Як працуюць найноўшыя вынаходніцтвы? Што такое «крыпта» і навошта яна патрэбная? Ужо існуе паралельным віртуальны сусвет? Пра ўсё гэта і шмат што іншае вы дазнаецеся ў новым відэапраекце ад «Будзьма беларусамі!» — «Пра тэхналогіі і не толькі», дзе вядомы журналіст Аляксей Шота простымі словамі і па-беларуску распавядае, чаго чакаць ад тэхнічнага прагрэсу ў найбліжэйшай будучыні.
Першы выпуск праекта прысвечаны NFT. Напэўна, вы чулі пра гэты токен. А ці ведалі, што з дапамогай NFT цяпер могуць зарабляць стваральнікі лічбавага кантэнту? А на якой крыптавалюце працуе гэты токен: Ethereum ці Bitcoin? А ведаеце пра пляцоўкі, на якіх можна ажыццяўляць куплю і продаж NFT? Беларускі дызайнер Уладзімір Цэслер прадаў адну са сваіх лічбавых прац больш за 2000 даляраў, а самы дарагі NFT у свеце прадалі год таму за 69 мільёнаў даляраў, пра гэта таксама не чулі? Тады запрашаем да прагляду нашага відэароліка, дзе за некалькі хвілін вы атрымаеце ўяўленне, што ж значыць гэтае незразумелае NFT.
Сучасны свет вельмі хутка развіваецца ў тэхналагічным плане. Бывае, звычайны чалавек не паспявае сачыць за навінкамі гэтай індустрыі і не можа зразумець, як працуе тое ці іншае вынаходніцтва, як яно можа спрасціць жыццё асобе і грамадству і ашчадзіць час і сілы.
«„Пра тэхналогіі і не толькі“ — гэта праграма пра актуальныя трэнды, цікавыя навінкі і карысныя вынаходніцтвы. Усё, што трэба ведаць пра развіццё тэхналогій і іх уплыў на нашае жыццё. Праграма дапаможа ўтрымацца на тонкай мяжы рэальнасці і віртуальнасці, выбраць, як і чым апгрэйдзіць сваё жыццё, а можа нават будзе карыснай для выжывання ў час паўстання машын», — кажа аўтар і вядоўца праграмы.