25-26 чэрвеня ў Вільні адбыўся апошні этап фестывалю Pradmova. Сёлета ўпершыню Фестываль праводзіўся за мяжой, ён праходзіў у Тбілісі, Кракаве і Варшаве. Акрамя таго, адбылося некалькі анлайн-імпрэз, на якія маглі патрапіць жадаючыя з любой кропкі свету. Больш за тое, усе афлайн-імпрэзы таксама трансляваліся ў сацыяльных сетках фестывалю. Не сталі выключэннем і фестывальныя дні ў Вільні ў беларускім start-up хабе Imaguru.
Афіша фестывалю Pradmova ў Вільні
Адкрыццё фестывалю ў Вільні адзначылася выступам гурта традыцыйных народных спеваў «Беларускі цуд», які мадэратар Лілія Ільюшына пасля назвала «сапраўдным цудам».
Гурт «Беларускі цуд»
Трэба адзначыць, што апошнім часам адкрыццё значных беларускіх мерапрыемстваў у Вільні не абходзіцца менавіта без гэтага гурта: аматарскі праект, які існуе меней за год, стаў сапраўдным сімвалам беларускага творчага пачатку.
Першым спікерам у гэты дзень стала Ганна Златкоўская — дасведчаная журналістка, якая асацыюецца ў шырокай публікі з артыкуламі на сацыяльна важныя тэмы. У дадзеным выпадку Ганна паўстала перад гледачамі як пісьменніца, што працуе з містычнымі і метафізічнымі тэмамі.
Вядоўца фестывалю Лілія Ільюшына і пісьменніца Ганна Златкоўская
Ганна Златкоўская — рускамоўная пісьменніца, кніга «Охота на бабочек», якую яна прэзентавала, таксама напісана на рускай мове.
На пачатку прэзентацыі вядоўца Лілія Ільюшына асобна падкрэсліла, што фестываль прынцыпова не падзяляе ўдзельнікаў па моўным аспекце.
У першы дзень фестывалю адбылася лекцыя вядомага вядомага літоўскага філосафа і даследчыка Гінтаўтаса Мажэйкіса «На руінах постсавецкага свету: крызіс усходнееўрапейскіх ідэнтычнасцяў».
Гінтаўтас Мажэйкіс
Падчас лекцыі спадар Гінтаўтас закраныў тэму беларускіх пратэстаў, вайны ва Украіне, і выказаў гіпотэзу аб тым, як гістарычны досвед народаў уплывае на сучасныя падзеі іх грамадскага жыцця. Наконт апошняга тэзісу з філосафам не пагадзілася ўжо ўзгаданая Таццяна Шчытцова, якая далей прысутнічала ў залі ў якасці гледача.
Дыскусія паміж навукоўцамі працягнулася падчас імпрэзы, узначаленай самой спадарыняй Таццянай, — прэзентацыі новага нумару часопіса «Topos» «Пераадольваючы аўтарытарызм», рэдактарам якога з’яўляецца менавіта Таццяна Шчытцова.
Прызентацыя новага нумару часопіса «Topos» «Пераадольваючы аўтарытарызм».
Ужо ўзгаданы Гінтаўтас Мажэйкіс таксама публікаваўся ў дадзеным часопісе разам з яшчэ адным удзельнікам прэзентацыі — Андрэем Вазянавым. Падчас прэзентацыі выступоўцы абмеркавалі таксама магчымасць правядзення сацыялагічных даследаванняў у Беларусі з улікам палітычнай сітуацыі.
Наступнай імпрэзай стаў круглы стол «Інтэлектуальныя выданні і медыя і іх уплыў на нацыянальную культуру» з удзелам рэдактара польскага часопіса «Krytyka Polityczna» Славаміра Серакоўскага, рэдактара інтэрнэт-часопіса «Абдзіраловіч» і «Фрагменты» Ігара Бабкова, нямецкага часопіса «Osteuropa» Фолькера Вайкзэля і, зноў жа, Таццяны Шчытцовай у якасці рэдактара часопіса «Topos».
Круглы стол «Інтэлектуальныя выданні і медыя і іх уплыў на нацыянальную культуру»
Рэдактары дыскутавалі наконт сітуацыі з інтэлектуальнымі медыя ва ўсходняй Еўропе, праблемамі, з якімі яны сутыкаюцца, і дамінавання рускай мовы ва ўсходнееўрапейскай інтэлектуальнай прасторы.
Апошняй прэзентацыяй для анлайн-гледачоў у першы дзень фестывалю стаў «Сеанс невыдадзенай кнігі». Беларуская перакладчыца Сабіна Брыло зачытала прысутным некалькі фрагментаў з перакладзенай ёй кнігі літоўскага пісьменніка Гінтараса Граяўскіса «Гісторыі пра бравага рыцара Тэнксалота і дракона містэра Кайндлі». Гінтарас Граяўскас таксама прысутнічаў падчас прэзентацыі і распавёў кранальную гісторыю стварэння кнігі: пяцігадовы сын папрасіў Гінтараса, каб той напісаў казку, якую б было цікава чытаць.
Гінтарас Граяўскас і Сабіна Брыло
Калі Гінтарас скончыў гісторыю пра рыцара і дракона, сыну споўнілася ўжо дзевятнаццаць год. Таму кніга атрымалася на сутыку жанраў: з аднаго боку, гэта казачная гісторыя паміж рыцарам і драконам, з другога — філасофскія разважанні аб прыняцці сябе і суб’ектыўны погляд на знешні свет са сцэнамі піцця віскі і абмеркаваннямі любоўных перамог.
Вечар завяршыўся «Ноччу паэзіі» і выступам музыкі Сяргея Башлыкевіча. Падчас «Ночы паэзіі» свае творы чыталі літаратары Андрэй Бастунец, Сабіна Брыло, Марус Бурокас, Гінтарас Граяускас, Югася Каляда, Віка Трэнас, Андрэй Хадановіч, Віталь Рыжкоў.
Паэтычныя чытанні і канцэрт не трансляваліся на Youtube: як адзначыла мадэратар Лілія Ільюшына — гэта эксклюзіўны падарунак для тых, хто непасрэдна наведаў віленскую пляцоўку.
Другі дзень фестывалю быў менш насычаны з пункту гледжання колькасці імпрэз, але нашмат больш насычаны з боку разнастайнасці мерапрыемстваў.
Першым выступам была лекцыя культуролага Вольгі Раманавай, якая распавяла пра гісторыю стварэння экранізацыі культавай аповесці Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха».
Вольга Рамана
Спадарыня Вольга разгледзела фільм рэжысёра Валера Рубінчыка праз прызму сусветнага кантэксту, параўнаўшы стужку з класікай міравога кінематографа. Таксама лектар закранула тэму разнастайнай ацэнкі фільма крытыкамі, савецкую цэнзуру і незадаволенасць самаго Караткевіча канчатковым вынікам экранізацыі.
Наступнай імпрэзай стала выступленне Сцяпана Стурэйкі — выкладчыка ЕГУ і пісьменніка.
Лілія Ільюшына і Сцяпан Стурэйка
Спачатку Сцяпан Стурэйка прэзентаваў сваю ўласную мастацкую кнігу «Пасажыры карабля Тэсея», а потым распавёў пра выданні ЕГУ «Цайтшрыфт» і «CTRL+S», дзе ўздымаюцца праблемы захавання культурнай спадчыны.
Фестываль працягнуўся выступам Сяргея Календы — пісьменніка і галоўнага рэдактара літаратурных часопісаў «Макулатура» і «Мінкульт».
Сяргей Календа
Прысутныя атрымалі магчымасць даведацца пра гісторыю стварэння часопісаў, пра тое, з якімі цяжкасцямі ў Беларусі давялося сутыкнуцца рэдакцыі, і як на прэзентацыю «панкаўскага часопіса», па выразе спадара Сяргея, завітаў брытанскі дыпламат.
На гэтым непасрэдна літаратурная частка фестывалю магла лічыцца скончанай: за выступам Сяргея Календы адбылася дыскусія беларускіх і літоўскіх гісторыкаў пра постаць Францішка Скарыны ў беларускім і літоўскім культурным каноне.
Дыскусія беларускіх і літоўскіх гісторыкаў. Мадэратар — Сяргей Харэўскі
Што цікава, беларускія і літоўскія даследчыкі былі амаль цалкам згодныя па прынцыповых пытаннях вызначэння вобразаў Скарыны ў інфармацыйнай прасторы, і не мелі асаблівых спрэчак на гэты конт.
Калі падчас дыскусіі гісторыкаў у залі прысутнічала чалавек дваццаць, то падчас наступнай імпрэзы засталося чалавек шэсць з улікам журналістаў. Наступным спікерам быў расійскі пісьменнік і публіцыст Віктар Шандаровіч. Віктар Шандаровіч быў адным з тых трох расійскіх культурных дзеячаў, праз запрашэння якіх узнікла бурлівая дыскусія ў беларускіх інтэлектуальных колах.
Гэтую тэму спадар Віктар закрануў падчас свайго выступу. Па меркаванні Віктара Шандаровіча, не варта адмяняць выступы расійскіх дзеячаў культуры праз вайну ва Украіне, бо культура — рэч агульная і не мае прамой нацыянальнай прыналежнасці.
Зала зноў напоўнілася гледачамі падчас закрыцця фестывалю і ўручэння літаратурнай прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру.
Уручэнне прэміі імя Францішка Багушэвіча
Уручэнне прэміі імя Францішка Багушэвіча
Асобна трэба адзначыць, што не адзін з лаўрэатаў прэміі не прысутнічаў на фестывалі: прэміі былі пераданыя прадстаўнікам лаўрэатаў.
Кніга «І немагчымае зрабі! Успаміны пра падзеі 1968 года. Памяці Алеся Разанава» (выд-ва «Тэхналогія»; укладальнікі: Зміцер Санько, Алена Чарнавокая)
Кніга Сяргея Тарасава «Еўфрасіння-Офрасіння-Афрасіння Полацкая. Яе час. Яе Крыж» (выд-ва «Раман Цымбераў»)
Фестываль Pradmova завяршыўся выступам маладой беларускай спявачкі LEAR (Валерыя Суравіцкая).
Беларуская музыка LEAR
Напрыканцы фестывалю арганізатары адзначалі, што для іх рашэнне аб правядзенні фестывалю за межамі Беларусі да таго ж падчас вайны ва Украіне было вельмі складаным.
Ці было гэта рашэнне правільным, застаецца на суд гледачоў. Запісы фестывалю Pradmova 2022 можна паглядзець на афіцыйным Youtube-канале Festival Pradmova.
Cпасылка на Youtube-канал Festival Pradmova тут.