З чаго пачынаецца катастрофа нацыянальнага маштабу

Вялікае, як той казаў, бачнае здалёк. І вядзецца ня толькі пра фізычную адлегласьць ад аб’екту альбо значны адмежак часу ад нейкае падзеі. Гаворка таксама і пра нейкія, здавалася б, дробязі, зь якіх пачынаецца, як выяўляецца пазьней, нешта маштабнае. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік зьвяртае ўвагу на адну з мноства гэткіх «дробязяў», якая насамрэч гаворыць пра нашую беларускую нацыянальную бяду ня менш як катастрафічных маштабаў. А таксама падказвае, як тае катастрофы нам усім пазьбегнуць.

Ну што ж, першае месца ў намінацыі «Шчырасьць рэжыму» сёньня дастаецца выданьню «Гомельская правда». Дзяржаўная абласная газэта... прыбрала з свайго сайту беларускую мову. Цяпер навіны й нават папросту інтэрфэйс — толькі па-расейску.

Ненуачо, у нас жа два гасударственных языка! Кто как хаціт, тот так і гаварыт: хаціт — па-расейску, а не хаціт — тожэ па-расейску! Беларуская мова — ана жэ мёртвая, ніхто на ней не разгаварывает — так зачэм сілы, урэмя і дзеньгі траціць, штоб перавадзіць новасьці на беларускі язык?! Нінада прыдурвацца!

Крыштальная шчырасьць! Сапраўдная «Гомельская правда»!

А то некаторыя яшчэ пыжацца, надзімаюць шчокі, нешта там дзяжурнае выціскаюць зь сябе пра «огромное уважение и любовь к родному языку, этой певучей матчиной мове» — навошта? Мова — яна ж як Максім: памерла — і х... халера зь ёй!

Debielarusizavany sajt «Homieĺskoj pravdy». Skryn haloŭnaj staronki
Дэбеларусізаваны сайт «Гомельской правды». Скрын галоўнай старонкі

Дарэчы, вы яшчэ памятаеце акцыю «Кожную пятніцу — роднае, сваё!»? Ну, тую, каторую МАРГ напрыканцы сьнежня летась абвесьціў па-расейску й сэнс якой палягаў галоўным чынам на падвышэньні спажываньня айчынных тавараў. Ну бо галоўнае ж — разгрузіць склады ад заляжалай і нікому не патрэбнай прадукцыі, а не на тым, каб уратаваць ад зьнікненьня родную мову!

І гэткай жа лёгікай у нас у краіне прасякнута літаральна ўсё. Скажам, навошта ўтрымліваць на балянсе гістарычныя камяніцы, ды яшчэ гэткія ўсе спрэс «нерусские»? Гэта ж трэба ўбухваць грошы ў іх ахову, кансэрвацыю, аднаўленьне — куды прасьцей занядбаць канчаткова, каб усё пагніло й само абрынулася. А калі занадта трывалае — можна і бульдозэрам дапамагчы! Ну таньней жа зьнесьці і, калі ўжо гэтак карціць, паставіць муляж з сылікатных блёкаў. Хто там пад тынкоўкай разьбярэ? Ну альбо навошта, зноўку ж, ладзіць архэалягічныя раскопкі дзе-небудзь у гістарычным цэнтры Горадні, калі можна папросту экскаватарам выкапаць патрэбную траншэю й пакласьці каналізацыйную трубу ці што там яшчэ? І ўсё, не марнуеш ані грошы, ані час!

Далей — болей.

Навошта тыя музэі альбо дамы культуры, калі мы саромеемся сваёй мінуўшчыны, спадчыны й паходжаньня, праўда? Мы ж гэтыя... як іх там... А, рускія со знакам качэства! Ну вооось, можна ж і тут ашчадзіць, пазачыняць усю гэтую непатрэбшчыну: у краіне столькі яшчэ стратных калгасаў трэба падтрымаць — бюджэт не гумовы, таварышы! А культурка — ну дык можна сваё замяніць расейскай, не бяды! У нас той жа Магілёў — «больше русский, чем белорусский», памятаеце? Ніхто й не заўважыць!

А выбары, у каторых усё адно афіцыйны вынік вядомы й нязьменны вось ужо чацьвёрты дзясятак гадоў — які ў іх сэнс? Чаму б і іх не адмяніць як самае што ні ёсьць відавочнае марнатраўства бюджэту?

Што яшчэ забылі? Пэнсіянэраў, людзей зь інваліднасьцю — ну дармаеды ж, як піць даць! Няхай альбо працуюць, альбо... Ну, ня ведаю, прыдумайце самыя, што рабіць з гэтымі ўтрыманцамі! І толькі давайце не пераводзьце стрэлкі на чыноўнікаў, ідэолягаў, міліцыянтаў і іншыя жыцьцёва неабходныя катэгорыі для нацыянальнага бюджэту!

Это другое!

Žančyna na pryjomie ŭ kamisii pa «darmajedach»
Жанчына на прыёме ў камісіі па «дармаедах». Рагачоў, 2017 г. Фота tut.by

Калі ж адкінуць сарказм, то насамрэч мы маем адну вялікую гісторыю нацыянальнага прыніжэньня. Сытуацыю, дзе ня мы, народ, пастанаўляем, што нам важнае й патрэбнае, а што — не, але тыя, для каго ўласна мы, беларусы — аніякі не народ, а ўсяго толькі «насельніцтва», «кармавая база», «востракапытныя», «русские со знаком качества» і гэтак далей.

Зрэшты, павага да грамадзянаў й немагчымая, калі шальмуецца ўсё нацыянальнае. Зьнішчаючы родную мову і культуру, перапісваючы на чужы лад гісторыю, якога патрыёта свайго Краю ты выхаваеш? І чаго вартыя будуць потым заклікі не зьяжджаць па лепшае жыцьцё ў замежжа, скіраваныя да тых, каго ўдому анічога, акрамя заробку, не трымае?

Ну бо што, урэшце, нас усіх задзіночвае і гуртуе разам? Толькі ўсьведамленьне сябе беларусамі, любоў да Бацькаўшчыны, трыманьне агульных каранёў ды супольнае спадчыны — і ўсё.

З гомельскай «Правдой» — нічога супольнага.

Valiera Rusielik z synam KonanamВалера Руселік з сынам Конанам на беларускім Купальлі, Варшава, 2025. Фота з архіву аўтара

І, дарэчы, гэты прынцып працуе ня толькі ў Беларусі. Выхоўваючы ад нараджэньня беларускамоўнага сына, я абышоў па Варшаве разам зь ім багата беларускіх дзіцячых ініцыятываў, якія былі паўсталі ў вымушанай эміграцыі. У абсалютнай большасьці мы не затрымаліся далей за азнаямляльны візыт. Здагадаліся, чаму? Так, бо ўсё было па-расейску. Ну і які сэнс тады там сядзець? Што там нас павінна трымаць і пераважаць — калі ўжо не па-беларуску — над польска- альбо ангельскамоўнымі гурткамі?

Нічога. Альбо трымаемся беларушчыны разам, альбо разьбягаемся.

Валера Руселік, budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org