Пункт Нязломнасці па-беларуску: як салідарнасць сагравае Кіеў

Боршч, гарачая гарбата, дзіцячыя малюнкі на сценах намёта і беларуска-ўкраінскі сцяг. У адным з самых небяспечных раёнаў Кіева працуе Пункт Нязломнасці, арганізаваны беларусамі. Budzma.org наведала гэтае месца — прастору падтрымкі, сустрэч і ўзаемнай дапамогі — і дзеліцца ўражаннямі з чытачамі.

centr-niazlomnasci-Aliena-01.jpgАдна з ініцыятарак стварэння Пункта Нязломнасці, беларуская актывістка Алена Жаркевіч

З-за агрэсіўных абстрэлаў Расіі па інфраструктуры Украіны сотні дамоў засталіся без святла і ацяплення. Асабліва востра гэтая праблема паўстала на левым беразе Кіева. З гэтай прычыны ў горадзе пачалі з’яўляцца пункты Нязломнасці — спецыяльныя месцы, дзе людзі могуць пагрэцца, выпіць кавы ці пад’есці, а таксама атрымаць маральную падтрымку і даведацца апошнія навіны.

Адзін з такіх пунктаў на Левым беразе Кіева быў адкрыты беларусамі. Ініцыятаркамі сталі беларускія актывісткі Алена Жаркевіч і Ірына Шчасная разам з Яраславай Самойленка, якая прадстаўляе ўкраінскі бок.

А сёння стала вядома, што ў Кіеве ўсталёўваецца ўжо другі беларускі намёт, бо першы больш не спраўляецца з колькасцю людзей, якім патрэбна дапамога.

Як паўстаў беларускі Цэнтр Нязломнасці

Цэнтр Нязломнасці — гэта не першая дабрачынная акцыя, арганізаваная Аленай. Жанчына з’яўляецца заснавальніцай валанцёрскага беларуска-ўкраінскага цэнтра «Сустрэча», які існуе ў Кіеве з 2023 года. Дзякуючы гэтай арганізацыі адбылося шмат дабрачынных мерапрыемстваў: ад перадачы падарункаў дзецям, якія страцілі бацькоў за час вайны, да разбору завалаў і перагону аўтамабіляў на патрэбы УСУ. Алена Жаркевіч кажа, што і зараз яна не змагла застацца абыякавай, калі жыхары ўкраінскай сталіцы апынуліся ў такім цяжкім становішчы.

centr-niazlomnasci-02.jpgІніцыятарак стварэння Пункта Нязломнасці, беларуская актывістка Алена Жаркевіч

«Проста ў адзін момант з’явілася ідэя — адкрыць Пункт Нязломнасці. Мы пачалі шукаць намёт, шэрыя вайсковыя намёты, але не знайшлі. Потым зразумелі, што патрэбныя грошы. А адкуль іх узяць? У нас няма. Я працую ў Кіеве таксісткай. Таксама і ўсе нашы валанцёры працуюць хто дзе. У нас няма грантаў.

Тады я напісала пост ад сябе, прыклала пару скрыншотаў — і да нас пачалі далучацца беларусы. Першая дапамога прыйшла з Амерыкі. Беларускія дабрачынцы з ЗША сказалі: «Давайце мы набудзем намёт». І ўсё — яны дапамаглі нам яго набыць. Потым мы купілі генератар, некалькі неабходных рэчаў — і засяліліся сюды».

Намёт быў пастаўлены ў адным з самых небяспечных раёнаў Кіева — там, дзе была найбольшая патрэба. У навакольных дамах жыве шмат пенсіянераў. У першы дзень, як людзі даведаліся пра існаванне пункта, яго наведалі каля 50 чалавек. А праз некалькі дзён пачалі прыязджаць працоўныя брыгады, якім таксама было патрэбнае цёплае харчаванне. Тады ў Пункце Нязломнасці пачалі гатаваць ежу.

«Пасля размоў з людзьмі, якія да нас прыходзілі, высветлілася, што некаторыя ядуць толькі бутэрброды, бо дома ў іх няма цяпла, святла, а ў многіх няма і газу, — дзеліцца Алена. — І тады мы вырашылі, што ў нас заўсёды павінен быць боршч, заўсёды павінна быць бульба. Мы гатуем ежу, кормім усіх, хто прыходзіць. Кожны можа сагрэцца і паесці ў нашым намёце».

Зараз, калі пункт функцыянуе і пра яго даведалася шмат людзей, дапамогі ад грамадскасці стала больш. Гэта адзін з нешматлікіх пунктаў, які працуе і днём, і ноччу. Гарадская адміністрацыя замацавала за намётам паліцыю, якая забяспечвае ахову 24/7.

Пункт Нязломнасці ў Кіеве

«Людзі каля нас не могуць проста так сядзець»

Беларускі Пункт Нязломнасці наведваюць і госці, якія імкнуцца падтрымаць ініцыятыву. На мінулым тыдні ў намёт завіталі прадстаўнікі амбасады Кітая, якія падарылі Алене сапраўдную кітайскую гарбату — такую, якую звычайна дораць выключна паслам і ганаровым дыпламатам. Таксама ў намёце пабывалі ваяры Палка Каліноўскага: яны прывезлі генератары, салярку і ежу.

Самі ўкраінцы, якія апынуліся ў патрэбе, дапамагаюць адно аднаму і валанцёрам — шмат хто прыносіць у намёт падарункі, ежу і пасылкі для вайсковых.

centr-niazlomnasci-Jaraslava-02.jpgАдна з ініцыятарак стварэння Пункта Нязломнасці, украінская валанцёрка Яраслава Самойленка

«Мы тут не толькі людзей кормім, але і збіраем адпраўкі на фронт, і машыны прыганяем, і буржуйкі... Карацей, усё. Раней я гэта рабіла самастойна, а цяпер у нас каманда з Аленай», — дзеліцца Яраслава Самойленка, украінская актывістка, адна з галоўных валанцёрак, якая ўвесь час знаходзіцца ў намёце.

— Я заўважыла, што людзі каля нас не могуць проста так сядзець — ім трэба нешта рабіць. То вайсковыя прыходзяць дапамагаць, то людзі нешта пякуць, вяжуць, нясуць гэта нам, а мы адпраўляем пасылкі хлопцам на фронт. Мне здаецца, мы зараджаем людзей такім вайбам. А ўдвох з Аленай рабіць гэта ў нас атрымліваецца яшчэ лепей».

У намёце пануе дух салідарнасці і ўзаемападтрымкі. Сярод валанцёраў — былыя вайскоўцы. Кірыл, 24-гадовы хлопец, які прайшоў увесь жах Марыупаля і Бахмута, ваяваў у «Азове», перажыў палон і быў вызвалены. Цяпер ён дапамагае ў Пункце Нязломнасці.

Спадарыня Людміла прыйшла ў намёт другі раз — ужо з падарункам. Яна прынесла старую касету гурта «Беларускія песняры».

centr-niazlomnasci-piesniary-07.jpg
Спадарыня Людміла з касетай "Беларускіх песняроў"

«Я не маю шмат, — расказвае жанчына, — але мне вельмі хацелася нешта падараваць. Я знайшла касету беларусаў і падумала, што беларусам будзе прыемна яе атрымаць. Тут цёпла і добра. А дома — восем градусаў. Было дванаццаць, а калі разбамбілі цеплаэлектрастанцыю, стала восем. Холадна».

Адна жанчына, сустрэўшы ў намёце другую, даведваецца, што ацяплення ўжо не будзе да канца 2026 года. Ёй цяжка стрымаць эмоцыі.

Бабуля Таісія прыходзіць у намёт, пляце мачалкі і вяжа шкарпэткі, якія адпраўляюць на фронт. Юлія, мама траіх дзяцей, гатуе і прыносіць ежу, бо хоча дапамагчы валанцёрам. 

centr-niazlomnasci-Taisa-02.jpgСпадарыня Таісія вяжа шкарпэткі і перадае для дасылкі на фронт

centr-niazlomnasci-Taisa-02-2.jpg

Спадарыня Люба прынесла ў Пункт Нязломнасці чатыры падносы піражкоў. Яна ўстае ў пяць гадзін раніцы і пячэ іх, каб пачаставаць бліжніх. З пачатку вайны Любоў рэгулярна адпраўляе сваю выпечку на фронт. Яна прызнаецца, што ёй дапамагае адзінаццацігадовая ўнучка, а вайскоўцы чакаюць яе печыва.

centr-niazlomnasci-liubou-03.jpgСпадарыня Любоў пячэ піражкі і дасылае на фронт

«Малайцы беларусы»

Андрэй Мікалаевіч зайшоў у пункт упершыню. П’ючы гарбату, ён заўважае сцяг і пытаецца:

— А «Жыве Беларусь» — гэта такая арганізацыя?

Яму тлумачаць, што гэты надпіс тут таму, што цэнтр дапамогі арганізавалі беларусы.

— Малайцы беларусы, — адзначае спадар Андрэй.

Музей дзіцячых малюнкаў

Пункт Нязломнасці стаў асаблівым месцам сустрэчы для дзяцей. Намёт ператварыўся ў сапраўдны музей дзіцячых малюнкаў. Алена распавядае, як гэта пачалося:

«Аднойчы да нас прыйшоў тата аднаго хлопчыка, гадоў шасці. Ён прывёў сына і кажа: «Алена, мой сын табе малюнак намаляваў». І падараваў мне яго. Тады я зразумела, што трэба рабіць. Пайшла, набыла алоўкі, паперу — і ўсё. Дзеці пачалі прыходзіць, маляваць, гуляць у настольныя гульні».

centr-niazlomnasci-04.jpgДзеці ў Пункце нязломнасці

Сястрычкі Улада і Мілана жывуць у суседнім доме і часта заходзяць у намёт. Улада намалявала кветку на папяровым кубачку і расказвае, што прыходзіць сюды амаль кожны дзень, паказвае малюнкі, якія стварылі яе сябры.

centr-niazlomnasci-Ulada-06.jpgУлада (8 гадоў) штодзень прыходзіць з сястрычкай у Пукт Нязломнасці

«Мы тут ёсць і можам змяніць гэтую сітуацыю»

Валанцёрка і адна з арганізатарак Пункта Нязломнасці Ірына Шчасная падзялілася сваім досведам валанцёрства:

«Я, напрыклад, проста прыехала ў госці на пачатку студзеня. Мы сядзелі, размаўлялі — і было зразумела, што сітуацыя дрэнная. Мы геаграфічна знаходзімся ў раёне, дзе няма святла, вады, дзе знікае ацяпленне, калі прападае электрычнасць. А пасля аднаго моцнага прылёту святло давалі толькі на паўтары гадзіны. Мы мерзлі, не ведалі, што рабіць.

І прыйшла думка: людзі паўсюль мерзнуць, вакол нас таксама мерзнуць людзі. І вось ёсць беларусы, мы тут ёсць і можам змяніць гэтую сітуацыю. Мы вырашылі адкрыць Пункт Нязломнасці — і адкрылі. Ён будзе працаваць, пакуль у гэтым будзе патрэба.

Чаму я ў гэтым удзельнічаю? Я проста раблю тое, што трэба рабіць. Разумею, што цяпер неабходна быць менавіта тут, дапамагаць людзям, бо яны ў патрэбе. Трэба гуртавацца ў гэтыя складаныя часы і паказваць, што чалавечая еднасць мацнейшая за паскудную расійскую зброю, і што перамагчы народ Украіны ворагу будзе вельмі складана».

centr-niazlomnasci-005.jpgІрына Шчасная з дзецьмі

Гісторыя гэтага пункта — яшчэ адно сведчанне таго, што беларусы побач з Украінай не на словах, а ў справах. Праз валанцёрства, узаемную дапамогу і простую чалавечую прысутнасць яны паказваюць — тут нязломнасць не слова, а штодзённая практыка салідарнасці.

2-punkt-niazlomnasci.jpgБеларусы адкрываюць у Кіеве другі Цэнтр Незломнасці. Фота тэлеграм-канала «Вільна Білорусь» 

Падтрымаць Пункт Нязломнасці

Наста Пабягунская, Budzma.org