Саракі — у хрысціянскай традыцыі прысвятак, што адзначаўся ў памяць сарака Севасційскіх воінаў-пакутнікаў. У народным календары гэта больш маштабнае свята, астранамічна прымеркаванае да веснавога Раўнадзенства.
У гэты дзень (9/22 сакавіка) птушкі вясну з цёплага выраю прыводзяць. Пачынаецца шасцімесячны цыкл прысутнасці пералётных птушак і паўзычых гадаў на зямлі. Нашыя продкі асацыявалі іх з душамі памерлых.
Галоўны «атрыбут» свята — лік сорак. Усё завязана на ім: выпякалі 40 галёп, збіралі 40 трэсак, перакідвалі праз дах палку 40 разоў, збіралі 40 каменьчыкаў.
Крыніца: zviazda.by
У традыцыйнай культуры гэта адзін з самых незвычайных і супярэчлівых лікаў. Мае вялікае значэнне ў народным календары: паміж асноўнымі святамі года прыкладна 40 дзён.
Таксама гэты лік сімвалізуе памежжа гэтага і таго светаў, пераход з аднаго стану ў іншы. На саракавы дзень адлятае душа нябожчыка, сорак дзён пасля родаў жанчыне нельга было з’яўляцца ў храме, праз сорак дзён у маладых заканчваецца «мядовы месяц».
На Саракі існуе многа разнастайных абрадаў: збіраць яечкі ці каменьчыкі, скакаць праз калёсы, ламаць дошкі, спяваць вяснянкі, варажыць, ахвяраваць рытуальнае печыва і іншыя.
А як можна сустрэць Вясновае раўнадзенства ў сучасных гарадскіх умовах, падкажа гэты артыкул.
Рытуальная ежа
Прысвяціце крыху часу гатоўцы. Можна зрабіць гэта традыцыйна: завесці дражджавое цеста, вылепіць з яго 40 птушачак, зрабіць ім вочкі з разынак...
А можна проста разам з блізкімі прыгатаваць любімыя стравы альбо паэксперыментаваць з новым рэцэптам. Няхай ваша вясна пачнецца смачна!
За гатоўкай можна і паспяваць, і падзяліцца сваімі марамі, надзеямі, страхамі. Даць і атрымаць маральную падтрымку.
Глядзіце па тэме: Булачкі ў форме «жаўрукоў». Відэарэцэпт ад «Будзьма»
Як сведчаць даследчыкі, рытуальнае печыва «кідалі ў агонь, ваду, закопвалі ў зямлю, пакідалі на дарозе, ˂...˃ адрасавалі Марозу, жабракам ˂...˃ альбо дзецям...» Гэта сведчыць, што рытуальная ежа на Саракі, хутчэй за ўсё, выконвала ролю ахвяры.
Закопваць, спальваць альбо тапіць смакату не варта. А вось падзяліцца з суседзямі ці пачаставаць людзей на вуліцы — самае тое!
Выхад на свежае паветра
Вясна выманьвае нас з будынкаў, вабіць свежым ветрам, цёплымі сонечнымі промнямі, першай зелянінай.
Пашырайце сваю прастору існавання: сустрэньце ўзыход сонца ў лесе (парку), на беразе бліжэйшага вадаёма. Адкіньце на некалькі гадзін паўсядзённыя клопаты і проста паназірайце за зменамі, што адбываюцца навокал, парадуйцеся новаму жыццёваму цыклу.
Паклічце з сабой родных і сяброў, прыхапіце тое, што прыгатавалі разам, і наперад — да веснавых прыгод!
Фізічныя практыкаванні
На Саракі даўней правяралі «гатоўнасць» дзяўчыны да шлюбу пераскокваннем праз сані, ламаннем дошак альбо разрываннем вяровак. Калі прыгажуня справіцца з заданнем 40 разоў запар, яна гатовая да сямейнага жыцця — можна сватоў чакаць.
Скакаць праз сані і ламаць дошкі сёння, можа, і не варта, а вось наведаць спартыўную залю альбо выканаць комплекс практыкаванняў дома — добры варыянт адзначыць свята. Прычым — не толькі дзяўчатам. Практыкаванні ў гонар свята робім па 40 разоў.
Варожбы
Без іх, як і без уборкі дома напярэдадні, не абыходзілася, бадай ніводнае свята.
Дзяўчаты пяклі галёпы і раскладалі іх на парозе. Прыносілі сабаку. Чыё печыва ён з’ядаў першым, тая ў хуткім часе і шлюбам пабярэцца. Таксама рассявалі ў храме каноплі, прыгаворваючы: «Святы саракасею, я не цябе каноплі сею. Дай знаці, з кім пад вянцом буду стаяці».
Наваражыць сабе шчасце, насмеціўшы ў храме, наўрад ці атрымаецца. А вось кармленне беспрытульных жывёл альбо пачастунак для дзікіх птушак —адназначна палепшаць вашу карму. Натуральна, што ежа мусіць быць адпаведнай (рытуальныя галёпы і булачкі тут не падыдуць).
Чытайце па тэме: Ці трэба падкормліваць птушак і як гэта правільна рабіць?
Агародніцтва
Мы прывыклі, што на святы звычайна існуе забарона на хатнюю працу. На Саракі — наадварот. Гэты дзень лічыўся спрыяльным для пасадкі памідораў, напрыклад.
Увогуле, пасадзіць што-небудзь напачатку вясны — файная ідэя. Можна што-небудзь ядомае (цыбулю, часнык, салату) пасеяць у вазончык ці нават проста паставіць у ваду і на падваконне. На Вялікдзень у вас будзе свежая зеляніна.
Крыніца: oka.fm
А можна пасадзіць кветкі ці нейкую хатнюю расліну. Прыцягніце да гэтай справы дзетак — і будзеце разам назіраць за сваім зялёным гадаванцам.
Ушанаванне продкаў
Так, любое значнае свята ў беларусаў мае гэты элемент. Лічыцца, што душы памерлых ахоўваюць, падказваюць і па-рознаму дапамагаюць тым, хто жыве на зямлі.
З надыходам вясны наступае шасцімесячны перыяд, калі душы продкаў вяртаюцца з далёкага выраю і прысутнчаюць тут, у гэтым свеце. То варта з пашанай сустрэць дарагіх гасцей ды падняць ім настрой пасля доўгага зімовага сну, калі душы прыляталі толькі на некалькі гадзін — пагрэцца ды пачаставацца куццёй.
Прыбярыцеся ў хаце, паклічце на вячэру сваякоў. Разам паразглядайце фотаальбомы ды паўзгадвайце сямейныя гісторыі і паданні.
Вясна — час абуджэння, радасці і прагі жыцця. Гэта час брацца за новыя праекты, рэалізоўваць новыя ідэі. І што б ні адбывалася навокал, няхай у вашым сэрцы прачнецца сапраўдная вясна ды надасць вам сіл на перамогі і новыя здзяйсненні!
Ева Вятрыскіна, budzma.org