Прэзентацыя кнiгi Вiктара Раманцова «Зведаная зямля: Светлагоршчына ў пытаннях i адказах» Выдавецтва “Галiяфы” у межах грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”
30 кастрычніка 2011 18.00
Месца правядзення: кнігарня “ГАЛІЯФЫ” (Падземка, пр-т Незалежнасці, 43)
У прэзентацыі бяруць удзел:
Віктар Раманцоў
Зміцер Вішнёў
Юрась Барысевіч
Андрэй Мельнікаў
Тэлефон для сувязi: +375-29-3940655 (velcom).
Светлагорскі журналіст Віктар Раманцоў напісаў кнігу, якую яшчэ не мае ніводны раённы цэнтр Беларусі. Яна напісаная ў форме пытанняў і адказаў і расказвае пра цікавыя, незвычайныя, трагічныя і гучныя падзеі, якія адбыліся на Светлагоршчыне ў розны час, ад старажытнасці да сучаснасці. У кнізе таксама змешчаныя нарысы пра славутых людзей, што нарадзіліся на Светлагорскай зямлі.
Праца прысвячаецца 450-годдзю Светлагорска (адзначалася ў 2010 г.) і 50-годдзю атрымання населеным пунктам статусу горада (адзначаецца сёлета).
“Наколькі мне вядома, — адзначае Віктар Раманцоў, — выходзілі кнігі пра Беларусь (“100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі”), вобласць (“Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах”), але пра раён яшчэ ніхто не пісаў”.
Ідэя стварыць кнігу ў жанры пытанняў і адказаў прыйшла светлагорскаму журналісту Віктару Раманцову ў 2000 годзе. Але доўгі час не рэалізоўвалася. Аўтар гаворыць, што не адчуваў свайго чытача. Сур’ёзна ўзяўся пісаць кнігу толькі ў 2007 годзе – па закліку душы.
Кніга складацца з 50 пытанняў і адказаў розных памераў, у якіх чаргуюцца падзеі сучаснасці і мінулага. Чытач даведаецца, калі на Светлагоршчыне з’явіліся першыя людзі, колькі год Светлагорску і як мянялася назва населенага пункта, дзе ў раёне ўпершыню шукалі нафту, ці існавалі на тэрыторыі раёна гарады з магдэбургскім правам, чаму жыхарам раёна так блізкая трагедыя на станцыі метро “Няміга” ў Менску, ці усталёўвалі светлагорцы сустветныя спартовыя рэкорды, хто са светлагорцаў стаў чэмпіёнам свету, Еуропы і многае-многае іншае.
“Кніга чытаецца лёгка, на адным дыханні, – сцвярджае журналіст Віктар Раманцоў, – гэта словы маіх сяброў, якім я даваў пазнаёміцца з ужо напісаным матэрыялам”.
Значную частку кнігі займае аповяд пра славутых людзей Светлагоршчыны, сярод якіх фалькларыст Аляксандр Шыманоўскі, мовазнаўца, заснавальнік НАН Беларусі Сцяпан Некрашэвіч, летчык-выпрабавальнік, герой СССР Пятро Стэфаноўскі і іншыя. У кнізе змешчаныя матэрыялы, здабытыя аўтарам у архівах, бібліятэках, асабістай размове з сучаснікамі. У кожным з артыкулаў ёсць спасылкі на першакрыніцы, большасць элюстраваныя чорна-белымі альбо коляровымі фотаздымкамі. Наклад кнігі – 500 асобнікаў.
Выйшла кнiга ў выдавецтве “Галiяфы” (г. Менск).
Па пытаннях дзе набыць кнігу “Зведаная зямля. Светлагоршчына ў пытаннях і адказах”, можна звяртацца па мабілкавым тэлефоне: +375-29-3940655.
Адрас электроннай пошты: svetlahorsk100@mail.ru, netut333@mail.ru
Выданне ўжо ёсць у кнігарні “Галіяфы” (Менск, “Падземка”, пр-т. Незалежнасці, 43)