Беларускага журналіста Рамана Пратасевіча і ягоную дзяўчыну Соф’ю Сапегу, якія былі затрыманыя ў траўні пасля пасадкі самалёта Ryanair, перавялі пад хатні арышт. Пра гэта паведамляе BBC са спасылкай на сваякоў Рамана і Сафіі.
Зараз Сафія адна ў здымнай кватэры ў Мінску, распавядаюць яе бацькі. Яны бачылі яе напярэдадні. Па іх словах, Сапега пад хатнім арыштам ужо два-тры дні. Для бацькоў дзяўчыны гэта стала нечаканасцю.
«Мы знаходзімся ў шоку», — сказаў яе айчым Сяргей Дудзіч. Сапегу перавялі пад хатні арышт, вырашаецца пытанне аб магчымасці хутчэйшага наведвання яе расійскім консулам, паведамілі ў пасольстве Расіі.
Раман Пратасевіч таксама быў пераведзены пад хатні арышт, распавёў яго бацька Дзмітрый Пратасевіч. Зараз ён таксама знаходзіцца ў здымнай кватэры, але іншай. Паводле бацькі Пратасевіча, абвінавачванні з Сапегі і Пратасевіча не знятыя.
Нагадаем, што 23 траўня Раман Пратасевіч са сваёй сяброўкай, грамадзянкай Расіі Сафіяй Сапегай, ляцеў з Афінаў у Вільню. Самалёт авіякампаніі Ryanair быў пасаджаны ў Мінску, пасля чаго Пратасевіч і Сапега был затрыманыя і змешчаныя ў СІЗА.
Пазней стала вядома, што расіянку падазраюць у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных 342-м артыкулам КК Беларусі (арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак). Таксама яе абвінавачваюць па іншай крымінальнай справе, якая расследуецца па частцы 3 артыкула 130 КК Беларусі (распальванне сацыяльнай варожасці).
У дачыненні да Пратасевіча, у Беларусі распачата крымінальная справа па некалькіх артыкулах, уключаючы «арганізацыю масавых беспарадкаў». Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.