«Наша аўдыторыя — гэта беларусы, якія жывуць за мяжой. Беларусы, якім хочацца і патрэбна даведацца глыбока, грунтоўна і больш пра нашу багатую спадчыну».
28 кастрычніка ў Гданьску пачне працу Прастора беларускай традыцыйнай культуры, якую стварылі этнамузыколаг, магістарка музычнага мастацтва Вольга Барышнікава, выкладчыца традыцыйных танцаў і майстрыха традыцыйнага адзення Марыя Латышава і майстрыха традыцыйнага касцюма Аляксандра Шалухіна.
Традыцыйная беларуская вышыўка
У новай прасторы будуць праводзіць выставы ды лекцыі па традыцыйнай культуры, а таксама навучаць, як шыць кашулю, як яе вышываць, як ткаць, вязаць — адным словам ствараць уласнымі рукамі традыцыйны строй. Пра тое, як паўстала пляцоўка і пра яе галоўныя кірункі працы ў інтэрв’ю budzma.org распавяла Вольга Барышнікава і яе каляжанкі.
Вольга Барышнікава
Вольга Барышнікава: Гэта прастора, якая будзе ў сабе змяшчаць розныя аўтэнтычныя і створаныя намі рэчы, элементы традыцыйнага беларускага касцюма. Па-першае, тут будзе майстэрня традыцыйнага адзення V&M — гэта месца, дзе можна замовіць сабе строй, які пашыем мы. Можаце да нас прыйсці або замовіць анлайн. За другі кірунак адказвае Аляксандра, якая будзе праводзіць заняткі па навучанні шыццю традыцыйнага строю.
Аляксандра Шалухіна
Аляксандра Шалухіна: На гэтых занятках будуць разбірацца такія рэчы: як вышыць кашулю, як яе сшыць, як зрабіць фартух, як ткаць, вязаць — гэта будуць усе неабходныя тэхнікі для стварэння традыцыйнага строю. Я ўсяму гэтаму магу навучыць, і можна прыйсці да мяне на заняткі. То-бок вы самі можаце пашыць сабе строй, навучыўшыся тут, у нашай прасторы.
Вольга Барышнікава: Трэці кірунак — адукацыйны. У прасторы плануюцца выставы — традыцыйнага адзення, розных элементаў, а таксама лекцыі. Гэта лекцыі Аляксандры, звязаныя з традыцыйным адзеннем, мае лекцыі пра музычную культуру. Марыя Латышава зможа распавесці пра танцавальную культуру Беларусі. Мы будзем старацца максімальна дзяліцца ведамі.
Марыя Латышава
Марыя Латышава: Будуць і заняткі па традыцыйных спевах і танцах, але ўжо не ў гэтым памяшканні, бо тут усё ж усё зроблена пад працу з тэкстылем менавіта.
Для каго
Вольга Барышнікава: Наша мэтавая аўдыторыя — гэта беларусы, якія жывуць за мяжой. Як мне падаецца, для нас важна менавіта беларусам, не мясцовым украінцам або палякам, а менавіта беларусам расказваць пра іх традыцыйную культуру і старацца рабіць гэта не ў нейкім спрошчаным фармаце, стылізаваным, мэтанакіравана спрабуючы спрасціць інфармацыю для таго, каб як мага больш людзей да нас прыйшло, а ўсё ж такі працаваць на людзей, якім хочацца і патрэбна даведацца глыбока, грунтоўна і больш пра нашу багатую спадчыну.
Вольга Барышнікава зазначае, што адкрыццю прасторы папярэднічалі танцавальныя вечарыны ў Гданьску, заняткі па спевах, заняткі па пашыве традыцыйнага строю — цягам амаль года.
Танцавальная вечарына ў Гданьску
Вольга Барышнікава: І мы можам сказаць, што па ўсіх гэтых кірунках ёсць запыт ад людзей — больш ведаць пра сваё. Таму што, апынуўшыся ва ўмовах эміграцыі, людзям хочацца больш даведацца пра Беларусь. Мне здаецца, што наша прастора якраз можа стаць такім месцам, куды жыхары Гданьска, Сопата, Гдыні і госці Труймяста могуць прыйсці, памацаць рэчы, запытаць штосьці і проста пабыць у гэтай атмасферы.
Марыя Латышава: Пакуль у нас няма актыўнасцяў, арыентаваных на дзяцей. Але на мерапрыемстве адкрыцця 28 кастрычніка будзе куточак для дзетак, і для іх таксама плануюцца забавы, але вакол традыцыйнай культуры. Па шчырасці, калі казаць пра традыцыйную культуру, цяжка патлумачыць дзецям сур’ёзныя сэнсы, тут трэба выбіраць, бо наша прастора ўсё ж прафесійна скіраваная. Канечне, беларускія дзеці былі ўпісаныя ў традыцыйныя актыўнасці і рабленне чагосьці. Але ўсё роўна, напрыклад, калі мы кажам пра выраб строю, то тут ужо вядзецца пра дзяўчыну, якая мела дастатковыя рост і сілу, каб сесці за кросны. Ды і на танцы малых дзетак не бралі.
Вольга Барышнікава: Я дадам, што ў Гданьску ёсць магчымасць дзецям дакрануцца да традыцыйнай беларускай культуры, таму што на базе Акадэміі добрай адукацыі па суботах праходзяць заняткі, якія я праводжу для дзяцей у рамках беларускай школы. Дзеці прыходзяць на заняткі, дзе мы спяваем, танцуем.
Беларускія традыцыйныя танцы ў Гданьску. На дудзе грае Яўген Барышнікаў
Як паўстала пляцоўка
Вольга Барышнікава: Тыя рэчы, якімі я ганаруся і якія шчасце для мяне — нам вельмі пашанцавала, што мы ўтрох тут сустрэліся. Хаця нас насамрэч больш: ёсць яшчэ муж Марыі, танцор Сяргей Латышаў, мой муж Яўген Барышнікаў, які грае на танцах.
Яўген і Вольга Барышнікавы і Марыя і Сяргей Латышавы
Усё тое, што мы зараз робім і чым займаемся, строі, песні, танцы, — гэта рэчы, якімі мы займаліся і да эміграцыі з Беларусі. І, як паказала эміграцыя, гэта тое, без чаго мы не можам, гэта тое, што дае нам сілы, гэта сувязь з Беларуссю, гэта тое, што мы любім і ўмеем і хочам несці «ў масы».
Канечне, ёсць момант, звязаны з тым, што, прыехаўшы за мяжу, трэба яшчэ самому набрацца сілаў маральных і г. д., і тут, канечне, без дапамогі мясцовых палякаў не атрымалася б. І гэтая майстэрня, гэтае памяшканне, прастора паўстала з вельмі-вельмі вялікай дапамогай пані Мартыны — з гэтага ўсё і пачалося.
Абсалютна выпадкова мы пазнаёміліся з Мартынай, якая кажа, што ў яе вельмі шмат старых тканін, фурнітуры рознай, нітак, голак, бо яна мае такі праект, які называецца Baba z Wrzeszcza. Вжэшч — гэта такі раён Гданьска, большая частка з нас тут жыве, мы аказаліся суседзямі. І дзякуючы Мартыне, якая падзялілася з намі вялікай колькасцю тканін, мы зразумелі, што ўжо ёсць досыць шмат матэрыялу, з якога мы маглі б шыць людзям строі. Пры гэтым, паколькі мы самі атрымалі гэтыя матэрыялы бясплатна, то і шыючы строі, мы бралі грошы толькі за працу. Пасля зноў-такі дзякуючы Мартыне, яе знаёмству, утварыўся ланцужок, звязаліся з фундацыяй, якая арандуе вось гэтую прастору, у якой мы зараз знаходзімся. І нашым польскім калегам таксама хацелася, каб тут больш адбывалася актыўнасцяў, чым яны самі могуць прапанаваць.
Вольга і Яўген Барышнікавы
Нам вельмі пашанцавала, што адбылася прапанова далучыцца. Штосьці ў сусвеце падказвала, што так, праекту — быць. Бо нам адным — мы ўсё роўна адчуваем сябе, можа быць, не так шчасліва, лёгка і ўпэўнена, як гэта было ў Беларусі — было б цяжкавата займацца і арганізацыйнай дзейнасцю, і пошукам памяшкання, і дамовамі, я маўчу ўжо пра фінансавы бок... А так склаўся вось гэты ланцужок с людзей і розных акалічнасцяў, і гэта ўсё кажа нам: рабіце-рабіце...
Беларуская вышыўка
Калі адкрыццё
Адкрыццё беларускай Majsterni Folkloru адбудзецца ўжо ў гэтую суботу, 28 кастрычніка.
У праграме:
- 15:00-15:30 Адкрыццё выставы беларускага традыцыйнага адзення
- 15:30-16:30 Беларускія традыцыйныя спевы з Вольгай Барышнікавай
- 16:40-17:40 Лекцыя пра беларускі традыцыйны строй Алесі Шалухінай
- 18:00-19:00 Традыцыйныя танцы з Марыяй Латышавай (граюць Яўген і Вольга Барышнікавы, Яўгенія Дзям’янава)
Будзе працаваць фотазона, кірмаш, дзіцячая пляцоўка. Уваход вольны
Як знайсці Прастору
Адрас Прасторы беларускай традыцыйнай культуры: Gdańsk, Kołobrzeska 41c, 80-391, 1 паверх.
Старонка Прасторы беларускай традыцыйнай культуры ў Інстаграме
Фатаграфіі прадастаўленыя Вольгай Барышнікавай
Рыгор Сапежынскі, budzma.org
Чытайце яшчэ: У Беластоку адкрылася Школа традыцыйнага строю Кацярыны Ваданосавай