Пакуль шматлікія эксперты спрачаюцца наконт зацікаўленасці ў казахстанскіх пратэстах знешніх гульцоў, удзелу ўнутраных заінтарэсантаў з розных кланаў і алігархічных груп, хацелася б зірнуць на падзеі ў гэтай краіне з пункту гледжання самаарганізацыі народных масаў.
Якім чынам без відавочнага адзінага цэнтра ў розных кутках Казахстана маглі ўспыхнуць пратэсты? І якія сацыяльныя групы здолелі за такі кароткі час самаарганізавацца?
Абавязкова варта ўзгадаць, што казахі маюць шматгадовы досвед супрацьстаяння ўладам.
Казахстан быў першай рэспублікай у СССР, дзе пасля пачатку «перабудовы» адбыліся масавыя мітынгі і крывавыя сутыкненні з міліцыяй і вайскоўцамі.
У снежні 1986 г. цягам тыдня адразу ў некалькіх казахстанскіх гарадах прайшлі дэманстрацыі студэнтаў. Моладзь пратэставала супраць прызначэння этнічнага расійца першым сакратаром казахстанскай кампартыі.
У Маскве даволі аператыўна адрэагавалі на падзеі ў Алматы. Калі пасля некалькіх разгонаў і арыштаў колькасць студэнтаў на адной з цэнтральных плошчаў сталіцы Казахскай ССР пачала расці, было прынята рашэнне сілавога разгону. Кіраўніцтва Сярэднеазіяцкай вайсковай акругі адмовілася выконваць загад, таму ў Алматы былі перакінутыя ўнутраныя войскі з іншых рэспублік СССР.
У выніку аперацыі ў сталіцы за некалькі дзён снежня было забіта каля 200 студэнтаў, столькі ж паранена, 1000 былі арыштаваныя.
Ужо ў 1990-я атмасфера супрацьстаяння несправядлівасці і барацьбы за свае правы перакінулася на прадпрыемствы па здабычы выкапняў і іх перапрацоўцы.
З усталяваннем рэжыму Назарбаева, прыватызацыяй большасці прадпрыемстваў істотную ролю мелі незалежныя прафсаюзы, якія дапамагалі рабочым самаарганізоўвацца.
Адметнасцю казахстанскай здабываючай прамысловасці ёсць вялікая колькасць кампаній з замежным і сумесным капіталам. Гэтыя акалічнасці адразу давалі магчымасць пераводзіць любыя сацыяльныя пратэсты і страйкі да палітычных пытанняў. Напрыклад, падчас найбольш трагічнага супрацьстаяння пратэстоўцаў з уладамі ў 2011 г. у Жанаазэне, дзе ў выніку разгонаў загінула да 15 чалавек, страйкоўцы, у тым ліку, высоўвалі патрабаванні аб неабходнасці нацыяналізацыі здабываючай галіны прамысловасці.
Такая пазіцыя ўзнікла не на пустым месцы. У мясцовых работнікаў пастаянна ўзнікалі праблемы не толькі з замежнымі ўласнікамі і адміністрацыяй, але і з іншаземнымі рабочымі.
У 2006 г. у выніку незадаволенасці аплатай нафтавікі на радовішчах каля Тэнгіза абвясцілі страйк і адмовіліся вяртацца з вахты. Закладнікамі сітуацыі сталі турэцкія рабочыя. Каля 400 казахаў паранілі 120 турак, спалілі аўтамабілі і памяшканні, якія належалі турэцкай кампаніі.
Праз дзесяць год тэндэнцыя на прадпрыемствах радовішча не вельмі змянілася, бо ужо ў 2019 г. на ім таксама прайшлі пагромы, пачаткам для якіх быў таксама міжэтнічны канфлікт.
Тэнгіз 2019. Фота i.ytimg.com
У 2017–2021 гг. страйкі на здабываючых і пераапрацоўчых прадпрыемствах атрымалі новы імпульс. Як падкрэсліваеццаў матэрыяле на сайце казахстанскіх левых: «Страйкі падчас праходжання вахты неаднаразова суправаджаліся фактычным захопам абсталявання і прамысловых аб’ектаў».
Вельмі істотным фактарам для радыкалізацыі рабочых у 2019–2021 гг. было жорсткае падаўленне пратэстаў на прадпрыемствах у 2017–2018 гг. Вынікам былі крымінальныя справы і судовы пераслед актывістаў, ліквідацыя 22 незалежных прафсаюзаў.
Нягледзячы на дэлегалізацыю арганізацый працоўных, у 2019–2021 гг. колькасць страйкаў у краіне толькі павялічылася. Дзякуючы самаарганізацыі рабочыя ўзнялі градус супрацьстаяння настолькі, што ўласнікі разам з уладамі ў некаторых выпадках былі вымушаныя ісці на саступкі — падвышаліся заробкі, сплочваліся запазычанасці, павялічвалася колькасць дзён адпачынку.
Поспехі рабочых справакавалі на масавыя выступленні іншых працоўных. Досведам працуючых у прамысловасці скарысталіся нават медыкі і кіроўцы грамадскага транспарту, якім увогуле забаронена страйкаваць.
У выніку 2021 год апынуўся самым багатым на дэманстрацыі і страйкі ў самых розных сферах эканомікі.
Другой буйной групай, якая актыўна брала ўдзел у супрацьстаяннях на вуліцах казахстанскіх гарадоў, былі незадаволеныя зямельнай рэформай у краіне. У 2016 г. прайшлі акцыі супраць зменаў у зямельнае заканадаўства, якія прадугледжвалі больш спрошчаную працэдуру канфіскацыі земляў, атрыманых з парушэннямі. Акцыі былі не настолькі масавыя, як сённяшнія, але прадэманстравалі, што грамадства здатнае на супраціў.
Тыя пратэсты распачаліся таксама на паўночным захадзе краіны, але ўлады здолелі аператыўна зачысціць актывістаў і папярэдзіць разрастанне народных выступленняў на поўдні.
Менавіта на поўдні, асабліва ў раёне Алматы, «зямельнае пытанне» найбольш вострае. Вакол былой сталіцы, уздоўж шматлікіх рэк шмат забудаваных і сельскагаспадарчых тэрыторый улады лічаць захопленымі. Таму мясцовыя жыхары вымушаныя ўвесь час супрацьстаяць паліцыі і будаўнікам, абараняючы сваё жытло.
У 2006 г. у адным з прыгарадаў Алматы адбыліся крывавыя падзеі, у выніку якіх загінулі супрацоўнік МУС і некалькі пратэстоўцаў.
Пасля той трагедыі ў Шаныраку ўлады пачалі дзейнічаць супраць уласнікаў захопленых земляў больш «кропкава», не дапускаючы зносаў цэлых нелегальных кварталаў, буйных паліцэйскіх спецаперацый.
Каб высяленні праходзілі менш гучна, паліцыя і будаўнікі апошнія 15 год намагаюцца праводзіць рандомныя рэйды. Гэта ў тым ліку рэакцыя на моцную самаарганізацыю жыхароў.
У 2016 г. намеснік генпракурора Казахстана Андрэй Краўчанка распавёў аб супраціве казахаў прымусовым высяленням і зносам: «Пачынаюцца амаль вайсковыя дзеянні. Пры спробе зносу дамоў узводзяцца барыкады. Дзеці і жанчыны ўстаюць жывым ланцугом перад тэхнікай. Пагражаюць самападпаламі. За чатыры гады яны правялі больш за сорак акцый пратэсту. Гэтымі акцыямі карыстаюцца і правакатары розных масцяў, настройваючы людзей супраць улады».
Як і ў выпадку з самаарганізацыцяй казахскіх рабочых, калі казаць пра самаабарону жыхароў самазахопленых тэрыторый, трэба адзначыць моцныя этнічны, а таксама рэлігійны фактары.
Варта ўлічваць, што фактычнымі заказчыкамі зносаў пасёлкаў з’яўляюцца ў большасці выпадкаў кітайскія кампаніі. На месцах высяленняў узводзяцца шматпавярховыя комплексы альбо здабываюцца карысныя выкапні.
Такія акалічнасці пагаршаюць стаўленне да кітайцаў сярод мясцовых жыхароў, садзейнічаюць распаўсюду сярод удзельнікаў самаабароны ідэяў радыкальнага ісламу.
Пра ступень міжэтнічнай напружанасці ў грамадстве і ўзровень самаарганізацыі казахаў можа сведчыць так званы «кардайскі пагром». Калі ў лютым 2020 г. на поўдні краіны, на самай мяжы з Кыргызстанам, адбыліся міжэтнічныя сутыкненні паміж казахамі і дунганамі (кітайскамоўнымі мусульманамі, якія перасяліліся на тэрыторыю сённяшняга Казахстана ў XIX ст.).
Цэнтральная вуліца вёскі Масанчы пасля пагрому, люты 2020. Фота: Айсымбат Токаева / Медыязона
Падставай для канфлікту лічыцца супрацьстаянне груп кантрабандыстаў, але ўдзел у пагромах брала каля 10 тыс. чалавек. У выніку сутычак у некалькіх дунганскіх вёсках загінула 11 чалавек, 180 былі параненыя, знішчана 40 будынкаў.
З такой самаарганізаванай базай, напружаннем у грамадстве магутны сацыяльны выбух быў толькі справай часу. Каранцінныя захады разам з працяглым эканамічным крызісам у Казахстане сталі той запалкай, якая падпаліла казахскае вогнішча ў 2022-м.
Менавіта самаарганізаваныя рабочыя і моладзь з поўдня і сталі галоўнымі сіламі, якія былі здатныя да пераходу да радыкальных дзеянняў супраць паліцыі падчас падзеяў у студзені 2022-га. Грамадства ў Казахстане даўно ўспрымае гвалт не як нешта недапусцімае, а ў якасці інструмента дасягнення мэтаў. Жорсткія дзеянні ўладаў могуць толькі яшчэ больш радыкалізаваць грамадства.
Таму трэба разглядаць варыянты вяртання пратэстоўцаў на вуліцы. Нават у бліжэйшы час.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org