За апошняе дзесяцігоддзе ў свеце адбыўся прарыўны рост эканомікі платформаў. У выніку сфармаваўся новы клас «часовых пацоўных», які называюць прэкарыят. Гэта неабароненыя сацыяльныя групы з няпэўнай і часовай працай, якія пазбаўлены магчымасці салідарна супрацьстаяць ціску кампаній. Фактычна па правах працоўных адбываецца адкат у 19 стагоддзе. Пра абарону правоў прэкарыяту піша Аляксей Гайдукевіч.
Некалькі мінулых год апынуліся сапраўды прарыўнымі для эканомікі платформаў — распаўсюд тавараў, электронных паслугаў, таксі, кур’ерскія дастаўкі праз мабільныя дадаткі. Зараз нават цяжка ўзгадаць спажывецкую сферу ці паслугі, якія б нельга было замовіць праз смартфон. Трансфармацыя прайшла за дзесяць год ад сайтаў-пасярэднікаў па прапановах ад фрылансераў да платформаў-манапалістаў.
Некаторыя прылады прайшлі хуткую эвалюцыю ад праектаў па шэрынгу паездак на прыватных аўтамабілях да сусветных мегакарпарацый па замове таксі з мільярднымі абаротамі. І нават пашырылі свой уплыў на іншыя сегменты — напрыклад, дастаўку гатовай ежы, лагістычныя паслугі.
У сітуацыі, калі рэгулятары не ў стане дастаткова аб’ектыўна кантраляваць выкананне антыманапольных правілаў, інфармацыйна-пашуковыя гіганты зайшлі на новыя рынкі. Нават звычайныя банкаўскія мабільныя дадаткі пачалі трансфармавацца ў сэрвісы ад даставак і анлайн-крамаў да дыспетчыравання рамонтных паслугаў ці хабаў віртуальных гульняў.
Такая манапалізацыя можа пагражаць захопам некалькімі кампаніямі вялікіх пластоў рынкаў паслугаў, рытэйла і інш. Для большасці спажыўцоў на першы погляд не з’яўляецца істотным, што пошукава-інфармацыйныя гіганты выкарыстоўваюць іхнюю асабістую інфармацыю для камерцыйных мэтаў. Але праблемай можа выявіцца далейшы манапольны дыктат коштаў на тавары і паслугі, які, бузумоўна, адбудзецца, калі рэгулятары не будуць зацікаўленыя ў захаванні канкурэнцыі ў эканоміцы.
Напрыклад, федэральныя службы ЗША ў 2019 выявілі, што «чатыры тэхналагічныя гіганты выкарыстоўвалі шкодныя сродкі для замацавання свайго дамінавання ў вэб-пошуку, праграмным забеспячэнні смартфонаў, сацыяльных сетках і гандлёвых сэрвісах. І ўхіліліся ад кантролю федэральных рэгулятараў». Размова ідзе пра Amazon, Apple, Facebook і Google.
Новы клас працоўных з абмежаванымі правамі
Манапалізацыя з выкарыстаннем кантролю за інфармацыяй і яе распаўсюдам не толькі дазваляе мегакарпарацыям пакідаць не заўжды выгадныя ўмовы пастаўшчыкам і бізнес-партнёрам ды неканкурэнтна фарміраваць кошты.
За рэкламнымі слоганамі аб "самастойнай працы на сябе" і "фінансавай свабодзе" была прыхавана схема прэкарнай занятасці, пра якую пачалі ўзгадваць ў 80-ых гадах 20-га стагоддзя як форму зносінаў на рынках працы 19 стагоддзя.
Аўтар вядомага сайта businessinsider.com сцярджае: «Рэвалюцыйны» фармат пабудовы працы мабільных платформаў на самай справе не з’яўляецца тэхналагічнай інавацыяй. Гэта толькі працяг тэндэнцыі фрагментацыі працоўных месцаў, ізаляцыі работнікаў і зніжэння заробкаў.»
Фота compote.slate.com
У публікацыі пералічаныя асноўныя парушэнні правоў працоўных, схаваныя за сістэмамі рэйтынгаў выканаўцаў, грашовымі пакараннямі, гнуткай сістэмай фарміравання заробкаў у залежнасці ад попыту. Нягледзячы на розныя заканадаўствы ў краінах, асноўныя прынцыпы парушэнняў аднолькавыя, што ў ЗША і Кітаі, што ў Беларусі.
Большасць падобных кампаній заключаюць дамовы з выканаўцамі, а не наймаюць. Гэта зроблена для аптымізацыі сплаты падаткаў, і пазбягання адказнасці перад супрацоўнікамі і сацыяльных выплатаў. У беларускіх рэаліяй інтэрнэт-гіганты працуюць праз фірмы-пасярэднікі.
У выніку атрымліваецца падобная сітуацыя амаль па ўсёй планеце: фактычна выканаўцы стала працуюць на кампанію, сістэма вызначае катэгорыі лаяльнасці супрацоўнікаў, узровень заробкаў, пакаранняў. Працоўных пры парушэннях выдаляюць з сістэмы, без захавання гісторыі выкананай працы. Па розных дадзеных кампаніі атрымліваюць ад 20-30% камісіі. Але пазіцыянуюць сябе толькі як палепшаная сістэма дыспетчыравання, адказнасці перад выканаўцамі амаль не маюць, рознымі метадамі пазбягаюць любых сацыяльных выплат.
Прэкарыят супраць IT-гігантаў
Такім чынам, па ўсім свеце расце колькасць прэкарыяту — новай сацыяльнай групы працоўных, якія не маюць сталага занятку, увесь час знаходзяцца пад ціскам магчымай страты працы і сродкаў для існавання. Сацыяльныя дасягненні апошніх стагоддзяў у дачыненні да такіх работнікаў не выконваюцца. Яны фактычна пазбаўленыя правоў на васьмігадзінны працоўны дзень, гарантаваны мінімальны заробак, не маюць выплатаў па хваробе, аплачанага адпачынку і г.д.
У выніку незадаволенасць працоўных разам з ростам іх колькасці па ўсім свеце павялічваецца.
Як выявілася, прафсаюзы старой фармацыі няздольныя ў поўнай меры рэагаваць на падобныя выклікі. Нават на захадзе. Не кажучы пра ўсходне-еўрапейскі рэгіён, дзе за некалькі дзесяцігоддзяў працоўныя разгубілі ўвесь досвед барацьбы за правы, а прафсаюзы ў большасці ператварыліся ў турфірмы па размеркаванні пуцёвак у санаторыі.
Новыя часы дыктуюць новыя метады барацьбы з беззаконнем з боку буйных карпарацый. І прэкарныя працоўныя ў ЗША, Брытаніі і іншых краінах пачалі будаваць «новы прафсаюзны рух». Па-сутнасці гэта сеткавыя структуры, фармальна зарэгістраваныя, але з разгалінаванымі аўтаномнымі групамі актывістаў, што дазваляе працоўным змагацца з інфармацыйнымі гігантамі з дапамогай іх жа метадаў.
Прыкладам для актывістаў з’яўляецца барацьба кур’ераў брытанскай кампаніі па дастаўцы ежы Deliveroo. Актывісты ўзгадняюць вулічныя акцыі ў буйных гарадах, камбінуюць іх з інфармацыйнай дзейнасцю, пратэстуюць каля лонданскай біржы, дзе гандлююць каштоўнымі паперамі кампаніі. Галоўны лейтматыў супрацьстаяння — заклік да салідарнасці кліентаў і рэстаранаў.
Кур’еры падчас страйкаў заўжды падкрэсліваюць, што змагаюцца за зніжэнне камісій на карысць кампаніі, а не за падвышэнне коштаў для кліентаў. Такім чынам, ужо неаднаразова іх ініцыятывы знаходзілі водгук сярод кліентаў, якія масава на некаторы час адмаўляліся ад выкарыстання мабільнай прылады Deliveroo.
Фота cloudfront.net
Менавіта заклікі да салідарнасці і пісьменная інфармацыйная тактыка дазволілі брытанскім кур’ерам атрымаць статус сталых супрацоўнікаў, што вымусіла кампанію часткова выконваць сацыяльныя абавязкі. «Гнуткая сістэма аплаты», якая дазваляе зніжаць заробкі працоўным у залежнасці ад попыту і рэйтынгаў выканаўцаў, захоўваецца, але актывісты намагаюцца вярнуць пагадзінную аплату працы.
Гарызантальную схему мабілізацыі і пашырэнне інфармавання спажыўцоў выкарыстоўваюць у змаганні за правы прэкарныя працоўныя еўрапейскай кампаніі Foodora, а таксама таксісты ў ЗША. Новыя фарматы амаль цалкам выключаюць з працэсаў прафсаюзных дзеячоў старой фармацыі, мінімізуюць удзел прафесійных «змагароў за чужыя правы», фактычна махляроў, якія на памкненнях працоўных да справядлівасці імкнуцца зарабіць палітычную вядомасць.
Падобныя пратэсты праходзілі і ў Беларусі. Неаднаразова страйкавалі таксісты аднаго інфармацыйна-пошукавага гіганта з РФ. Але яны мелі толькі лакальны характар. Напэўна, пакуль беларусам не хапае арганізаванасці і салідарнасці. Таму істотных зменаў у аплаце і фармаце працы пакуль не адбылося. Новыя палітычныя рэаліі таксама накладаюць адбітак на магчымасці для пратэстаў, інфармацыйную працу ў накірунку заклікаў да салідарнасці з выканаўцамі спажыўцоў паслуг таксі.
Украінскія кур’еры адзначаюць, што ўласнікі мабільных платформаў пісьменна маніпулюць не толькі грамадскай свядомасцю праз інфапрастору, але і маюць вялікі ўплыў на асяродкі працоўных, штучна падвышаючы градус канкурэнтнай барацьбы сярод калегаў. Таму кур’ерам цяжка салідарызавацца і пераадолець супярэчнасці:
«Кур’еры вымушаныя канкураваць паміж сабой за лепшыя часовыя інтэрвалы. Калі некаторыя службы „раздаюць гадзіны“ падчас фарміравання „гнуткага графіка“, камусьці застаюцца толькі вельмі нязручныя гадзіны — напрыклад, з другой на трэцюю ноч у нядзелю. Часам можа не застацца і гадзін. Кур’еры кажуць пра існаванне падпольнага рынку, дзе яны прадаюць адзін аднаму зручны працоўны час.»
Не ўсё атрымліваецца і на захадзе.
Нягледзячы на тое, што рух барацьбы за выкананне базавых правоў працоўных набірае абароты, з’яўляюцца новыя знакавыя медыйныя персоны з асяродкаў актывістаў, развіваюцца формы пратэстаў, гіганты індустрыі прэкарнай занятасці па-ранейшаму здольныя супрацьстаяць інфармацыйным атакам.
Хаця на падтрыманне іміджу «бізнэса будучыні» з-за пратэстаў трэба выдаткоўваць усё больш сродкаў. І кошты акцый на біржах час ад часу зніжаюцца з-за негатыўных настрояў інвестараў.
Фактычна, у іх атрымліваецца пакуль на большасці рынкаў захоўваць пабудаваную імі сістэму ўзаемадзеяння з працоўнымі. Але незадаволенасць пашыраецца і ахоплівае ўсё большыя катэгорыі грамадзян. А новыя фарматы арганізацыі грамадскай супольнасці і актывізму даюць спадзеў, што народы ў стане пераламіць тэндэнцыі на рынку працы.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by