Чытанка для дзіцячага садка. Укладальнікі Вінцук Вячора і Пётра Садоўскі, Мінск: Медисонт, 2008. – 372 стр.
Галоўнае прызначэнне падобных выданняў – папярэдні адбор твораў і ўкладанне кнігі, якую дарослы можна пачынаць чытаць уголас дзецям з любой старонкі, а таксама забяспечыць бацькам хуткі доступ да любімых дзецьмі тэкстаў.
Першае выданне гэтай кнігі выйшла добрых дваццаць гадоў таму і нягледзячы на вялікі наклад натуральным чынам стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Безумоўным плюсам гэтага выдання з’яўляецца тое, што пад адной вокладкай сабраны вялікі корпус тэкстаў на беларускай мове (больш за 300 адзінак) у розных жанрах і з шырокім тэматычным спектрам.
Укладальнікам здаецца лагічным падзел матэрыялаў кнігі паводле ўзроставых катэгорыяў, але ў большасці выпадкаў старонняму чалавеку цяжка зразумець паводле якіх крытэраў той ці іншы тэкст рэкамендаваны той ці іншай узроставай катэгорыі. А пры адсутнасці алфавітнага ўказальніка (які пры сучасным стане развіцця настольна-выдавецкіх сістэмаў не з’яўляецца нейкім складаным фокусам) хутка знайсці патрэбны твор без закладак – задача складаная. Думаю, каб укладальнікі абмежаваліся падзелам па тэмах, блытаніны было б куды менш.
Аднак, менавіта адбор твораў – самае слабое месца гэтай хрэстаматыі. Пасля ўважлівага прачытання засталося ўражанне, што укладальнікі самі так да канца і не вызначыліся, што за кнігу яны робяць. Ці то анталогію па гісторыі беларускай дзіцячай літаратуры, прызначаную для студэнтаў-філолагаў, ці то чытанку для дзіцячага садка.
Калі гэта чытанка, то мушу заўважыць, што любоў да архаічнага беларускага фальклору з боку ўкладальнікаў троху слепаватая. Нейкіх іншых тлумачэнняў таго, чаму ў зборнік трапіў верш (прапанаваны, між іншым, для дзяцей да трох гадоў) дзе кату пагражаюць біць па лапках, па спіне, хвасту і ў плечы (стр. 29–30) у мяне проста няма. Я асабіста разумею, чаму і якім чынам на працягу апошняга стагоддзя мянялася стаўленне беларусаў да хатніх жывёлаў і чаму пад агрэсію трапляў менавіта кот, але падазраю, што далёка не ўсе трохгадовыя дзеці могуць пахваліцца хоць нейкімі ведамі ў галіне гісторыі і культурнай антрапалогіі.
Калі гэта анталогія, то чаму туды не трапілі такія папулярныя творы для дзяцей, як «Хлопчык і лётчык» (хоць бы ў скароце) Янкі Купалы ці «Песенька Дзеда-Барадзеда» Артура Вольскага?
Калі гэта чытанка, то навошта ў прадмове хваліцца тым, што «многія творчы, уключаныя ў чытанку, знайсці па-за ёй без доступу ў фундаментальныя бібліятэкі цяжка» (стр.4)? Бо асноўныя вартасці тых тэкстаў, якія цяжка знайсці без доступу ў вялікія бібліятэкі знаходзяцца ў сферы гісторыі мовы і літаратуры. Навук, у найлепшым выпадку недаступных для абсалютнай большасці беларускіх дашкольнікаў.
Тым больш абсурдна гучыць гэтая пахвальба, калі ўлічыць, што ў кнізе мы не знойдзем аўтараў, якія прыйшлі ў беларускую дзіцячую літаратуру на працягу апошніх дваццаці гадоў, якія мінулі ад выхаду ў свет першага выдання. Не ўяўляю, чым можна агрументаваць такую вернасць традыцыі. Не знайшлося новых аўтараў, якія якасна пішуць для дзяцей? Няпраўда. Яны ёсць. Не ўставаючы з канапы за падшыўкай «Вясёлкі», магу назваць наступныя імёны: Серж Мінскевіч, Андрэй Хадановіч, Алесь Кудрыцкі. Можа, не хапала месца ў кніжцы? Таксама не аргумент. На старонках можна знайсці вельмі слабыя тэксты з сумнеўнымі граматычнымі канструкцыямі, напрыклад: «З’еў яечні скавародзен / і гаворыць, што галодзен!» (стр. 335). Магчыма, Вячорку і Садоўскаму гэтае двухрадкоўе здаецца ўдалай і дасціпнай стылізацыяй пад народную творчасць. Але для мяне (і, думаю, знайду салідарных) гэта ўсяго толькі непатрэбнае выкарыстанне граматычнай формы, не вельмі ўласцівай для беларускай мовы, што, у прынцыпе, не ўпрыгожвае дыдактычнае выданне.
У залежнасці ад настрою можна прыйсці да дзвюх розных высноваў:
а) Беларуская дзіцячая літаратура за два дзесяцігоддзі засталася на тым самым месцы.
б) Вінцук Вячорка і Павал Садоўскі за дваццаць гадоў не заўважылі ў беларускай дзіцячай літаратуры новых з’яваў і імёнаў.
Але згадзіцеся, абедзве яны нейкія бязрадасныя.