Раней усё было інакш. Раней мы былі адной імклівай плынню, якую немагчыма было скарыць ці перамагчы. Нас было няшмат, мы гуртаваліся вакол таго нешматлікага, што здолелі здабыць, і баяліся страціць адно аднаго. Нас грэла думка аб агульнай ідэі нацыянальнага і культурнага адраджэння. Мы баяліся стаць звычайнымі, абыякавымі да гэтых сваіх ідэалаў, і баяліся, што звычайным стане хтосьці з нас, бо такім чынам мы страцілі б надзейнага паплечніка, а кожны падаваўся выбітным, незамянімым. Кожны выконваў сваю асабістую, істотную для агульнага руху ролю, і нават думкі не было, што хтосьці на хвалі гэтага культурнага ўздыму можа аказацца непатрэбным, няправільным ці, барані Божа, шкодным.
Але паступова нашая колькасць павялічвалася, на месца аднаго звычайнага прыходзілі два незвычайныя, апантаныя думкай аб захаванні культурнай спадчыны нашай роднай Сінявокай, і па меры тэхналагічнага разьвіцця і пашырэння сферы інтарэсаў асобныя групоўкі пачалі адгаліноўвацца ў асабістыя, рознай ступені аўтэнтычныя ці папулярызаваныя праекты. І нягледзячы на тое, што кола цікавасцяў заставалася, падавалася б, адным і тым жа, і мэты былі аднолькавымі, і стрыжань быў аднолькавым, і ідэя была нязменнай, сталася так, што гэтай мэты кожны сёння ўжо дасягае рознымі шляхамі.
Гэтыя разнастайныя шляхі, натуральна, часам перасякаюцца, а часцяком бываюць палярна, прынцыпова розныя, але па-ранейшаму, хоць і непадобным чынам, яны накіраваныя на набліжэнне людзей да роднай культуры, гісторыі, на спрыянне нараджэнню пачуцця сьвядомасьці, неабыякавасці да лёсу беларускага народа. Захопленай пошукам мэты і рухальнай сілы культурнага адраджэння ў нашай краіне, мне даводзілася чуць меркаванні значнай колькасці прадстаўнікоў вузкіх і масавых кірункаў і бачыць з кожнага ракурсу, хто, што і чаму робіць. Істотным пры гэтым было не прымаць чыю-небудзь аднабокую пазіцыю, а бачыць перспектыву цалкам, трымаючы ў галаве першапачатковую ідэю, што ўсе мы рухаемся ў адным напрамку, жыццёва істотным, а таму трэба трымацца разам, а не спрачацца, спаборнічаць, даводзіць штосьці адно аднаму.
Не тое каб я наўмысна захоўвала нейтралітэт. Насамрэч, скажу шчыра, я папросту за любы кіпеш, акрамя духоўнай галадоўкі, і пазітыўна стаўлюся да ўсяго, чым можна змусіць людзей цікавіцца нацыянальнай культурай і усведамляць сябе беларусам, сваю сутнасць і карані. Мяркую, неістотна, вандруеш ты ў пошуках аўтэнтызму па палескай глыбінцы ці гандлюеш чырвона-белымі мятлікамі на маштабнай сталічнай імпрэзе – любыя ўвасабленні культурнага руху патрэбныя публіцы ўсіх узростаў і сацыяльных статусаў, бо яны даюць уяўленне аб тым, што ты не самотны ў сваіх каштоўнасцях і імкненнях, што ідэя адраджэння і культурнага ўзбагачэння жыве ў сэрцы значнай колькасці людзей, а таму ў нас ёсць прынамсі надзея на светлую будучыню для нашых дзяцей і нашае Радзімы.
І як, спадарства, усведамляючы ўсё гэта, у нашыя дні можна быць настолькі радыкальным і вузкадумным, каб, фігуральна ідучы нялёгкай дарогай у адну вёску праз агульны цёмны лес, але рознымі сцежкамі, яшчэ імкнуцца дакрычацца да аднадумцаў (насамрэч аднадумцаў) і палаяцца, маўляў, “неверной дорогой идешь, товарищ”, і абавязкова так гучна, каб пасля яшчэ працяглым рэхам аддавалася, і ўся вёска абавязкова гэтую сварку слухала?
Пакуль я, летуценны вясковы жыхар, які пайшоў сабе ў лесік па суніцы і раптоўна апынуўся акурат у эпіцэнтры спрэчак, гэта й працягваю слухаць – звяглівы надакучлівы брэх, які звяртае на сябе больш увагі, чым сакавітыя салодкія ягады. І я ніколі не зразумею, з чаго вырастае непрыязнасць, напрыклад, паміж вышыкашульнікамі і вышыцішотнікамі, паміж аўтэнтычна-фолкавымі калектывамі і прыхільнікамі фолк-стылізацыі, паміж беларускамоўнымі фолк-метал гуртамі андэграўнднага характару і дакладна такімі ж, але якія ўжо дасягнулі масава-фестывальнага ўзроўню, паміж прыхільнікамі рабіць са сваіх годных даследчых напрацовак таямніцу мадрыдскага двара і скарбніцу для абраных і тымі, каму, магчыма, бракуе досведу і навуковага пункту гледжання, але яны адразу імкнуцца шчыра падзяліцца з прыхільнікамі беларускай мовы і культуры прынамсі тым, чым здолелі авалодаць самі… А галоўнае – навошта бесперапынна так голасна спрачацца аб тым, хто з вас мае рацыю і робіць слушна, а хто – ганьба для культурнага руху краіны? Ці не лепш бавіць час за асабістай плённай працай, не азіраючыся на астатніх?
Заўжды памятайце, што нягледзячы на спосабы яе дасягнення, агульнай нашай мэтай з’яўляецца ўзвышэнне ідэі адраджэння і захавання народных традыцый, успяванне велічнага і шматпакутнага гістарычнага лёсу нашае зямлі і перадача з пакалення ў пакаленне цікавасці да беларускай культуры. І любая дзейнасць, якая непасрэдна ці ўскосна ўплывае на ўзрастанне зацікаўленасці моладзі і дарослых гісторыяй і культурнай спадчынай роднага краю – гэта адзін з найважнейшых аспектаў, які сёння дазваляе людзям не страціць значную, выключную частку роднай культуры, пазбегнуць канчатковай страты яе індывідуальнасці і зліцця з іншымі кірункамі сучаснай сусветнай плыні.
А таму, заклікаю, вёсцы не варта чуць лаянкі і міжусобіцы тых адважных светачаў, якія рухаюцца праз цёмны лес, натхнёныя мэтай захаваць прыгажосць і своеасаблівасць этнічных традыцый і інтэграваць іх у сучасныя рэаліі. Звяртайцеся да сапраўдных, старажытных узораў народнай культуры ці перапрацоўвайце іх у духу часу і ў адпаведнасці са сваім густам – рабіце тое, што атрымліваецца добра менавіта ў вас, каб вёска прасякнулася адзіным гучным спевам. Натуральна, няхай гэта будзе рознагалоссе, але прыемнае, гарманічнае, і мелодыя агульная, моцная, пранікнёная, такая, адчуўшы якую, сэрца кожнага беларуса само будзе імкнуцца далучыцца да гэтага святога неўміручага напеву.
Насця Quende