Прэзентацыя новага дыска з песнямі на вершы вілейскага паэта Івана Лашуткі пройдзе ў пятніцу, 5 чэрвеня, у Палацы культуры. Намеснік дырэктара Палаца Алена Холадава расказала “РГ”, што дыск быў запісаны ў Мінску па ініцыятыве дырэктара Цэнтра мастацкай творчасці дзяцей Таццяны Захарыч. У Вілейку яго прывезлі 3 чэрвеня. Мерапрыемства, якое пройдзе ў пятніцу, – не толькі прэзентацыя дыска, але і вечар памяці паэта. Песні на яго вершы спяюць вілейскія кампазітары Аляксандр Высоцкі і Леанід Гайчук, выступіць народны калектыў аўтарскай песні “Элегія”, прагучаць вершы, якія не пакладзеныя на музыку. Чакаецца прыезд з Мінска саліста ансамбля “Сябры” Сяргея Герасімава і кампазітара Уладзіміра Ткачэнкі.