20 лютага ў прасторы ZAL #2 прайшла прэс-канферэнцыя фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Pradmova», на якой былі анансаваныя замежныя і беларускія хэдлайнеры, а таксама прыадкрытыя некаторыя таямніцы праграмы. Фестываль пройдзе трэці раз 2-5 красавіка ў Мінску ў прасторы ОК16 і прадставіць некалькі дзясяткаў падзей, прысвечаных розным жанрам мастацтва, паяднаных тэмай кнігі.
Януш Вішнеўскі, папулярны польскі аўтар завітае на фестываль, каб прэзентаваць працяг сусветна вядомага рамана «Адзінота ў сеціве» Кніга называецца «Канец адзіноты» і выйшла ў выдавецтве «Янушкевіч» на беларускай мове.
Лінор Гаралік, ізраільская рускамоўная пісьменніца і перакладчыца, фіналістка прэміі «Большая книга». А яшчэ Лінор Гаралік аўтарка тых самых коміксаў “Заяц ПЦ и его воображаемые друзья”. На фестывалі будзе выстава коміксаў, а таксама запланавана дыскусія разам з Віктарам Марціновічам на тэму постапакаліптычных раманаў.
Канстанцін Дарашэнка, украінскі арт-крытык, куратар сучаснага мастацтва і медыяменеджар прэзентуе сваю фотакнігу і распавядзе пра сучаснае постмайданнае мастацтва Украіны.
Міхаіл Мінакоў, гісторык, філосаф і палітолаг прэзентуе свае кнігі «История опыта» і «Диалектика современности в Восточной Европе», а таксама часопіс «Идеология и политика». Міхаіл будзе адным з удзельнікаў міжнароднай дыскусіі пра стан гуманітарных навук на постсавецкай прасторы.
З замежжа на фестываль завітаюць некалькі майстраў паэтычнага слова: латвійскі паэт Сямён Ханін прэзентуе кнігу вершаў «Хоць не тым» у перакладзе на беларускую, расійскі аўтар Андрэй Сэн-Сянькоў прэзентуе зборнік «Лёгкі як атлетыка» (таксама па-беларуску), сваімі выступамі парадуюць харватскія паэты – Жарка Яванаўскі і Сініша Матасавіч.
У беларускіх хэдлайнерах гэтага году – Альгерд Бахарэвіч, Віктар Марціновіч, Ганна Севярынец, Людміла Рублеўская, Таццяна Заміроўская і Святлана Алексіевіч.
У гэтым годзе Беларусь святкуе 90-гадовы юбілей славутага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, таму натхненне на складанне слогана арганізатары шукалі менавіта ў яго творчасці. “Не трэба шмат, каб пачаць” – інтэрпрэтацыя цытаты Караткевіча, якая, па меркаванні арганізатараў, дапаўняе назву і змест фестываля.
Арганізатары фестывалю: Павал Баркоўскі, Даша Бялькевіч, Андрэй Хадановіч, Таццяна Нядбай
На фестывалі ў Мінску будуць уручаныя некалькі літаратурных прэмій: прэмія імя Наталіі Арсенневай за найлепшую паэтычную кнігу, прэмія Міхала Анемпадыстава за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі, прэмія «Гліняны Велес». Яшчэ адбудзецца вечарына з нагоды 10-годдзя прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча з удзелам пераможцаў і шорт-лістараў прэміі. Чакаюцца калабарацыі з іншымі мастацкімі праектамі: паэтычным шоў «Эшафот», фотапраектам «Змена», конкурсам і выставай «Арт-Прадмова», выставай сучаснай літоўскай кніжнай ілюстрацыі і інш.
З суботы на нядзелю (4-5 красавіка) плануецца «Ноч кнігі» – частка праграмы, дзе выступоўцы спалучаюць літаратуру з іншым відам мастацтва. Адбудуцца меладэкламацыі беларускіх аўтараў і выступ музычнага праекта Tochka K.
Падчас фестывалю будзе працаваць кніжны кірмаш: свае навінкі і найлепшыя кнігі прадставяць выдавецтвы «Логвінаў», «Галіяфы», «Янушкевіч», «Суродзічы», ARCHE, «Лімарыюс», «Коска», «Тэхналогія», «Эканомпрэс», «Лімарыюс», «Макбел», выдаўцы Раман Цымбераў, Зміцер Колас і іншыя беларускія, расійскія і ўкраінскія выдавецтвы інтэлектуальнай кнігі.
Арганізатары нагадалі, што фестываль «Pradmova» адбудзецца не толькі ў Мінску, а яшчэ і ў рэгіёнах Беларусі: у Віцебску (22 лютага), Брэст (29 лютага), Гродна (7 сакавіка) і ў горадзе, які вызначыцца народным галасаваннем у сацсетках (14 сакавіка). Пакуль у лідарах – Бабруйск, галасаванне скончыцца 22 лютага. Таксама да 22 лютага ўключна прымаюцца заяўкі на ўдзел у фестывалі.
Фестываль адбываецца ў партнёрстве з Беларускім ПЭН-цэнтрам, пры падтрымцы кампаніі «Andersen», Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза дызайнераў, ГКК «Будзьма беларусамі!» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. Я. Купалы, ОК16, Лятучага ўніверсітэта, Беларускай філасофскай прасторы, Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі (ECLAB), ПК ААА «Макбел», Амбасады Літвы, Амбасады Латвіі, Амбасады Украіны, вядомых айчынных выдавецтваў і прыватных адукацыйных ініцыятыў.
Паводле арганізатараў
Фота – Марына Карповіч