З нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей праект «Васьміног» адкрывае анлайн-курсы для дзяцей школьнага ўзросту. Усе прапанаваныя прадметы можна праходзіць у асінхронным рэжыме, у зручны час і самастойна. Стваральнікі курсаў абяцаюць «аднолькава задавальненне і навучанне». Платформа простая ў карыстанні, даступная з дому або ў дарозе.
«Пра гэта вам не раскажуць у школе»
У аснове канцэпцыі навучальных курсаў — ідэя пра тое, што на сайце «Васьмінога» беларускія дзеці, якія апынуліся ў эміграцыі, а таксама іх аднагодкі ў самой Беларусі, могуць атрымаць веды, якіх ім не даюць у іх навучальных установах. Гаворка ідзе пра дысцыпліны з беларусацэнтрычным падыходам. «Пра гэта вам не раскажуць у школе» — такую творчую задачу ставілі перад сабой стваральнікі курсаў.
«Мы рады прадставіць зусім новую адукацыйную платформу, распрацаваную спецыяльна для беларускіх дзяцей, напоўненую курсамі, якія аднолькава абяцаюць задавальненне і навучанне. Наша платформа простая ў карыстанні і даступная з дому або ў дарозе. Незалежна ад таго, пачатковец вы, філосаф ці будучы гісторык — тут кожны знойдзе што-небудзь для сябе. Далучайцеся да нас, каб не толькі вучыцца, але і кінуць выклік вашай творчасці і абудзіць вашу цікаўнасць», — запрашае да навучання на платформе «Васьмінога» кіраўнік адукацыйнага праекту Аляксей Канстанцінаў.
Задачы ў кожным курсе складзеныя з улікам узроставых і кагнітыўных асаблівасцей дзяцей, спалучаюць найноўшыя распрацоўкі ў галіне інавацыйнай анлайн-педагогікі. Для падвышэння інтарэсу дзяцей да навучальнага працэсу распрацоўшчыкі прадметаў, сярод якіх ёсць заслужаныя настаўнікі, выкарыстоўвалі элементы анімацыі і крэатыўныя задачы.
Курсы для млодшых школьнікаў
Сярод прадметаў, якія могуць зацікавіць маленькіх беларусаў, што толькі пачынаюць вывучаць літары і робяць першыя крокі ў засваенні беларускай мовы:
• Курс хуткачытання для дзетак праз забаўкі, квэсты, размалёўкі і творчае мысленне;
• Захапляльнае беларускамоўнае падарожжа анімаваных герояў Аленкі і Дзімкі па краіне галаваломак «А-Я Чытаю на роднай мове»;
• Курс «Чароўны карагод года» з сапраўднымі іншапланетнікамі,якія з захапленнем вывучаюць сусвет ды беларускую мову;
• Дзівосная вандроўка ў чароўны лес, дзе кожная жывёлка ўмее размаўляць і дапаможа дзеткам вывучыць алфавіт і нават чытаць (Курс «Вучымся чытаць» з інтэрактыўнымі заданнямі ды захапляльнымі пазламі, дзе кожная літара — гэта прыгода);
Курсы для падлеткаў
• курс па гісторыі Вялікага княства Літоўскага;
• курс «Гісторыя тваёй краіны»;
• курс па філасофіі «Святло з пячоры Платона»;
• курс «Эпоха небяспечнага натхнення. Мастацтва Беларусі 1920-х»,
• літаратурны курс «Знак бяды» пра твор Васіля Быкава;
• «Жанчыны ў гісторыі Беларусі» і іншае.
Кожнае дзіця знойдзе для сябе цікавыя курсы, якія ўзбагацяць веды пра нашу Беларусь. Усё па-беларуску, анлайн і ў зручны час. Стваральнікі платформы запрашаюць прайсці анлайн-курсы на сайце Vasminoh.
Чытайце яшчэ: Аляксей Канстанцінаў: Мы прапануем лічбавую адукацыйную платформу беларусацэнтрычнага напрамку