Сапраўдным прарывам у беларускай дакументалістыцы апошняга часу стала з’яўленне на медыйным рынку чэшскага тэлеканала «Настоящее время», які пачаў працаваць праз інтэрнэт. У самым пачатку 2020 года яго прадзюсары запусцілі адмысловы тэледакументальны праект «Невядомая Беларусь», дзякуючы якому планавалася знаёміць рускамоўных гледачоў з постсавецкай прасторы з краінай, пра сапраўднае жыццё якой мала хто ведаў.
У стварэнні праекта ўдзельнічала цэлая каманда: рэжысёркі Любоў Зямцова і Юлія Шатун, прадзюсар Уладзімір Міхайлоўскі і гукарэжысёр Максім Гаўрыленка. Маладыя людзі паспелі зняць фільмы пра Камароўскі рынак, хатні гвалт, размеркаванне студэнтаў і самы пачатак эпідэміі каронавірусу, але падчас здымак эпізода пра працу валанцёраў праекта ByСOVID-19 амаль усе яго стваральнікі загінулі падчас жудаснай аўтааварыі.
Падчас пахавання прадзюсары праекта паабяцалі, што праект адновіць працу, як толькі знойдуцца іншыя кінематаграфісты, якія пагодзяцца на супрацу. І ў другой палове 2021 года гэта сапраўды адбылося — праект амаль таемна перазагрузіўся і пачаў называцца «Жыве Беларусь». Асаблівасцю яго стала ананімнасць аўтараў і больш прасякнутыя палітыкай тэмы фільмаў.
Падрабязней пра апублікаваныя эпізоды я пісаў у мінулым матэрыяле, а ў гэтым паспрабаваў выйсці на сувязь з яго стваральнікамі.
«Жыве Беларусь». Дакументалістыка ў партызанскіх умовах
Нязменная прадзюсарка праекта, Наталля Аршаўская, адмовілася ад размовы, абгрунтаваўшы гэта няўстойлівым становішчам праекта, які аднавіў працу падчас небывалых рэпресій супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, у тым ліку журналістаў і кінематаграфістаў.
«Гэта пакуль як міннае поле з усіх бакоў — мы не ведаем, як регулярна будзе выходзіць праграма і не можам казаць пра тых, хто яе для нас робіць. Мы ўвогуле не ўпэўнены, што зможам працягнуць вытворчасць і знайсці аўтараў, якія будуць гатовыя з намі супрацоўнічаць на пастаянай аснове. У нас саміх пакуль пытанняў больш, чым адказаў, таму прадмета для размовы не тое каб зусім няма, але пра гэта няма магчымасці казаць», — адказала кінематаграфістка ў паведамленні.
Тым не менш аднаго з рэжысёраў атрымалася знайсці, і мы з ім паразмаўлялі на ўмовах ананімнасці.
— Мы з вамі размаўляем ананімна, а ў тытрах вашых фільмаў не пазначаны ніхто са здымачнай каманды. Зразумела, дзеля чаго гэта робіцца — дзеля бяспекі. Атрымліваецца, рамяство дакументаліста, які працуе без падтрымкі дзяржавы, зараз фактычна забаронена?
— Рашэнне не ўказваць аўтараў прадыктавана перш за ўсё тым, што ў Беларусі зараз немагчыма зразумець, што можна рабіць, а за што ты і твае блізкія могуць быць пакараныя. Уласна гэтай тэме — прававому дэфолту — і прысвечаны адзін з фільмаў цыкла.
У фокусе ўвагі выпуску пра геаграфічны Цэнтр Еўропы, над якім працавала наша каманда — беларуская глыбінка. Ён не ўтрымлівае нейкай вострай крытыкі, гэта не было мэтай. Мы паказалі кавалачак жыцця вёскі, атрымалася прыгожа і крыху сумна, але зараз ты не можаш быць упэўнены, хто якую каманду аддаў, усіх без разбору стрыгуць пад адзін грабянец.
Гэта раней можна было разважаць у рамках дыскурсу «нам не далі дзяржзамову» і баяцца забарон на нейкія здымкі. Цяпер мы баімся за жыццё і свабоду каманды і герояў, працуем як падчас акупацыі.
— Здаецца, што ў такіх умовах працаваць немагчыма, але вы ўжо знялі пры гэтым некалькі прац. Як ішоў працэс, як удалося разгаварыць людзей?
— Вы бачыце толькі паспяховы вынік нашай працы, але былі тэмы, якія мы так і не змаглі рэалізаваць. Вельмі складана знайсці людзей у Беларусі, гатовых здымацца. Усе баяцца, нават калі ідэя не датычыць палітыкі. Да нас людзі насцярожана ставяцца, некалькі разоў мы ездзілі без камер, проста каб пазнаёміцца і паразмаўляць. Высветлілася, што асцярогі людзей былі выкліканы яшчэ і тым, што да іх у вёску, у «цэнтр Еўропы», неяк прыязджалі журналісты, якія не ў лепшых фарбах апісалі іх мясціны. І калі тваю родную хату завуць дном, вядома, больш не маеш жадання мець справу з журналістамі.
Мы не хавалі, што мы здымаем і для каго, да нас прыязджаў знаёміцца нават прадстаўнік мясцовых уладаў, пытаўся пра акрэдытацыю. Але ж мы кіно здымаем, акрэдытацыя нам не патрэбная. У вёсцы Івесь, дарэчы, нават калісьці праходзіў міжнародны фестываль кіно, можа і таму да нашай здымачнай групы добра паставіліся. Але не ўсё задуманае атрымалася зняць, людзі не давяраюць і баяцца.
— Як адбілася на вас, вашай камандзе і здымках вайна ва Украіне? Ціск з боку ўлад і нервовасць звычайных людзей павялічыліся?
— Мы ўсе былі ашаломленыя, вядома, гэтай навіной, адчувалі страчанасць і прыгнечанасць. Як жыць далей і што рабіць? Ці патрэбная цяпер наша праца, ці можам мы быць больш карыснымі як, напрыклад, валанцёры. Мы і тысячы іншых людзей столькі здымалі пра важнасць чалавечых каштоўнасцей, а гэта ніяк не паўплывала на сітуацыю. Навошта тады гэта ўсё? Калі беларускі рэжым апынуўся як саўдзельнік і агрэсар у гэтай вайне, пытанне аб адказнасці беларусаў зноў выбіла глебу з-пад ног. Так і жывем, навобмацак. А нервовасць людзей і ціск улад у гэтым сэнсе звыклыя негатыўныя фактары.
— Пытанне, якое варта было б задаць прадзюсарам, але калі яны не хочуць адказваць, спытаю ў вас. Спачатку праект называўся «Невядомая Беларусь», а цяпер яго перайменавалі ў «Жыве Беларусь». Што гэта, перазагрузка праекта ці яго працяг?
— Пытанне сапраўды не да нас, але думаю, рашэнне правільнае, праект запатрабаваны і цікавы, яго патрэбна было працягваць. Але аўтараў, якія прыдумалі і рэалізавалі гэты фармат, няма з намі, таму трэба было зрабіць перазагрузку. «Невядомая Беларусь» — гэта толькі Люба Зямцова і яе каманда.
— Датычна сімвалізму. Ці азначае новая назва, што Беларусь перастала быць невядомай краінай, а праект, зыходзячы з сугучнасці з палітычным лозунгам «Жыве Беларусь», стаў больш палітызаваным?
— Не, на жаль, Беларусь усё яшчэ шмат у чым невядомая. Каментары і гнеўныя заклікі беларусам не ўдзельнічаць у вайне сведчаць аб тым, што ўкраінцы, напрыклад, у масе сваёй зусім не ўяўляюць, што ў нас адбывалася ў 2020 г. і пазней. Наконт палітызаванасці — задачы такой няма. Аўтары вольныя здымаць, што нам здаецца цікавым і важным. Цяпер усё жыццё, вядома, моцна прасякнута палітыкай. Але людзі стаміліся ад гэтага, думаю, сюжэты пра нейкі нацыянальны каларыт і без вайны сталі б аддушынай. Але гэта не сумленна.
— Мяркуючы па тым, што я ўбачыў, у вас гібрыдны праект, які ўвабраў у сябе прыёмы кінатэатральнай і тэлевізійнай дакументалістыкі. Як вы адказваеце на пытанне, чым займаецеся — дакументалістыкай або журналістыкай?
— Усе гэтыя падзелы даволі ўмоўныя, для гледача дакладна, і нават прафесіяналы часам называюць відэа блогераў кшталту Юрыя Дудзя фільмамі. Я рэжысёр дакументальнага кіно, але гэтая форма патрабуе шмат часу і высілкаў, таму зараз мы з камандай робім больш хуткія тэлевізійныя праекты.
— Па якіх прынцыпах вы імкнецеся працаваць? І як знаходзіце баланс розных метадаў і прыёмаў працы?
— Стала незразумела, каго і за што могуць пакараць, але калі ўсяго баяцца, то ўвогуле нічога не здымеш. Пошук герояў — асноўная праблема. Творчыя пытанні накшталт формы зараз не такія важныя, як бяспека. Гэта можа паралізоўваць, а можа падштурхоўваць шукаць цікавыя рашэнні. А ўвогуле з балансам зараз складана.
Звыклай нам рэальнасці не існуе, і дакументалістыка як творчае асэнсаванне жыцця будзе шукаць новую мову, каб гэта адлюстраваць, але пакуль усё толькі сыплецца.
— Палітычныя і эпідэміялагічныя падзеі апошніх двух гадоў прывялі ў рух увесь постсавецкі рэгіён. Падзеяў, якія змянілі нашае жыццё да непазнавальнасці, было вельмі шмат. Як прымаюцца рашэнні, па якіх тэмах можна зняць чарговы выпуск? Што вас цікавіць больш за ўсё і за што вы ніколі не возьмецеся?
— Цяпер вельмі складаны, але пры гэтым вельмі цікавы час. Здымаць не пераздымаць, усё баліць, усё змяняецца. Глабальныя трансфармацыі, вядома, кранаюць самых розных людзей, гэта важна захаваць, гэта цікава. Але поле ідэй моцна звузілася магчымасцю іх рэалізацыі — фактычна аўтары шукаюць, што можна зняць, каб у канчатковым выніку не падвесці герояў і каманду і паспець за рухамі жыцця. У цэнтры дакументальнага кіно — заўсёды чалавек, я бяруся за любую тэму, калі герой мне цікавы. Але гэта не значыць, што ён прыемны ці ў нас агульныя каштоўнасці. Патрэбна кінематаграфічнасць гісторыі, а гэта часта людзі, якія чымсьці чапляюць, а часам і раздражняюць.
— Стваральнікі праекта не жадаюць загадваць з нагоды выхаду праекта. Што вы думаеце пра ягоныя перспектывы ў Беларусі? Ці можна здымаць сумленную дакументалістыку ў рэпрэсіўных умовах?
— Як беларусы спраўляюцца з падзеямі ў нашай краіне, усё яшчэ цікавіць гледача. Я мяркую, што праект «Жыве Беларусь» запатрабаваны і тут, і асабліва ў рускамоўным замежжы. Здымаць няпроста, так, але кінадакументалістыка заўсёды была выклікам для невялікага кола асаблівых людзей, проста не было ні зараз, ні потым, але мы да гэтага рыхтаваліся, бо гэта частка прафесіі.
Для мяне пытанне шчырасці — гэта перш за ўсё сумленнасць перад сабой, і пачынаецца яно з самага першага моманту, калі ты адважваешся на здымкі. Таму што сядзець дома, маўчаць, раз ужо ты назваўся дакументалістам, не сумленна.
Ёсць і творчая планка, якую задала загінулая каманда Любы Зямцовай, і хацелася зрабіць фільм так, каб не было сорамна перад ёй.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org