Трэці прэзідэнт БНР Крачэўскі: партрэт ціхага патрыёта з цвёрдай воляй

08.03.2025 Гісторыя
8 сакавіка 1928 года ў Празе перастала біцца сэрца Пятра Крачэўскага. Ён — адзін з тых беларускіх дзеячаў, чые постаці, магчыма, адсоўваюцца на другі план за больш яркімі асобамі. Але менавіта ягонае «спакойнае» лідарства, ягоная асабістая сціпласць і прынцыповасць робяць гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі больш глыбокай і, кажучы шчыра, больш чалавечай.

01-bnr.jpgСустрэча прадстаўнікоў замежных прадстаўніцтваў БНР ў Берліне, напярэдадні выезду беларускіх прадстаўнікоў у Парыж на Мірную канферэнцыю. Лістапад 1919 г. Архіўнае фота

З успамінаў Язэпа Лёсіка:

«Дзякуючы Крачэўскаму, мы пачалі шукаць кантактаў з новымі, маладымі беларускімі студэнтамі ў Празе. Ён заўсёды казаў: «Бяз моладзі мы — толькі мінулае, а зь імі — ужо будучыня».

Сын псаломшчыка

Пётр паходзіў з сям’і праваслаўнага дзяка Антона Крачэўскага, які служыў у Кобрынскім павеце. Гэта дало падставу памылкова лічыць, што і сам будучы прэзідэнт нарадзіўся ў тых месцах. Аднак, як давяла даследчыца Лена Глагоўская, Пётр пабачыў свет у сучасным Мастоўскім раёне, у вёсцы Дубна 7 жніўня 1879 года.

Пётр вучыўся ў Жыровіцкай духоўнай вучэльні, потым ў Вільні — у Духоўнай семінарыі, якую скончыў у 1902 годзе. Аднак у святары Пётр не пайшоў, лёс паклікаў яго ў адукацыю, ён працаваў настаўнікам.

Напярэдадні Першай сусветнай вайны Пётр Крачэўскі паспеў папрацаваць інспектарам дробнага крэдыту ў Дзяржаўным банку ў Вільні. Такая праца ў фінансавай установе дала яму каштоўны досвед арганізатарскай дзейнасці і эканамічныя веды. З пачаткам вайны Крачэўскі быў мабілізаваны ў расейскую армію. Служыў пісарам у вайсковым ведамстве, дзе сустрэў падзеі 1917 года.

З банка — у палітыку

Вайна і пераварот адкрылі перад беларускім рухам новыя магчымасці, і Крачэўскі імгненна далучыўся да грамадска-палітычнай працы. Ён уступае ў шэрагі Беларускай сацыялістычнай грамады. У барысаўскім гарнізоне, дзе служыў Крачэўскі, салдаты-беларусы і працоўныя выбралі яго старшынём мясцовага Савета салдацкіх і рабочых дэпутатаў. У снежні 1917 года Пётр Крачэўскі становіцца дэлегатам Першага Усебеларускага з’езда ў Мінску — гістарычнага форуму, дзе ўпершыню сабраліся прадстаўнікі ўсіх беларускіх зямель для абмеркавання лёсу краю. На з’ездзе Крачэўскі працаваў у мандатнай камісіі і быў абраны ў склад Выканаўчага камітэта з’езда.

Тагачасныя падзеі ўзгадваў пазней іх удзельнік Макар Краўцоў:

«У памяці маёй устае Пётра Крачэўскі, як ціхая, скромная асоба з воркам папераў у руках: сяброўскіх мандатаў на Першым Усебеларускім Зьезьдзе ў Менску ў месяцы сьнежні 1917 г. Пазьней, знаёмячыся з ім бліжэй асабіста, пачуў я з яго ўласных вуснаў, што ён — народнік, быў у расейскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, да вялікай вайны служыў у банку, старэйшы за мяне быў толькі на 12 гадоў.

05-piotra.jpg
 Пётр Крачэўскі. Архіўнае фота

Аднак яго пышная рыжаватая барада, крыху прыгнутая, вышэйшая за сярэдні рост фігура ў старым шынялі расейскага вайсковага ўрадніка, з зімоваю шапкай-папахай на галаве, недастача пярэдніх зубоў у роце, а праз гэта глухі тэнаровы тэмбр голасу пры гутарцы — усё гэта рабіла яго нейкім старэйшым з выгляду.

Ува ўсёй яго ціхай, малаахвотнай на словы істоце таілася выразная цьвёрдая воля ісьці да канца цярністым шляхам беларускага дзеяча-пакутніка.

Душа яго гарэла нейкаю рамантычна-дзявочаю надзеяй, хоць з выгляду Крэчэўскі ўжо ў 1917 г. быў — чысты дзед. Не магу прыпомніць ані ценю гневу на яго шыраканосым сьветлым твары, а таксама ў вечна-спакойным і вечна-ласкавым паглядзе рашучых шырока-расплюшчаных вачэй. А гэтулькі-ж усялякіх мамэнтаў разам з ім прышлося перажываць!» 

03-pasztouka.jpg Паштоўка «Вялікія дзеячы беларускага Адраджэння» з маляванымі партрэтамі Кастуся Каліноўскага, Ігната Грынявіцкага, Францішка Багушэвіча, Пятра Крачэўскага і Васіля Захаркі. Аўтар: Мікола Сільвановіч, 1948 г.

25 сакавіка 1918 года была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі — падзея, да якой Пётр Крачэўскі меў непасрэднае дачыненне. Яшчэ да гэтага, у лютым 1918-га, ён увайшоў у склад першага ўрада Беларусі — Народнага Сакратарыята БНР. Крачэўскаму даручылі пасаду дзяржаўнага кантралёра, а ў красавіку таго ж года ён стаў народным сакратаром фінансаў, затым у траўні — народным сакратаром гандлю і прамысловасці.

Фактычна, ён адказваў за фінансавую палітыку маладой рэспублікі і развіццё гандлю. Крачэўскі таксама ўзначаліў Цэнтральную беларускую гандлёвую палату, створаную ў Мінску ў 1918 годзе для наладжвання эканамічных сувязяў БНР з замежжам. На гэтай пасадзе ён нават выязджаў у верасні 1918-га ў Кіеў разам з іншым дзеячам, Тодарам Вернікоўскім, дзе дамаўляўся з украінскім урадам аб тавараабмене паміж БНР і УНР.

З успамінаў Антона Луцкевіча:

«Пётра Крачэўскі быў чалавекам найвялікшай сьціпласьці, але дзіўнай настойлівасьці. Памятаю, як на адным паседжаньні Рады, калі меркаваньні падзяліліся, ён не павышаў голасу, не грукаў па стале, а проста ціха і спакойна даводзіў сваю думку. Ад таго яна здавалася яшчэ больш пераканаўчай. Ён не любіў гучных словаў, затое, калі браўся за нейкую справу, то даводзіў яе да канца, нават калі гэта выглядала, што вось-вось усё сарвецца. Для нас тады гэта было важным прыкладам — што і зь нічога можна зрабіць штосьці, калі не адступацца».

Прэзідэнт

Не пазволім панам і камуністам фальшаваць волю Беларускага Народу. Супроць сілы — мы ставім ідэю, супроць гвалту — пратэст. Пётр Крачэўскі

13 снежня 1919 года Пётр Крачэўскі быў абраны трэцім прэзідэнтам Рады БНР (за кароткі час першым і другім паспелі папрацаваць Іван Серада і Язэп Лёсік). Пра тыя нешчаслівыя дні для беларускай гісторыі ўвогуле і для БНР у прыватнасці, Будзьма падрабязна распавядала ў гэтым матэрыяле

Падзеі таго дня прывялі да таго, што ў даволі кволай на той момант улады Беларускай Народнай Рэспублікі падрэзалі крылы. Далейшае існаванне Рады, што абвяшчала Незалежнасць БНР, апынулася пад пагрозай. Твар да твару сышліся каманды Пётры Крачэўскага разам з Вацлавам Ластоўскім і Язэпа Лёсіка з Антонам Луцкевічам. «Двоеўладдзе» праіснавала да канца 1920 года, калі Пётр Крачэўскі застаўся адзіным кіраўніком БНР.

02-bnr.jpgДэлегацыя Беларускай Народнай Рэспублікі ў Берліне. Сядзяць: Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Лявон Заяц; стаяць: Лявон Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яфім Бялевіч. 1919 г. Архіўнае фота

Спадар Крачэўскі пасля вымушанай эміграцыі ў Прагу займаўся не толькі палітыкай, але і шырокай арганізацыйнай і культурнай дзейнасцю. Разумеючы істотнасць адукацыі для будучыні нацыі, ён дамогся ад чэхаславацкага ўраду стыпендый для беларускіх студэнтаў. Дзясяткі маладых беларусаў з Заходняй Беларусі змаглі атрымаць вышэйшую адукацыю ў Празе.

Як адзначаў гісторык Аляксандар Пашкевіч, вяртанне ў склад БССР у сакавіку 1924 года часткі этнаграфічна беларускіх тэрыторый аказала вялікае пазітыўнае ўздзеянне на беларускіх палітыкаў у Польшчы. Пад уражаннем ад яго беларускія паслы прынялі нават спецыяльную рэзалюцыю ад імя т. зв. «Краёвага цэнтра», у якой прапаноўвалі скласці свае паўнамоцтвы Радзе БНР у эміграцыі.

Рэакцыя на гэтую прапанову з боку кіраўніцтва Рады БНР была стрыманая. Пётр Крачэўскі ў сваім лісце ў адказ ацэньваў дзеянні бальшавікоў толькі як часовыя тактычныя крокі і ўказваў на небяспеку таго, што камунізацыя беларускага руху можа даць козыры ў рукі палякаў для рэпрэсій у дачыненні да яго.

У сваім лісце ад 5 кастрычніка 1924 года Пётр Крачэўскі пісаў: «Пакуль ідзе пытаньне аб усясьветнай рэвалюцыі, Саветчыкі выкарыстоўваюць усё, што пападаецца ім пад руку, але — будзьце пэўны, калі паўстане аб іхнем супакою і істнаваньні, то яны і пальцам не крануць, каб абараняць Заходнюю Беларусь ад Палякоў... Вось чаму мы Вас заўжды паперэджалі і паперэджаем, каб Вы, трымаючы у сваіх руках галоўны нэрв заходне-беларускай палітыкі, не перагіналі кія ні ў адзін бок, ні ў другі, а вялі сваю незалежную беларускую палітыку».

З успамінаў Аляксандра Цвікевіча

«Калі сярод нас узьнікалі спрэчкі, Пётра звычайна шукаў не хто вінаваты, а як захаваць нашу яднасьць. Часам ён казаў: „Пакуль мы разьяднаныя, няма надзеі на перамогу“. Гэта былі не проста словы: ён і сваімі справамі паказваў, наколькі важна знаходзіць паразуменьне. У яго ідэях не было нічога фантастычнага. Ён верыў у пачуцьцё годнасьці беларусаў і казаў, што нават, калі мы часова без дзяржаўных інстытуцыяў, мы павінны паводзіць сябе так, быццам яны ўжо ёсьць, і ўжо сёньня выхоўваць чалавека дзяржаўнага».

У 1925 годзе прэзідэнт Рады БНР разважаў пра будучыню: «Пытаюцца, калі ж настане гэты час (маецца на ўвазе час вольнай, незалежнай Беларусі — заўв. П. Х.). Усім надзвычайна цяжка насіць гэтыя пачэсныя тытулы. ня маючы пашаны нават ад палітычна думаючых у Краі калег. Так, цяжка... Аб гэтым кожны павінен быў падумаць у час як, яго выбіралі на пэўнае становішча. Цяпер аб гэтым думаць позна. Трэба ведаць, што ўлада не радасьць і асабісты дабрабыт, а крыж, які народ ускладае на плечы лепшых сваіх сыноў, каб яны зрабілі тое, чаго не можа зрабіць народ сам.

Ня трэба пэсымізму і бэзнадзейнасьці — трэба цьвёрда і ўпарта ісьці да сваёй мэты, тады хутчэй можа наступіць i канец нашаму крыжу, які мы з гордасьцю i задаволенасьцю наложым у ног выбраўшага нас народу i скажэм, што мы з чэсьцю выпаўнілі свой абавязак.

Гэты момант можа наступіць тады, калі Ўсходняя i Заходняя Беларусь будуць злучаны ў адно цэлае, і ўжо барацьбу трэба будзе весьці за свае правы не за граніцай, а ў сябе дома, разам са сваім народам, за лепшую будучыну і пачэснае мейсца сярод другіх народаў, не пад кіраўніцтвам чужынцаў, а сваей беларускай улады. Гэты момант прыдзе, i мы з радасьцю зложым свае мандаты».

З успамінаў Вацлава Ластоўскага:

«Пётра меў дзіўную здольнасьць разгаварыць чалавека, які нават не хацеў слухаць нас. Прыязджаючы на перамовы, ён быццам агортваў сабою ўсё памяшканьне, і праз нейкі час самыя зацятыя скептыкі пачыналі ўсьміхацца і ківаць галавою: „А мо і праўду кажаце?“

Ён зьдзіўляў сваёй памяркоўнасьцю і тым, што ніколі не рабіў рэзкіх рухаў. Але толькі да таго моманту, пакуль ніхто не чапаў найгалоўнейшага — нашай незалежнасьці. Тут Крачэўскі быў, як скала».

04-pomnik.jpgНадмагілле Пётры Крачэўскага з Пагоняй. Праект. Фота: Архіў БНР

Публіцыст і літаратар

Чытаем у гісторыка Уладзіміра Арлова:

«Пяру Крачэўскага належаць паэтычныя й драматургічныя творы, але найперш ягоны талент гісторыка і літаратара выявіўся ў эсэ й артыкулах, прысьвечаных асобам і падзеям беларускай мінуўшчыны. У адным зь іх — эсэ «Скарына і незалежнасьць» — прэзыдэнт БНР напісаў словы, актуальнасьць якіх непадуладная часу: «Бяз мовы няма нацыі, без культуры — няма народу і ня можа быць Незалежнасьці, сваёй уласнай дзяржавы».

Апроч гэтага прэзідэнт Рады БНР стаў аўтарам драматычнай паэмы «Рагнеда». Аднак, на жаль, мала хто знаёмы з гэтым бокам дзейнасці дзяржаўнага дзеяча. Крачэўскі пакінуў пасля сябе не толькі палітычную спадчыну, але і інтэлектуальную — свае тэксты.

З успамінаў Язэпа Лёсіка:

«Сябраваў я з Пятром не так даўно, але зьдзіўляла, наколькі хутка мы знаходзілі супольную мову. Нярэдка яго ідэі здаваліся мне надта асьцярожнымі, але ён патлумачыў: «Мы ж хочам стварыць дзяржаву не на дзень, а на вякі, таму трэба ісьці асьцярожна, каб не затаптаць парасткаў».

У 1922 годзе, калі становішча здавалася проста роспачным, толькі аптымізм Крачэўскага не даў нам разваліцца канчаткова. Ён казаў: «Хто ведае, можа праз некалькі гадоў усё зьменіцца, але калі мы цяпер спынімся, то тады сапраўды нічога не будзе».

У 1935 годзе сучаснік Пятра Крачэўскага і паплечнік па «беларускім пытанні» Макар Краўцоў пісаў:

«Ліхія часы нядолі беларускай таксама мінуць, развеецца цемра народная, i вольны ды самастойны ў будучыні Беларускі народ успомніць свайго вернага сына, скончыўшага дні свайго жыцьця ў дабравольным выгнаньні, на зямлі братняга Чэскага народу.

Успомніць народ наш Пётру Крэчэўскага па-гаспадарску i дасьць яму дастойнае месца ў Пантэоне свае гісторыі».

06-piotra.jpgПётр Крачэўскі. Магіла ў Празе. Фота: сацыяльныя сеткі

Макар Краўцоў сапраўды меў рацыю, і ад нас залежыць, каму заставацца ў народнай памяці сярод лепшых дзяцей нашай краіны.

«Нацыянальная справа» — гэта не толькі пра палітыку ці вялікія словы, а найперш пра штодзённую працу, дзе кожны крок, кожная сустрэча, кожнае слова вельмі істотнае.

Цяжка пераацаніць значэнне асобы Пятра Крачэўскага для беларускай гісторыі. Ён не быў, можа, самым гучным і радыкальным лідарам, не ствараў бліскучых прамоваў, як некаторыя іншыя палітыкі таго часу. Але была ў ім пэўная «ціхая моц», якая дазваляла яму, з аднаго боку, слухаць розныя думкі, а з іншага — няўхільна весці лінію да незалежнасці Беларусі.

Павал Хадзінскі, budzma. org