Пяць месяцаў мінула ад таго часу, як на доме па вуліцы Валадарскага, 9 у Менску мелася быць усталяваная мэмарыяльная дошка ў гонар 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Як сказаў Свабодзе старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца, які вядзе ліставаньне пра гэта з кіраўніцтвам Менгарвыканкаму, ніякай пэўнасьці дагэтуль няма.
«Яшчэ месяц таму мяне запэўнівалі, што нічога не адмяняецца, трэба толькі ўзяць дазвол у гаспадароў будынка, — кажа мастак. — Але нават пасьля таго, як дазвол атрымалі, нічога не зьмянілася. Хачу нагадаць: дзьве шыльды адлітыя за народныя грошы! Ёсьць лісты з запэўніваньнем, што шыльда будзе ўсталяваная. Адзінае, чаго няма, дык гэта хоць нейкіх дзеяньняў. Каб ужо сказалі, што ня будзем нічога рабіць — справа адна. Але ж абяцаюць, што дошка будзе!».
Менскія гарадзкія ўлады далі папярэднюю вусную згоду на ўсталяваньне дошкі, вырабленай 25 гадоў таму Алесем Шатэрнікам, яшчэ 1 сакавіка, але канчатковай згоды няма дагэтуль. За кошт ахвяраваньняў (патрэбную суму сабралі за тры гадзіны) скульптар Ігар Засімовіч вырабіў новую дошку, бо старая прыйшла ў непрыдатны стан.
Мастацкая рада Менгарвыканкаму сёлета ў красавіку зацьвердзіла вонкавы выгляд дошкі, аднак, насуперак ранейшым дамоўленасьцям, афіцыйнага рашэньня аб усталяваньні не атрымана.