Выбар будучай прафесіі — адзін з самых адказных момантаў у жыцці кожнага чалавека. Кім стаць, які кірунак абраць і куды паступіць? Для тых, хто цікавіцца беларускай літаратурай, у нас ёсць адказ.
6 чэрвеня ў Варшаўскім універсітэце распачнецца прыёмная кампанія. Падаць дакументы можна будзе і на кірунак «беларуская філалогія з вывучэннем англійскай мовы». Яго студэнты вывучаюць беларускую гісторыю, мову і, канечне, літаратуру. Прычым, самую сучасную — Бахарэвіча, Някляева, Глобуса, Алексіевіч і іншых пісьменнікаў, пра якіх, хутчэй за ўсё, не раскажуць сёння на філфаках у Беларусі. Творы абмяркоўваюць на прадмеце «Сучасная беларуская літаратура». Курс выкладае доктар філалагічных навук Катажына Дрозд-Урбаньска, якая ў свой час таксама скончыла беларусістыку Варшаўскага ўніверсітэта, абараніла дысертацыю па беларускай лагернай прозе, а цяпер даследуе сучасную беларускую літаратуру. Паразмаўлялі са спадарыняй Катажынай пра праграму навучання і ўмовы наведвання заняткаў.
Катажына Дрозд-Урбаньска. Фота: Радыё Ўнэт
— На гэтых занятках мы абмяркоўваем літаратуру, якая ў Беларусі знаходзіцца сёння па-за канонам. У Альгерда Бахарэвіча, напрыклад, ужо два творы прызналі экстрэмісцкімі. Мы бачым, як рэпрэсіі пачынаюць закранаць і іншых пісьменнікаў.
— Пра што гэта сведчыць? — пачынаем мы са спадарыняй Кацярынай размову пра сённяшнюю беларускую рэчаіснасць.
— Толькі пра слабасць уладаў. Забаронай кніг немагчыма вырашыць праблемы ў грамадстве. Можна зняволіць чалавека. Але ідэі, думкі зняволіць немагчыма. І гэтыя творы ёсць таму пацвярджэннем. Зрэшты, не выключаю, што падобная сітуацыя можа ў нейкай ступені нават паспрыяць натуральнай цікавасці да беларускай літаратуры.
Пра сучасны белліт на гэтых занятках размаўляюць без цэнзуры і купюр. Менавіта таму лекцыі асабліва падабаюцца маладым людзям з Беларусі. Уражаннямі дзеліцца адна са студэнтак кафедры беларусістыкі.
— У школе мы не праходзілі большасць з гэтых пісьменнікаў. Сорамна прызнацца, але менавіта ў Польшчы я адкрыла для сябе прозу Артура Клінава, з захапленнем прачытала яго «Шалом». Літаральна «праглынула» кнігі Юрыя Станкевіча — «П’яўку» і «Любіць ноч — права пацукоў». Вельмі спадабалася «Белая муха — забойца мужчын» Альгерда Бахарэвіча. Таксама чыталі майго любімага пісьменніка Андрэя Федарэнку.
Фота: litres.ru
— Усе гэтыя творы ўпісваюцца ў сучасны еўрапейскі літаратурны кантэкст, але маюць штосьці сваё, унікальнае. Тое, што залежыць ад лакальнага ландшафту і вельмі добра зразумела кожнаму беларусу, — распавядае Катажына Дрозд-Урбаньска.
Сустрэць на сваіх лекцыях яна спадзяецца не толькі сённяшніх абітурыентаў, але і беларускіх студэнтаў, якія ўжо навучаюцца ў Варшаўскім універсітэце.
Крыніца: uw.edu.pl
У электронным каталогу USOS прадмет можна знайсці, убіўшы ў радок пошуку Współczesna literatura białoruska. Курс знаходзіцца ў ліку так званых «огунаў» — агульнаўніверсітэцкіх заняткаў, якія студэнты кожны семестр абавязаны здаваць у якасці дадатковых прадметаў. Для беларускіх студэнтаў, сярод якіх нямала ўдзельнікаў праграмы Кастуся Каліноўскага, людзей абазнаных і свядомых — амаль што ідэальная прапанова.
Спадарыня Катажына кажа, што на сваіх лекцыях не мае нічога супраць і вольных слухачоў. Сустрэчы адбываюцца на факультэце прыкладной лінгвістыкі па адрасе вуліца Добрая, 55.
Крыніца: фэйсбук Варшаўскага ўніверсітэта
— «Возера радасці» і «Мова» Віктара Марціновіча, «Зачараваныя смерцю» Святланы Алексіевіч, «Кафэ Хвілінка» Ігара Бабкова, «Зваротная перспектыва» Адама Глобуса, «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» Уладзіміра Някляева, «Код адсутнасці» Валянціна Акудовіча, «Шабаны» Альгерда Бахарэвіча, — пералічвае Катажына Дрозд-Урбаньска творы, што знаходзяцца ў спісе абавязковых да прачытання.
— Мы абмяркоўваем літаратуру, якая з’явілася пасля 1990-х. Гэта быў час, калі на беларускай літаратурнай сцэне сустрэліся прадстаўнікі розных пісьменніцкіх пакаленняў. Старэйшае, карыстаючыся часовым паслабленнем і магчымасцю друкавацца, магло нарэшце разлічыцца з мінулым і звесці рахункі з рэпрэсіямі сталінскага перыяду. Для беларускай інтэлігенцыі гэта быў вельмі драматычны час. Падзеі 1930-х гадоў перажылі адзінкі. Менавіта таму на маім курсе мы чытаем яшчэ і «Споведзь» Ларысы Геніюш, і лагерную прозу Сяргея Грахоўскага.
Дэбютавала ў дзевяностыя і малодшае пакаленне, якое выступала за вольную ад ідэалогіі і палітыкі літаратуру, якая стала адлюстроўваць абсалютна іншую рэчаіснасць.
З дзевяностымі была звязаная яшчэ і пэўная надзея на будучыню. І вось у найноўшых творах, якія з’явіліся 5-6 гадоў таму, ужо ёсць ацэнка тых чаканняў. У пэўным сэнсе яны прыносяць расчараванне, звязанае ў першую чаргу з перамогай Лукашэнкі на выбарах і пазней замацаваннем яго аўтарытарнай улады. Акрамя таго, наступіла верыфікацыя чаканняў адносна літаратуры. І пра гэта мы таксама размаўляем на нашых занятках.
У наступным годзе ў спісе твораў, якія будуць чытаць студэнты, з’явіцца свежае выданне — кніга «Алесь Бяляцкі» 2022 года выхаду.
— Неверагоднае ўражанне пасля прачытання на мяне зрабіла сама асоба Алеся Бяляцкага. Скарае факт сціпласці гэтага чалавека. Ён апісвае свой удзел у падзеях, істотных для цэлай нацыі, але заўсёды аддае голас большасці.
Фота: reform.by
— Спадарыня Катажына, а што ведае пра сучасную беларускую літаратуру сярэднестатыстычны польскі чытач?
— На жаль — моўны бар’ер. Праз гэту натуральную перашкоду аўдыторыя польскіх чытачоў вельмі абмежаваная. З сучаснай літаратуры на польскую перакладзена большасць твораў Святланы Алексіевіч. Яе кнігі прадаваліся ў «Эмпіку», што ёсць паказчыкам поспеху, бо гэта адна з найбуйнейшых сетак кнігарняў у Польшчы. Ёсць пераклад некаторых апавяданняў Альгерда Бахарэвіча і яго рамана «Сарока на шыбеніцы». На польскай можна прачытаць «Малую падарожную кніжку па Горадзе Сонца» Артура Клінава. Але вельмі, вельмі б прыдаліся пэўныя намаганні ў гэтым кірунку.
І вельмі магчыма, што перакладам беларускай сучаснай літаратуры на польскую мову таксама будуць займацца маладыя людзі, якія сёння абяруць для сябе кірунак «беларуская філалогія».
Прыём дакументаў на кафедру беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта распачнецца 6 чэрвеня і працягнецца да 7 ліпеня. З умовамі можна азнаёміцца на сайце
Паліна Часноўская, budzma.org