Галоўны помнік лукашызму

Што нам рабіць з лукашызмам, калі ён абрынецца? Выкінуць на звалку гісторыі й выкрэсьліць з памяці як страшны сон? Альбо неяк яго пераасэнсаваць і (толькі ня кідайце тапкамі!) паставіць яму помнік — каб ніколі не забываць гэтае ліхалецьце й не дапусьціць яго зноўку? Пакуль вы думаеце над адказам, Валера Руселік знайшоў і распавядае ў сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» пра галоўны помнік лукашызму, які нядаўна зьявіўсяў адным з райцэнтраў Беларусі.

Valiera Rusielik
Валера Руселік. Фота з асабістага архіву

Часам ад замежных турыстаў, якія наведваюць нашую краіну, можна пачуць назіраньне, што Беларусь нібы застыгла ў Савецкім Саюзе. І ведаеце, мне здаецца, што гэткае ўражаньне складаецца ня толькі з-за тысячаў Ленінаў, якія па-ранейшаму стаяць на п’едэсталах па ўсёй краіне.

Я думаю, што насамрэч уся справа — яшчэ і ў татальнай нелюбові тых, хто пры ўладзе, да ўсяго беларускага. Зьнішчэньне беларускай мовы і культуры, перапісваньне нацыянальнай гісторыі, працяг расеізацыі беларусаў на дзяржаўным узроўні, прыніжэньне ўсяго тутэйшага на карысьць расейшчыны. Як казаў адзін да мозга костак савецкі дзед, «беларуская мова — бедная мова, на ёй немагчыма выказаць нічога вялікага».

Ну а калі немагчыма, то чаго гэтую ганьбішчу наагул на публіку выцягваць, праўда?

Менавіта з гэткай манкурцкай лёгікі ў Беларусі дагэтуль няма, да прыкладу, помніка Васілю Быкаву. Затое ёсьць помнікі і Пушкіну, і Неўскаму, і царскаму гарадавому. Менавіта з гэткай нелюбові да ўсяго беларускага ў нас здымаюць памятныя шыльды Кастусю Каліноўскаму і ўсталёўваюць недарэчныя скульптуры расейска-савецкім пэрсанажам накшталт Дзядзі Сьцёпы і жабы-вандроўніцы.

Пазначаюць тэрыторыю.

І вось уявеце сябе на месцы замежнага турыста, які прыехаў паглядзець на незалежную самабытную краіну, аднак на кожным кроку сустракае ня толькі помнікі Леніну і назвы вуліц «Савецкая» і «Камсамольская», але і ўсе гэтыя помнікі і скульптуры, якія анічога супольнага зь Беларусьсю ня маюць.

Пайдзі ты ў гэтым моры саветчыны і расейшчыны яшчэ знайдзі тое беларускае! Дый якое тое беларускае? Помнік бабру, карове і агурку?

Pomnik milicyjantu Dziadziu Ściopu ŭ Horadni
Помнік міліцыянту Дзядзю Сьцёпу ў Горадні. Фота sb.by

Зрэшты, што мы ўсё пра турыстаў — нас з вамі гэта таксама тычыцца. Самым непасрэдным чынам. Бо што такое помнік? Гэта тое, пра што мы хочам захаваць памяць. Помнік — каб помнілі! Менавіта праз помнікі напаўняецца сымбалізмам прастора вакол нас, і пераказваецца пасланьне да нашчадкаў: маўляў, вось як мы жылі, запомніце нас гэткімі! Помнікі задаюць танальнасьць і, калі хочаце, інтэлектуальны ўзровень нашаму жыцьцю, выхоўваюць нас. Да іх водзяць школьныя экскурсіі, прыяжджаюць турысты.

Адсюль і выраз: помнік эпосе. Ну праўда ж?

Вось і баранавіцкая раёнка «Наш край» радасна рапартуе: «Дзякуючы [...] незвычайнай скульптуры ў Баранавічах зьявілася яшчэ адно цікавае месца, якое, трэба меркаваць, стане папулярным для фотасэсіяў і шпацыраў. Месьцічы і госьці, думаю, ацэняць...»

Гаворка — пра... гіганцкую мясарубку. Скульптуру вышынёю ў 3,2 мэтры і шырынёю ў 2,5 мэтры нядаўна ўсталявалі на пляцоўцы каля мясцовага прадпрыемства «Гандальмаш». Аўтар — фаніпальскі скульптар Уладзімер Канонік. Глыбінны сэнс помніка — у тым, што прадпрыемства выпусьціла больш за 3 мільёны мясарубак. Яшчэ большой глыбіні, відаць, дадае фігура мышаняткі з мультфільму «Рататуй», якое дапамагала кухару на кухні. Ну і магчымасьць пакруціць ручку мясарубкі.

Ну як вам? Натхніліся? Захацелася ў Баранавічы? Адчулі гонар за родны край? Колькі б заплацілі за трохгадзінную экскурсію вакол мясарубкі?

Pomnik miasarubcy ŭ Baranavičach
Помнік мясарубцы ў Баранавічах. Фота nashkraj.by

Хтосьці можа сказаць: ды супакойся ты, помнік паставілі на тэрыторыі прадпрыемства, а не ў грамадзкай прасторы — табе-та якая розьніца? Шкада, шаноўныя, што гэтыя пытаньні вы не задалі, да прыкладу, зэльвенскім вандалам ува ўніформе камунальнікаў, калі яны ўначы дэмантоўвалі бюст Ларысе Геніюш, які стаяў на прыватным (!) падворку. Альбо тых, хто загадваў валіць крыжы ў Курапацкім лесе. Таксама ж месцы ня самыя публічныя, праўда?

Pomnik Larysie Hienijuš
Людзі ў камунальнай уніформе дэмантоўваюць помнік Ларысе Геніюш у Зэльве (2023 г.). Фота «Народная воля»

Зрэшты, вяртаючыся да самой сутнасьці помнікаў, зразумець, чаму ў Беларусі гэтак лёгка паставіць помнік мясарубцы і немагчыма — Быкаву і Каліноўскаму, даволі проста. Ну бо цяпер у нашай краіне — эпоха мясарубкі! Ня Быкава, не Каліноўскага і ўсіх тых, хто прысьвяціў сваё жыцьцё Беларусі, не цудоўнай самабытнай мясцовай культуры, не эўрапейскага кірунку разьвіцьця (дарма, што жывем у сэрцы Эўропы!). А вось гэтай тэхналягічна адсталай безасабовай безгустоўшчыне, апрача якой больш нічога лукашызм і не стварыў. Якая калі што і можа, то адно перамолваць людзкія лёсы і — глядзі, вось-вось! — пасылаць бяспраўных грамадзянаў як мяса ў чужыя войны.

І ў гэтай мясарубцы нам з вамі, шаноўныя, трэба выжыць.

Валера Руселік