«Мне 22 гады, і два гады зь іх я правяла ў турме». Прэзэнтавалі кнігу «Няскоранае пакаленьне»

13 сакавіка ў праскім Інстытуце вывучэньня таталітарных рэжымаў адбылася прэзэнтацыя кнігі «Няскоранае пакаленьне» — зборніка гісторый беларускіх студэнтаў, жыцьці якіх зьмяніліся ў 2020 годзе. Гэта 25 галасоў маладых беларусаў і беларусак, якія апынуліся ў выгнаньні, прайшлі праз рэпрэсіі і турмы, піша «Радыё Свабода».

Viktar Šadurski, Aliaksandar Paršankoŭ, Taćciana Jakieĺčyk
Віктар Шадурскі, Аляксандар Паршанкоў, Тацьцяна Якельчык (зьлева направа) на прэзэнтацыі кнігі «Няскоранае пакаленьне»

Праца над кнігай вялася больш за год. Спачатку нямецкая арганізацыя Science at risk прапанавала апублікаваць структураваныя ўспаміны, падобныя больш да навуковых ці філязофскіх эсэ, але з такой канцэпцыяй працаваць не атрымалася. Людзям было патрэбна выказаць і адрэфлексаваць свае гісторыі. У выніку зьявіліся 25 тэкстаў, якія з дапамогай брытанскага Ўорыскага ўнівэрсытэту пераклалі на ангельскую мову. У кнігі ёсьць тры вэрсіі: на беларускай, расейскай і ангельскай мовах. Яны дасяжныя як у папяровай вэрсіі, так і бясплатна ў электронным фармаце.

Некаторыя эсэ ў кнізе падпісаныя рэальнымі імёнамі, некаторыя — псэўданімамі. Першапачаткова кожны аўтар заставаўся пад сваім імем, але праз пасіленьне рэпрэсій і пагрозу для родных частку гісторый было вырашана ананімізаваць.

«Niaskoranaje pakalieńnie»
Асобнікі кнігі «Няскоранае пакаленьне» на прэзэнтацыі ў Празе


Фрагмэнты з кнігі:

««Дзякуючы» турме ў мяне ў 19 гадоў былі сівыя валасы і праблемы з вэстыбулярным апаратам. Рэчы вельмі зьмяніліся, і я зьмянілася таксама. Цяпер я на волі, мне споўнілася 22 гады. Свае папярэднія дні народзінаў я сьвяткавала ў турме, як іншыя палітычныя зьняволеныя сьвяткуюць зараз. Мне 22 гады, і два гады зь іх я правяла ў турме». Ананімная аўтарка падпісаная як «трынаццаты чалавек»

«Там [у турме — РС.] я сустрэла Марфу Рабкову, валянтэрку ПЦ «Вясна». У мяне быў шок, я толькі два тыдні пісала ёй пісьмо, а цяпер мы дзялілі адну камэру. І толькі пазьней я даведалася, што па ілжывым абвінавачваньні ёй прысудзілі 14 гадоў». Ангеліна

Гісторык Віктар Шадурскі, які выступаў на прэзэнтацыі, называе кнігу дакумэнтам эпохі. Можна спрачацца, што 25 студэнтаў не прадстаўляюць усіх беларусаў, што агулам мы — больш талерантныя і канфармісцкія, але галоўная вартасьць кнігі, паводле Шадурскага — шчырасьць. Ён кажа, што вельмі важна захаваць сапраўдныя ўспаміны сьведкаў і прапануе тым, хто быў на іншым баку, таксама напісалі сваю вэрсію. А наступныя пакаленьні будуць вырашаць, каму верыць.

«Беларуская мірная рэвалюцыя 2020 — гэта адна з самых важных падзей з гісторыі Беларусі, якая паказвае нашу эўрапейскасьць. Гэта мерапрыемства, калі сьвет паглядзеў на Беларусь, пабачыў беларускую нацыю і тое, як потым пратэсты атрымалі паразу. Так будуецца беларуская нацыя, і на жаль, гэта драматычны і часам трагічны працэс. Нам патрэбна як мага больш сьведкаў гэтых падзей. І студэнты — адныя з самых важных сьведкаў, бо гэта пакаленьне будучыні».

«Кніга, якая можа падарыць усім надзею»

Адным з аўтараў эсэ быў Аляксандар Паршанкоў — гісторык-скарынавед, сябра Каардынацыйнай Рады. Для яго было асабліва важным перадаць словы яго сябра Аляксандра Фядуты, які цяпер у турме.

У 2022 годзе Фядуту прысудзілі 10 гадоў турмы за «удзел у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». У ліставаньні з Паршанковым Фядута вельмі шмат пісаў пра сваё пакаленьне, якое ня здолела зрабіць шмат патрэбных рэчаў, якімі зараз павінны займацца студэнты. Аляксандар Паршанкоў лічыць, што мэта кнігі — данесьці да чытача галасы і гісторыі простых беларусаў, якія ня могуць прагучаць з трыбун палітыкаў.

«Гэта кніга — вельмі складаная, але поўная надзеі, якую мы вельмі патрабуем сёньня. Я думаю, што гэта кніга можа падарыць усім надзею».

Aliaksandar Paršankoŭ
Аляксандар Паршанкоў выступае на прэзэнтацыі


«У турме я больш за ўсё баялася, што мяне ніхто не дачакаецца»

Таксама ў прэзэнтацыі ўдзельнічала былая палітзьняволеная Тацьцяна Якельчык, якую асудзілі па «справе студэнтаў». Яе эсэ таксама ёсьць у кнізе — дзяўчына ўспамінае, як пры затрыманьні сілавікі праводзілі вобшук ня толькі ў яе кватэры, але і ў яе бабулі і дзядулі. Дзяўчына змагла ўпрасіць іх не турбаваць родных, а сказаць, што яна праходзіць сьведкай па справе пра злачынства. Калі вобшук скончыўся, яна не змагла прытуліць бабулю і дзядулю на разьвітаньне. Пакуль яна адбывала тэрмін у калёніі, яе дзядуля памёр, а бабуля пражыла безь яго толькі шэсьць месяцаў.

Тацьцяна прызнаецца, што расказваць пра асабістыя моманты было складана, бо яна не магла падзяліцца імі ў звычайнай размове. Але калі гэта былі словы на паперы, гэта дзейнічала як тэрапія, і стала лягчэй.

«Перад 2020 я чытала пра палітзьняволеных у падручніках гісторыі і ніколі не думала пра тое, што буду часткай гістарычных падзей сама. Я ўдзячная, што мае ўспаміны цяпер ёсьць ня толькі ў маёй галаве, што яны захаваюцца дзесьці яшчэ. Я спадзяюся, што кнігу прачытаюць як мага больш людзей, і даведаюцца, што ў Беларусі ўсё яшчэ сядзяць тысячы палітвязьняў, з асабістымі гісторыямі, якія здольныя разьбіваць сэрцы».

Кніга для тых, хто быў бы рад пажыць у дыктатуры?

«Няскоранае пакаленьне» таксама выйшла на ангельскай мове, у перакладзе кніга называецца «The unbroken generation». На прэзэнтацыі прысутнічаў Пол Гансбэры, дасьледчык з Ўорыскага унівэрсытэту, які дапамагаў зь яе перакладам. Ён кажа, што англамоўнай літаратуры пра Беларусь вельмі мала, і што часткова такі стан вызваны адсутнасьцю інтарэсу.

Паводле дасьледчыка, для чытачоў з Вялікабрытаніі ці ЗША, якія ўсё жыцьцё пражылі ў дэмакратычных краінах, гэта здаецца «гісторыямі зь далёкага сьвету». І гэта ўплывае на вынікі сацыялягічных апытаньняў, дзе маладыя людзі адказваюць, што былі бы рады пажыць у дыктатуры. Дасьледчык спадзяецца, што калі такія людзі пачытаюць кнігу, яны зразумеюць, што ў дыктатуры адбываюцца тыя рэчы, у якія ты нават ня можаш паверыць, калі жывеш у дэмакратыі.

«Цябе не арыштоўваюць, ня садзяць у турму і дакладна не катуюць, калі ты крытыкуеш прэзыдэнта ці прэм’ер-міністра. Я вельмі хачу, каб чытачы зразумелі гэта. Але акрамя гісторый пра рэпрэсіі, кніга прасякнутая пачуцьцём эмпатыі, унівэрсальнай рэчы для ўсіх людзей».

Кася Будзько, былая палітзьняволеная, якую асудзілі па «справе студэнтаў», падзялілася тым, што ў турме ёй больш за ўсё дапамагалі іншыя вязьні, асабліва палітычная. Ведаць, што яна была не адна ў гэтай барацьбе, было вельмі важна — Кася скончыла вечарыну заклікам падтрымліваць былых і цяперашніх палітвязьняў інфармацыйна і фінансава.