Cерыял «Працэсы» ўключаны ў конкурс нямецкага фестывалю GoEast

GoEast — штогадовы фестываль кіно цэнтральнай і ўсходняй Еўропы, які пройдзе 24-30 красавіка ў нямецкім горадзе Вісбадэн. Сёлета ў праграму патрапіла паўнафарматная версія стужкі рэжысёра Андрэя Кашперскага «Працэсы».


Кадр з фільма «Працэсы»
Кадр з фільма «Працэсы»

Так гледачу быў прадстаўлены праект на сайце фестывалю:

«Неаднаразовыя фальсіфікацыі на выбарах. Падаўленне мірных пратэстаў. Адвольнае пазбаўленне волі невінаватых. Такія адпраўныя кропкі фільма Андрэя Кашперскага, які адрозніваецца выбітнай аператарскай працай. У чатырох эпізодах сатырычна паказаная найноўшая гісторыя Беларусі — ад пратэстаў супраць Лукашэнкі ў 2020 годзе да вайны ва Украіне.

Ва ўмовах перапоўненасці турмаў вайсковец страшнага падраздзялення спецназа затрымлівае дэманстрантаў у двухпакаёвай кватэры сваёй сям’і — акт прагматызму, які гарантуе, што сумеснае пражыванне будзе суправаджацца новымі паваротамі падзей.

Вусатыя мужчыны з намаляванымі ўсмешкамі вітаюць студэнтаў на экскурсіі ў штаб-кватэры КДБ. Іх своеасаблівы метад працы выклікае здзіўленыя погляды, не заўсёды ў станоўчым сэнсе.

Група стомленых дзяржаўных міністраў, якія пакутуюць ад калектыўных начных кашмараў з тых часоў, як пачаліся пратэсты, сумесна інтэрпрэтуюць свае сны, пакуль не выпрацуюць стратэгію пераадолення трывог адносна сваёй прафесійнай і асабістай будучыні.

Жыццё Зоі таксама адзначана непакоем. Памылкова мяркуючы, што яе сын, сам таго не жадаючы, апынуўся ўцягнуты ў вайну, яна звяртаецца да дзяржавы па дапамогу, і ўлады спрабуюць дакапацца да сутнасці справы. Але ці перашкаджаюць яе асцярогі ўсім цвяроза зірнуць на рэальнасць?

Гэтая зласлівая сатыра можа дапамагчы справіцца з сур’ёзнай тэмай.»

29 красавіка поўнафарматную версію серыяла даўжынёй у 100 хвілін можна будзе паглядзець у кінатэатры Caligari, 30 красавіка — у кінатэатры Apollo. Квіткі можна набыць па гэтай спасылцы.

Стужка вытворчасці тэлеканала «Belsat», сцэнар пісалі Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй.

Ролі выконваюць: Валянціна Гарцуева, Андрэй Новік, Ігар Сігоў, Алег Гарбуз, Сяргей Толсцікаў, Зоя Белахвосцік, Сяргей Чуб, Яна Траянава.

«Працэсы» будуць спаборнічаць з пятнаццаццю іншымі стужкамі конкурсу. Усе фільмы з праграмы фестывалю 2024 года можна знайсці тут.

Чытайце яшчэ:

«Гумар дапамагае не апускаць рукі». Рэжысёр Андрэй Кашперскі пра палітычную сатыру, серыял «Працэсы» і планы на будучыню