Тыдзень нефармальнай адукацыі-2009 праходзіў з 21 па 27 верасня 2009 г. у Беларусі . Прапануем паглядзець на падзеі Тыдня яшчэ раз – з пазіцыі арганізатараў і экспертаў.
Сёлета Тыдзень прайшоў пад лозунгам “Нефармальная адукацыя ў Беларусі – да павышэння якасці жыцця”. Арганізатары пастараліся такім чынам задаць структуру Тыдня, каб прадстаўнікі ўсіх накірункаў адукацыйнай сферы – дзяржаўнага, недзяржаўнага, бізнэса – маглі максімальна шырока абмяркоўваць і деманстраваць, як з дапамогай нефармальнай адукацыі павысіць якасць жыцця чалавека. Тэматычныя акцэнты, пазначаныя для кожнага дня, прадугледжвалі мажлівасць удзелу шырокага кола суб’ектаў адукацыі, а таксама разнастайныя формы ўдзелу – майстар-класы, ролевыя гульні, трэнінгі, прэзентацыі, кінапаказы і круглыя сталы.
“Тыдзень нефармальнай адукацыі-2009”, па задумцы арганізатраў, павінен быў прадэманстраваць не толькі пашырэнне разнастайнасці адукацыйных прадуктаў, прадстаўленых у Беларусі, але і разнастаўнасць саміх пастаўшчыкоў паслуг у галіне НФА. Наколькі ўдалося задуманае? Як можна ацаніць вынікі Тыдня НФА? Якія з ідэй прагучалі найбольш яскрава, былі ўспрыняты як актуальныя і перспектыўныя для больш глыбокага і дэтальнага разгляду? На гэтыя пытынні, падводзячы папярэднія вынікі Тыдня НФА-2009, адказваюць арганізатары і эксперты-удзельнікі прайшоўшых мерапрыемстваў.
Яніна Зінчанка, БМГА “Новыя твары”, каардынатар Тыдня НФА-2009:
– Вынікі пераўзышлі нашыя чаканні: у некаторых мерапрыемствах удзельнічала больш людзей, чым прагназавалася – гэта прыемна, бо мы вельмі разлічвалі на публічнасць і масавасць. Неабходна адзначыць і геаграфію Тыдня – былі задзейнічаны амаль усе рэгіёны – Брэст, Гродна, Гомель, Віцебская вобласць, Мінск. На жаль, не ўсе так добра ў сферы НФА і Тыдзень як раз дазволіў вылучыць тыя праблемныя моманты, над якімі варта было б задумацца. На этапе складання праграмы мы сутыкнуліся з нізкай якасцю паданых заявак, а таксама засмучвала нізкая актыўнасць арганізацый-парнераў грамадзянскай адукацыі. Застаецца спадзявацца, што ў будучым сітуацыя зменіцца.
Не магу не адзначыць нашых сяброў: Навукова-педагагічную бібліятэку за праяўленую зацікаўленасць і падтрымку (арганізацыя тыдневай выстаўкі), а таксама Гістарычную майстэрню (МАЦ імя Йоханэса Рау) за дапамогу з памяшканнем для мінскіх мерапрыемстваў. І, канешне, нашых даўніх партнераў і сяброў па сектары – “Зялёную сетку”. Хочацца асобна падзякаваць СМІ Беларусі за такую ўвагу да нашых мерапрыемстваў.
Вітаўт Руднік, старшыня ГА “Цэнтр “Трэці сектар”:
Тыдзень нефармальнай адукацыі’2009 вызначаўся сёлета шырокай тэматыкай мерапрыемстваў і арыентацыяй на незаангажаваных дагэтуль у актыўнае грамадскае жыццё людзей. Удалым, з майго пункту гледжання, быў і выбар тэмы Тыдня. Дэманстрацыя магчымасцей паляпшэння якасці жыцця праз нефармальную адукацыю з’яўлялася галоўным сэнсам усім мерапрыемстваў Тыдня. Да прыкладу, у Гродне ўпершыню за апошнія 8 гадоў адбыўся арганізаваны ГА “ВІТ” Круглы стол, прысвечаны магчымасцям узаемадзеяння паміж дзяржаўнымі ўстановамі сацыяльнай дапамогі насельніцтву і грамадскімі арганізацыямі вобласці. Адбылася сур’ёзная размова пра магчымасці выкарыстання адукацыйнага патэнцыялу грамадскіх арганізацый у практыцы працы сацыяльных установаў.
Каля 50 гарадзенцаў узялі ўдзел у прэзентацыі праекта “Школа маладога журналіста”, якую ладзіць “Цэнтр “Трэці сектар”, і майстар-класах па асновах журналістыкі. Амаль для ўсіх людзей, якія прыйшлі на гэтае мерапрыемства, гэта быў добры шанс даведацца пра магчымасці самарэалізацыі, удзелу ў грамадскім жыцці свайго горада. Не менш цікавыя мерапрыемствы прайшлі ў Мінску, Брэсце, Гомелі.
Зараз вельмі важна, каб арганізацыі, якія бралі ўдзел у падрыхтоўцы Тыдня, скарысталіся яго вынікамі: змаглі б задаволіць патрэбы людзей, якія захочуць скарыстацца іх паслугамі, працягвалі б дыялог з дзяржаўнымі і камерцыйнымі структурамі, гатовымі да супрацоўніцтва ў галіне нефармальнай адукацыі.
Наталля Рабава, кансультант па навучанню і развіццю Экатаварыства “Зялёная сетка”:
– Якасць жыцця – гэта такая тэма, якую мы, эколагі, гатовы і хочам абмяркоўваць. І таму хочам прапанаваць такі трошкі альтэрнатыўны погляд на само разуменне якасці жыцця. Таму што, на жаль, ужо склаўся такі стэрэатып, што павышэнне якасці жыцця – гэта павышэнне спажывецкага ўзроўню. Мы сваімі мерапрыемствамі хочам даць людзям мажлівасць задумацца – ці гэта сапраўды так? Ці сапраўды ад таго, што мы будзем неабдумана спажываць як мага больш рэчаў, будзем дэманстраваць нейкае паказное спажывецтва, ці сапраўды ад гэтага мы станем больш шчаслівымі, здаровымі, ці сапраўды наша жыццё стане ад гэтага больш гарманічным?..
Святлана Мацкевіч, эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій ( АГТ-ЦСІ):
– У рамках Тыдня НФА была агучана адна з галоўных праблем нашага грамадства: маючы фармальна высокі ўзровень адукацыі, беларусы не ў стане праводзіць рыначныя рэформы і рэформы ў сацыякультурнай сферы, а значыць, і арганізоўваць каля сябе адпаведнае асяроддзе і фарміраваць сучасны еўрапейскі вобраз жыцця.
Ідэя стварэння Незалежнага ўніверсітэта, які б дапамог вырашыць гэтую праблему, агучвалася намі і раней – у інтэрв’ю і на розных сустрэчах. Але што сапраўды варта адзначыць, на круглым стале 22 верасня 2009 г. гэтая ідэя ўпершыню абмяркоўвалася настолькі публічна і змястоўна. Далейшае яе развіццё я пакуль бачу ў двух планах: у плане ідэальнага – абмеркаванне самой ідэі ўніверсітэта, яе канцэптуальнага напаўнення; і ў плане камунікацыі – публічная дыскусія і ўзгадненне пазіцый розных арганізацый і экспертаў па гэтай тэме.
Дзмітры Карпіевіч, Старшыня Праўлення ГА “Адукацыйны цэнтар “ПОСТ”:
– Ключавой змястоўнай падзеяй Тыдня НФА-2009 стаў менавіта круглы стол “Нефармальная адукацыя ў паляпшэнні якасці жыцця: праблемы і перспектывы” – так гэта і планавалася арганізатарамі. Трэба зазначыць, што выбар быў зроблены ўдала: дыскусія прайшла жыва і эмацыйна, звярнула ўвагу спецыялістаў і прадстаўнікоў СМІ.
На круглым стале былі агучаны некалькі важных праблем, што стаяць перад сферай нефармальнай адукацыі: ігнараванне з боку дзяржавы, арыентацыя альбо толькі на попыт, альбо на замежныя донарскія арганізацыі, неразвітасць актуальных форм (дыстанцыйнае навучанне і г.д.). Вельмі трапна фундаментальную праблему развіцця сектара адукацыі дарослых і, у прыватнасці, нефармальнай адукацыі сфармуляваў Увэ Гартнэшлегер (віцэ-прэзідэнт DVV International, Германія), які зафіксаваў, што мы развіваемся як зачыненая сістэма. На мой погляд, гэта вельмі трапная фіксацыя сітуацыі. І менавіта якаснае рашэнне існуючых праблем, а не праца з наступствамі, мажліва толькі праз супрацоўніцтва найбольш актыўных арганізацый з розных спектраў нефармальный адукацыі.
Тыдзень НФА-2009 завершаны, але тэмы, пастаўленыя пытанні і агучаныя праблемы не вычарпаны. А гэта значыць, што вельмі важна працягваць працу у дадзеным накірунку – верагодна, ужо ў іншых формах і рэжымах. Хочацца спадзявацца, што наступны Тыдзень НФА пакажа прырашчэнне зместу, напрацаванага на працягу года, што стане сведчаннем аступовага руху да паляпшэння якасці жыцця.
З больш пабрабязным аналізам вынікаў Тыдня НФА-2009, а таксама інфармацыяй пра асноўныя мерапрыемствы можна будзе азнаеміцца у бліжэйшым нумары “Адукатара”
Поўны варыянт тэкста чытайце на сайтах: