца; па пранічку, палотны бяліць; красак, вянкі віці.

Малым дзеўкам па вяночку,

Большым дзеўкам па платочку.

Большы дзеўкі замуж пойдуць,

Малы дзеўкі дома будуць.

Хлопчыкам — па пужачцы, на пастку гнаць; дудак валы гнаць; па коніку, наязджаціся; па брыльку.

Малым дзеткам — па яечку; з яечкам гуляць; па гулачцы; пагуляціся.

Пастушкам — па кіёчку; па яечку.

09_2018-02-15 Novaje Palessie_А. Ляшкевіч_0165.jpg

Вясна прыносіць дабро дзяўчатам і зло хлопцам

Найчасцей гукалі вясну дзяўчаты, таму хлопцам у такіх тэкстах выпадала незайздросная роля:

Дзеўкам бяросту, хлопцам каросту.

На дзевачак красоту, на мальчыкаў сухоту / ташноту.

Дзевачкам па яечку, хлопцам па скулечку.

Дзевачкам па булцы, хлопцам па скулцы.

010_2018-02-15 Novaje Palessie_А. Ляшкевіч_0190.jpg

Вясна прыносіць шкоду гаспадарцы

У гэтых песнях паэтычнай мовай гаворыцца пра тое, што ранняя вясна — галодны час для селяніна. Старыя запасы ежы ўжо сканчаюцца, а новых пакуль няма.

З току саломку вытрасла, з клеці зярно вымела.

Бясхлебіцу, бяссоліцу, адну свірэпіцу.

Вясна-красна, на чым прыйшла?

Гэта другі варыянт пачатку спеўнага дыялогу ў гукальных песнях. Адказ на пытанне разгортваецца ў сюжэт «Вясна прыходзіць на сошачцы, на бароначцы».

Тут размова пра тое, што надыходзіць сезон работ на раллі: арання (сахой) і баранавання (бараной). Недарма гуканне вясны магло адбывацца ў гумне, на полі, з пірагамі ці караваем у руках. З дапамогай атрыбутаў і месца гукання сімвалічна ўзмацняецца пасыл песні: на добры ўраджай.

07_2017-02-26_Toniez_A.Liaszkievicz_IMG_9963.jpg

Вясна, дзе твая дачка?

Гэта трэці варыянт пачатку спеўнага дыялогу ў гукальных песнях. Дачка Вясны можа мець імя Мар’яначка, Ульяначка, Таццяначка ці звацца проста панначка / паняначка альбо вясняначка. «Вясняначкай» могуць ласкава зваць і саму Вясну. Яе вобраз у песнях часта блытаецца з вобразам дачкі. Гэты сюжэт распаўсюджаны ўздоўж Дняпра і яго прытокаў. У залежнасці ад адказу выдзяляюцца падсюжэты.

Вясняначка пасвіць жывёлу

Такімі тэкстамі сімвалічна закладаецца дабрабыт на наступны гаспадарчы год у жывёлагадоўчаў сферы.

Відэа Алены Паўлоўскай

Найчасцей пяецца пра бычкоў і кароў, але часам пералічваюцца ўсе катэгорыі быдла:

Пагнала кароўкі да дуброўкі,

Пагнала авечачкі каля рэчачкі,

Пагнала цяляткі на сенагкаткі,

Пагнала свінкі да далінкі.

Жывёлагадоўчыя матывы могуць спалучацца з любоўна-шлюбнымі (а мы пісалі, што ў беларускай традыцыйнай культуры каханне звязана са шлюбам, які быў адзіным магчымым станоўчым вынікам адносінаў між хлопцам і дзяўчынай):

Вясняначка, дзе твая дочка Таццяначка?

Пагнала бычка й у ліпачкі,

За ёю хлопцы у скрыпачкі,

А Васілёчкі ў галасочкі,

А Іванчыкі ў барабанчыкі.

03_2017-02-26_Toniez_A.Liaszkievicz_IMG_9916.jpg

Вясняначка шые сарочку

У такім сюжэце таксама прачытваюцца любоўна-шлюбныя матывы:

Вясеначка сядзіць в садочку, шые сарочку свайму сыночку Васілёчку.

Сядзіць на скрыне, шыя пярыны сваёй дачушцы Кацярыне.

Можна выказаць версію, што сарочка і пярыны патрэбныя дзецям Вясняначкі для таго, каб узяць шлюб. У варыянце такой песні з Украіны: Шые беллю к свайму вяселлю.

Відэа Алены Ляшкевіч

Пытанне «Дзе твая дачка?» у тэкстах песень можа страчвацца, замест яго — «Чыя то панначка?» Але застаюцца шлюбныя матывы: На хорошых хлопцоў да не заглядае. Вясна — час сімвалічнага пачатку і абнаўлення, гульняў моладзі на вольным паветры, якія дасягаюць апагею на Купалле і сканчваюцца шлюбамі ўвосень, пасля збору ўраджаю.

04_2017-02-26_Toniez_A.Liaszkievicz_IMG_9917.jpg

Вясняначка поле гарод

Адпаведнік такой песні — «Купалінка». Хоць яна вядома ў апрацоўцы Міхася Чарота, але створана па народных матывах. Вобразы сезоннага боства вяснова-летняга цыклу і яго дачкі перагукаюцца з гераінямі менш вядомых вясновых песень, дзе дачка

Кветачкі рве, ружу поле, чабор поле.

Альбо:

У гародзе чабор поле,

Жыжку-крапіўку сырывае,

Руту-мяту палівае,

Жыжка-крапіўка хлапоцкая,

Рута-мята дзявоцкая. 

У гэтай песні бачым таксама элементы дражнілкі на вышэй пазначаны сюжэт «Вясна прыносіць дабро дзяўчатам і зло хлопцам». Некаторыя матывы можна інтэрпрэтаваць як шлюбныя: Вясняначка збірае кветкі і зёлкі сабе на вясельны вянок.

Відэа: гурт Hvarna

Вясняначка зімавала ў лесе

У такіх песнях можа быць зварот непасрэдна да вясны ці яе дачкі «Вясняначка, паняначка, дзе ты зімавала?» А адказ:

У лесе на орэсе, дзеток годовала... весну прыгукала.

У лесе зімавала, гарод гарадзіла, красачкі садзіла.

Кудзельку прала.

Прадзенне — від гаспадарчых прац, якія асацыююцца з восеньска-зімовым сезонам. Ужо падчас Вялікага посту прадзенне сканчвалася і наступаў час для ткацтва. На Вялікдзень жа добрая гаспадыня спраўляла ўсёй сям’і абноўкі з натканага палатна.

Такія сюжэт, як і папярэдні, мае паралелі ў купалках, дзе могуць гучаць пытанні кшталту «Купала / Купалінка, дзе ты была / начавала / зімавала / летавала?» Што цікава, сярод адказаў — у садочку, у жыце, на лужку, пад дрэвам, таргі таргавала, сустракаецца таксама кросны ткала. Але ўжо няма матыву зімовага прадзення, як у вясновых песнях.

01_2023-03-26 гуканьне вясны_А.Ляшкевіч_009.jpg

Акрамя Вясны і яе дачкі ў гукальных песнях можа быць зварот да Бога, Прачыстай, старэйшых людзей, а таксама просьба да птушкі вынесці ключы і адамкнуць вясну / лета. Такія песні характэрныя для Усходняй Беларусі і Смаленшчыны.

А ты вылеці, чорна галачка,

А ты вынесі залаты ключы.

Ты замкні, Божа, зіму грозную,

Адамкні, Божа, лета цёплае.

Відэа: гурт Нямора

Ключы могуць захоўвацца таксама ў дачкі Вясны, у пчолкі.

Вясна доньку кліча, Божа мілы!

— Дай, донька, ключы,

Адамкнуць зямліцу,

Выпусціць травіцу.

011_2023-03-26 гуканьне вясны_А.Ляшкевіч_010.jpg

Ты, пчолачка ярая, ты вылець за мора, Ой, ляло, ляло,

Ты вынесі ключыкі, ключыкі залатыя,

Адамкні лецечка, лета цёплае,

Замкні зіманьку, зіму сцюдзёную.

Алена Ляшкевіч для budzma.org
Фота аўтаркі