Прэс-тур у Клецк

У рамках праекту “Будзьма” 30.10.2008 г. адбыўся прэс-тур сяброў БАЖ, удзельнікаў медыякампаніі “Журналісты за гістарычную спадчыну”, і старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў г. Клецк і па тэрыторыі Клецкгага р-на. Паездка наладжвалася з мэтай знаёмства са станам захаванасці сядзібных комплексаў, уключаных у Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, і па пытанню парушэнняў Закону “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” пры правядзенні прац на гісторыка-культурнай каштоўнасці 1-й катэгорыі кан. 17 ст “Касцёл пры былым кляштары дамініканцаў”.

Па шляху, напачатку прэс-тура, было вырашана заехаць у Нясвіж, каб у чарговы раз на свае вочы пабачыць працы па так званай “рэстаўрацыі” замка. Уражанне ўдарнай будоўлі. “Смешались в кучу кони, люди…”. Праўда замест коней – будаўнічая тэхніка. І новая мармуровая шыльда, нават дзве, пры браме. На адной год пабудовы замка, 1583, на другой – год сканчэння рэстаўрацыі, 2010.
Калі магічнае 2010 адбілі ў мармуры – касцьмі лягуць, яшчэ два-тры крылы замкавага палацу зруйнуюць, але ж у азначаны тэрмін здадуць аб’ект, як карамэльку ў яскравым фанціку. Што тычыцца ўсіх парушэнняў, то ў зацемцы іх не пералічыш, наватдолі.

Касцёл пры былым кляштары дамініканцаў у Клецку належыць зараз Рускай праваслаўнай царкве. І вось, настаяцель прыходу, айцец Матфей Белавус у парушэнні існуючага заканадаўства, распрацаванай і зацверджанай праектна-каштарыснай дакументацыі, хоча паставіць н барочны, сціпла-прыгожы будынак залатую цыбуліну. Ужо і цыбуліна гатова, стаіць долу, а на даху пад яе падрыхтаваны ўжо барабан. І ўсё гэта пры згодзе і маральнай падтрымцы мясцовай выканаўчай улады.

На жаль не ўдалося сустрэцца з а. Матфеем, які раптам аказаўся за межамі раёна, галоўным архітэктарам раёна – ён з самай раніцы тэлефанаваў па гэтай праблеме сп. Астаповічу, а потым рэзка знік, як аказалася, у чарговым адпачынку. Намеснік старшыні Клецкага райвыканкаму па капітальнаму рамонту і будаўніцтву ў тэлефоннай размове прыняў бок парушальніка заканадаўства – айца Матфея. Найкі аптымізм ёсць ад інфармацыі, што справа ўжо на кантролі ў аласной пракуратуры і аблвыканкаме.

Адносіны ўлады да гістарычнай спадчыны адлюстраваны і станам захаванасці сядзібна-паркавых комплексаў, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Наведаны былі Радзівілімонты, Стралкава, Янававічы. У лепшым выпадку запусценне, як сістэма- руйнаванне. Пры візіце ў Янавічы ўскрыты факт чарговага злачынства, за якое ніхто не панёс пакарання, бо дзяржаўныя органы не выконваюць ускладзеных на іх функцый. У Янавіцкай сядзібе ў пачатку 2008 г. разабраны па загадзе кіраўніцтва СПК “Туча” на дровы ўнікальны помнік гаспадарчай архітэктуры – двухярусны свіран з галерэяй, пабудаваны ў 19 ст.

Паездка дала шмат матэрыялу, як для працы журналістаў, а яны будуць асвятляць гэтыя праблемы на старонках СМІ, і для Таварыства аховы помнікаў, якое будзе працягваць адстойваць унікальны барочны помнік ад безгустоўшчыны і ганьбавання, і распачне працу па выяўленню вінаватых у руйнаванні чарговага помніка і ўсімі сіламі будзе змушаць праваахоўныя органы прыцягнуць іх да адказнаці.

Тэгі: ,