На Століншчыне, Драгічыншчыне, Піншчыне тыдзень пасля Вялікадня называўся Праводны — праводзілі свята і праганялі зіму. У беларусаў некалі былі шырока распаўсюджаныя дзве традыцыі, прысвечаныя Вялікадню: на Віцебшчыне і Гарадзеншчыне бытаваў валачобны абрад, а на Палессі і Падняпроўі вадзілі карагоды. Для Пінскага раёна таксама характэрная карагодная традыцыя (тут карагоды называюць “танкі”), якая існавала ад першага дня свята да наступнай нядзелі.

Цяпер у жывой форме “Проводна неділя” (так гучыць назва традыцыі на мясцовай гаворцы) захоўваецца ў вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна. Праўда, цэлы тыдзень танкі тут не водзяць, а толькі абазначаюць першы дзень Вялікадня і Праводную нядзелю. Да апошняга часу ў панядзелак праз тыдзень пасля Вялікадня, павадзіўшы танкі, праганялі зіму за раку. Зараз вырашылі рабіць гэта ў нядзелю, бо гэта непрацоўны дзень.
Пінкавічы — вёска ў Пінскім раёне, звязаная з жыццём і дзейнасцю Якуба Коласа. Тут ёсць музей, прысвечаны песняру. Цяпер гэта вялікі пасёлак, які разам з вёскай Вышавічы прымыкае да Пінска, а некалі ўся вёска была ў адну вуліцу. Калі вырашалася пытанне далучэння да горада, пінкаўцы захацелі застацца вёскай. І не толькі захоўваюць такі статус, але і даўнія звычаі продкаў шануюць. Адна з праяваў гэтых звычаяў — Параводны тыдзень, што святкуецца з першага дня Вялікадня цягам тыдня і завяршаецца абрадам праводзін зімы.
На Вялікдзень, як толькі скончыцца служба ў царкве, мясцовыя спявачкі збіраюцца разам, каб павадзіць танкі. Да іх далучаюцца дзеці, моладзь. Паводзяць ля царквы — ідуць па вуліцы далей, да наступнага скрыжавання дарог. І так з канца ў канец вуліцы. А на кожным скрыжаванні водзяць танкі. На вуліцы шумна, весела: мужыкі і дзеці гуляюць на ўбіткі, качаюць яйкі з горак. Сапраўднае свята, калі душа спявае разам з птушкамі, што вярнуліся з выраю і ўюць сабе гнёзды, шчабечуць. Далёка разносяцца звонкія галасы спявачак: “Скачэ горобейко да по юлоньцы. Гэй, гэй, да по юлоньцы (паўтараецца пасля кожнага радка). В тонкой, білой да кошулэньцы. Збырае дывок, дывок молодых…”, “Травка-муравка, чым нэ зэлёна? Як жэ я маю зэлёной буты? Што було пташок — всі в вырай пошлы, одна зосталась раба зозуля, дай тую хочуць соловы взяты, лэбэдям даты. Ой, сэло, сэло, чым нэ вэсёло? Як жэ я маю вэсёлым буты? Шчо було дэвок, всі замуж пошлы…”

Мясцовая гаворка своеасаблівая, але калі прыслухацца, усе словы зразумелыя. І добра, што мясцовы фальклорна-этнаграфічны гурт “Крыніцы” захоўвае сваю спеўную спадчыну разам з гэтай гаворкай. Ім кіруе Ігар Няхайба, а дырэктар дома культуры — патомная спявачка Таццяна Максімчук. Сабрала калектыў 30 гадоў таму Ксенія Паўлаўна Даніловіч.
Звычай вадзіць танкі захаваўся дзякуючы старэйшым жыхаркам вуліцы Якуба Коласа — Ксеніі Даніловіч, Улляне і Алене Лой, Лідзіі Клачко, Любові Шлома, Елізавеце Лой. Асабліва моцны традыцыйны голас захавала цудоўная спявачка Алена Цімафееўна Лой, якая перадала дачцэ Таццяне Максімчук свой песенны рэпертуар. Усіх удзельніц гурта не пералічыць, але важна зазначыць, што гэта дружны калектыў з багатым спеўным рэпертуарам, традыцыйным гучаннем і высокім узроўнем выканальніцкага майстэрства. Нездарма ў 2010 годзе ён атрымаў найменне “народны”. Вельмі радуе тое, што ў Пінкавічах працуюць і з дзецьмі, што дае надзею, што спеўныя крыніцы тут не перасохнуць.
Праводная нядзеля яшчэ цікавейшая за Вялікдзень. Зноў па вуліцы танкі водзяць. Над ракой нясуцца галасы: “Ох, а мы просо сіялы, сіялы. Зэлёна наша дуброва, зэлёна!..”, “Пуд зэлёным дубом ячмень молотыла…” У тэкстах танкоў гаворыцца пра жаночую долю былых насельніц Пінкавічаў: “На крутом бережэчку, на жовтом пэсочку, там ютовка крачэ, там дівонька плачэ, за старого ідучы…”, “А Тарасова жона в огороде полола…” Прайшоўшы так усю вуліцу, за гарою пачынаюць бегчы да ракі з абрадавай песняй: “Да проводымо зыму да за гай, за долыну! Да за тое мостышчэ, дэ здохло конышчэ”.

Між тым спявачак па дарозе сустракаюць перашкоды — дзе вяроўка, дзе дрот нацягнуты. Гэта жыхары вуліцы, што жывуць бліжэй да ракі, іх нацягнулі. Жанчыны рвуць перашкоды, бо яны сімвалізуюць путы зімы. І праганяюць зіму за раку, спяваючы: “Іды, зіма, до Добучэва, ты ж нам надокучыла! Всі волокы порвала, постолы потоптала”. Некаторыя бягуць да вады і хапаюць у ёй якую-небудзь расліну: у каго даўжэйшая, у той, лічылі раней, вырасце доўгі лён. А цяпер жанчыны мераюцца, хто з іх будзе ўдачлівейшай ва ўсіх справах. Праўда, сёлета моцнага разліву ракі няма, ды і надвор’е халоднае, таму ахвочых разуцца і забегчы ў ваду не знайшлося.
У вёску жанчыны ідуць ад ракі, спяваючы траецкія куставыя песні. Гурт “Крыніцы” памятае іх шмат: “Ой, у Пыніковіч добрая ўкраіна, пуйдэш до броду — водыцы по коліна. Ой, у Пыніковіч добрыі молодыцы…” Такім чынам, у вёсцы Пінкавічы захавалася масавае гульнёва-карагодна-песеннае дзейства ў гонар Вялікадня і вясны, падчас якога праганяюць зіму і вітаюць надыход цёплых дзянёчкаў. Абрад захоўваецца на той жа тэрыторыі, што і спрадвеку (ад крыжа да крыжа па вуліцы ўздоўж ракі). Мелодыі і тэксты перадаюцца вусна з пакалення ў пакаленне. А яшчэ многія ўдзельніцы гурта захоўваюць даўнія галаўныя ўборы ручніковага тыпу — наметкі, якія атрымалі ў спадчыну ад сваіх маці і бабуль. Аднак халоднае надвор’е не дазволіла ім сёлета пакрасавацца ў гэтых даўніх уборах. З гэтай жа прычыны надзелі цёплыя сцэнічныя касцюмы. Аднак у планах Пінскага райвыканкама — саткаць і сшыць для спявачак вёскі Пінкавічы традыцыйныя кашулі, каб Праводны тыдзень выглядаў яшчэ больш традыцыйна і прыгожа. Гэтую традыцыю вырашана прадставіць у Міністэрства культуры для надання ёй статусу нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.
Рэгіна Гамзовіч
Фотарэпартаж Аляксея Сталярова