Правы чалавека людзі атрымліваюць проста праз сам факт нараджэння. Іх мае кожны чалавек на Зямлі, незалежна ад узросту, полу, колеру скуры. І пра свае правы трэба ведаць. Праўда, разабрацца з гэтай тэмай не заўсёды лёгка. Падабралі вам у дапамогу сямёрку відэапраектаў — ад простых пытанняў да грунтоўных аглядаў па тэме правоў чалавека.
1. «Маё права» — праект для дзяцей і іх бацькоў ад «Будзьма беларусамі!»
Гэта серыя відэаролікаў з удзелам адмыслоўцаў, дзе разбіраюцца канкрэтныя складаныя сітуацыі.
Ролікі дапамогуць пашырыць веды пра свае правы і магчымасці ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту і падлеткаў. А таксама дапамогуць бацькам і дзецям у складаных сітуацыях: булінг, палавая дыскрымінацыя ў школе, канфлікт паміж настаўнікам і вучням і інш.
2. Анімацыйны фільм «Правы чалавека»
Зусім нядаўна на YouTube у вольным доступе з’явіўся анімацыйны фільм пра правы чалавека «для ўсіх актыўных беларусаў, якія не здаюцца».
Асноўная ідэя анімацыі — у гульнявой форме распавесці пра правы чалавека.
Аўтары фільма — Ната Карнеева (адзін з рэжысёраў і аўтар малюнкаў) і Эльдар Мусін (другі рэжысёр, гукарэжысёр, аўтар анімацыі).
Сцэнарыстамі выступілі праваабаронцы з HUMAN RIGHTS IMPACT.
«Беларусам важна ведаць і разумець што такое правы чалавека і як неабходна абмяжоўваць уладу ў дзяржаве. Шлях да вяртання свабоды і правоў чалавека пачынаецца з разумення гэтых правоў і як яны павінны працаваць», — лічыць кіраўнік HUMAN RIGHTS IMPACT, праваабаронца Раман Кісляк.
3. Вэб-серыял «Ведай і барані свае правы!»
У дзесяці серыях ініцыятыва pravybarani сцісла, лёгка і папулярна распавядае пра гісторыю, тэорыю і асноўныя механізмы правоў чалавека.
Стваральнікі падкрэсліваюць, што «ідэя таго, што людзі валодаюць нейкімі неад’емнымі правамі, караніцца ў розных культурах». «Каштоўнасці, увасобленыя ў сучаснай сістэме правоў чалавека, можна знайсці ў шматлікіх прыкладах прац філосафаў і законах розных дзяржаваў з гісторыі чалавецтва. Гэта сведчыць аб тым, што яны не з’яўляюцца ні „заходнім вынаходніцтвам“, ні дасягненнем ХХ стагоддзя», — зазначаюць аўтары.
Ёсць і пра нашу гісторыю. Напрыклад, пра звод княжых пастаноў X–XII стагоддзяў, якія мелі агульную назву «Руская праўда», пра Полацкія і Смаленскія граматы XIII–XIV стагоддзяў, у якіх замацаваныя правы асобных катэгорый грамадзян гэтых зямель. І канечне, пра заканадаўства Вялікага Княства Літоўскага, у помніках права якога знайшлі адлюстраванне многія прынцыпы, сфармуляваныя пазней ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.
4. Простымі словамі пра складанае. «Правы чалавека»
Адукацыйная Ініцыятыа EdCampBelarus ладзіла мноства дыскусій і майстар-класаў ад беларускіх і замежных экспертаў, якія потым з’яўляліся на адмысловым канале ў серыі «Простымі словамі пра складанае». Серыя была падрыхтавана для настаўнікаў і старшакласнікаў, для арганізацыі дыскусій па праблемах развіцця сучаснага грамадства на ўроках гісторыі, геаграфіі і грамадазнаўства, а таксама для арганізацыі класных і інфармацыйных гадзін. Простымі словамі пра складанае распавядалі эксперты з розных сфер.
У роліках можна пачуць адказы на пыанні: «Якія каштоўнасці з’яўляюцца фундаментам правоў чалавека?», «Якія можна вылучыць прынцыпы правоў чалавека?», «Ці можна абмежаваць правы чалавека?» «Чаму важна не толькі ведаць свае правы, але і ўмець бараніць іх?» і іншыя.
5. Вэб-серыял «Правы чалавека — твае правы»
15 серый інфармацыйна-асветніцкага праекта ад Беларускага жаночага фонду.
Неабходнасць стварэння такога серыялу у БЖФ патлумачылі тым, што ў Беларусі наступіў час, калі «не да законаў». На жаль, гэты час працягваецца і цяпер.
Аўтары серыяла даступна тлумачаць, што такое СНС — сацыяльна небяспечнае становішча, якія правы ёсць у бацькоў, ці з’яўляецца прыцягненне па «народным артыкуле» падставай для пастаноўкі дзяцей у СНС. Альбо — у адной з серый — прафесійны псіхолаг распавядае аб сімптомах, прычынах і — самае галоўнае — спосабах выхаду з дэпрэсіі «крок за крокам».
6. Серыя відэалекцый праваслаўнага святара Георгія Роя «ПРАВА-вер’е»
У дзесяці лекцыях на сваім канале протаіерэй Георгій Рой разбіраецца, як праваслаўная традыцыя ставіцца да ідэі правоў чалавека: «Калі гаворка пра правы чалавека заходзіць у праваслаўным асяроддзі, то вельмі часта вернікі бываюць ці проста абыякавымі да гэтай тэмы, ці нават успрымаюць гэтую ідэю варожа. Чамусьці склалася так, што ідэя правоў чалавека лічыцца сярод шырокага кола праваслаўных бездухоўнай і нават антыхрысціянскай, звязанай з секулярнымі рухамі. Але ці так гэта насамрэч? Як мы можам ацаніць самую ідэю правоў чалавека з пункту гледжання Бібліі, праваслаўнага багаслоў’я і гісторыі?»
7. «Аловак і гумка». Анімацыя пра смяротнае пакаранне
Анімацыйны фільм праваабарончага цэнтра «Вясна» на тэму смяротнага пакарання зняты амаль дзесяць гадоў таму. На жаль, актуальнасць тэмы не страчаная — Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ў якасці пакарання ўжываецца смерць.
Бонус
Размалёўка «Ян, Яніна, Васіліна: правы чалавека і дзіцяці ў малюнках» ад «Будзьма беларусамі»
Яшчэ адзін прадукт ад каманды «Будзьма беларусамі», створаны ў 2019 годзе, дапаможа пазнаёміць дзяцей з няпростай тэмай у прывабнай і цікавай ім форме.
Як можна раздрукоўваць, чытаць на планшэце, пераказваць і дасылаць сябрам.
«Калі дзяўчынка ці хлопчык з’яўляюцца на свет, на ручкі ім вешаюць бірачкі, дзе пішуць дату і час нараджэння, рост і вагу. Пазней мама і тата рэгіструюць у афіцыйнай установе імя і прозвішча немаўляці. Але ёсць яшчэ нешта, што людзі атрымліваюць проста праз сам факт нараджэння, няхай ніхто не выдае пра гэта ніякіх бірачак. Гэта правы чалавека. Правы чалавека мае кожны чалавек на Зямлі, незалежна ад узросту, полу, колеру скуры. Незалежна ад таго, здаровы ён ці хворы, бедны ці багаты. Гэтыя правы вызначаюць нашы стасункі з дзяржавай. Яны даюць нам апору, каб бараніць сябе ад гвалту, уціску, несправядлівасці. І ведаць іх трэба з пялюшак. Ян і Яніна брат і сястра. Нядаўна ў іх сям’і адбылася радасная падзея нарадзілася сястрычка Васіліна. Давай паглядзім, як кемлівыя школьнікі спрабуюць патлумачыць новаму чалавеку ейныя правы на блізкіх ёй прыкладах», — вось пра што размалёўка «Ян, Яніна, Васіліна: правы чалавека і дзіцяці ў малюнках».
Аўтарка тэкстаў Марыя Мартысевіч, малюнкі Дар’і Мандзік.
Budzma.org